Кіраўнікі Нямеччыны, Францыі і Італіі збіраюцца наведаць Кіеў – медыі


Паводле інфармацыі «Bild am Sonntag», канцлер Нямеччыны Оляф Шольц збіраецца яшчэ да саміту «Вялікай сямёркі» ў канцы чэрвеня здзейсніць з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і прэм’ер-міністрам Італіі Мар’ё Драгі супольную паездку ў Кіеў.

Эманюэль Макрон и Оляф Шольц.
Фота: politnavigator.net

Паводле інфармацыі выдання, Макрон хацеў бы паехаць пасля парламенцкіх выбараў у Францыі, што адбудуцца 12 чэрвеня. Ён жа прапанаваў узяць з сабой прэмʼер-міністра Італіі.

Шольц, Макрон і Драгі збіраюцца сваім супольным візітам зрабіць акцэнт на еўрапейскай згуртаванасці. Але невядома, ці падтрымліваюць яны прыняцце Украіны ў Еўразвяз.

Таксама адкрытым застаецца пытанне, ці гатовыя лідары трох краінаў даць абяцанні пра далейшыя пастаўкі зброі. Раней Шольц заявіў, што ён паедзе ў Кіеў толькі тады, калі «размова будзе ісці пра канкрэтныя рэчы».

Hавiны
«Або ратаваць твар Пуціна, або жыцці ўкраінцаў»: Польшча і Літва крытыкуюць Францыю і Нямеччыну
2022.06.10 23:11

Раней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда раскрытыкаваў «Старую Еўропу» за жаданне даць Пуціну выйсці з вайны ва Украіне, захаваўшы твар:

«Мяне дзівяць усе тыя перамовы, што цяпер вядуцца з Пуціным. Канцлер Шольц, прэзідэнт Эмануэль Макрон. Гэтыя размовы без карысці. Што яны робяць? Яны толькі ўзаконьваюць асобу, адказную за злачынствы, учыненыя расейскім войскам ва Украіне. Ён нясе за гэта адказнасць. Ён пастанавіў увесці туды войска. Яму падпарадкоўваюцца камандзіры. Уладзімір Пуцін.

Хто-небудзь так размаўляў з Адольфам Гітлерам падчас Другой сусветнай вайны? Хтосьці сказаў, што Адольф Гітлер мусіў захаваць твар? Што мы мусім дзейнічаць так, каб не прынізіць Адольфа Гітлера? Я не чуў такіх галасоў».

З падобнай крытыкай выступіла і лідарка Літвы Інгрыда Шыманіце.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў