Фінляндыя не будзе далучацца да NATO асобна ад Швецыі


Прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ заявіў, што яго краіна не будзе далучацца да блоку NATO асобна ад Швецыі, паведамляе NRK. Краіны разам падалі заяўку на сяброўства ў Альянсе, аднак праз супярэчнасці з Турэччынай, пашырэнне блоку пад пытаннем.

Сцягі Фінляндыі і НАТА.
Фота: Vitalii Vodolazskyi / Shutterstock.com

Пра гэта Нійністэ заявіў у нядзелю падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром Альянсу Енсам Стольтэнбэргам.

«Я скажу, што выпадак Швецыі – гэта наш выпадак. Гэта значыць, што мы будзем ісці далей разам», – сказаў прэзідэнт Фінляндыі.

Ён таксама адзначыў, што прэтэнзіі Турэччыны да Фінляндыі і Швецыі наконт нібы падтрымкі тэрарыстаў яго здзівілі.

«Нас здзівіла пазіцыя Турэччыны, але ў міжнароднай палітыцы мы павінны сур’ёзна ставіцца да таго, што гаворыць іншы бок. Так мы і будзем рабіць. Я спадзяюся, мы знойдзем рашэнне, якое ўсіх задавальняе», – дадаў Нійністэ.

Напярэдадні паведамлялася, што Фінляндыя адмовілася выконваць умовы Анкары для далучэння да NATO. Турэччына накіравала запыт экстрадаваць людзей, якіх турэцкі ўрад абвінавачвае ў сувязях з тэрарыстамі.

Hавiны
Фінляндыя і Швецыя падалі заяўкі ў NATO
2022.05.18 10:35

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў