Беларусаў, якія адкрылі бізнес за мяжой, падтрымалі грашыма


Free Belarus Business Award
Прэзідэнт ABBA Яўген Буры віншуе Анастасію Валасевіч, сузаснавальніцу познаньскай кавярні «My» («Мы»), падчас узнагароджання пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 траўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) вызначыла пераможцаў прэміі «Бізнес вольнай Беларусі». Пяць кампаніяў з беларускімі каранямі атрымалі па пяць тысячаў еўраў. Спонсарам узнагароды стаў Еўразвяз, яшчэ адну намінацыю грашыма падтрымаў сустваральнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер.

За ўзнагароды першай прэміі, абвешчанай ABBA дзеля падтрымання беларускіх бізнесоўцаў, якія пасля 2020-га апынуліся за мяжой, выказаліся жаданне пазмагацца 70 кампаніяў з розных сфераў – ад будаўнічых прадпрыемстваў да бухгалтарскіх кабінетаў і дызайнерскіх бюро.

Пасля просьбы запоўніць анкету засталося чатыры дзясяткі, з якіх міжнароднае журы абрала фіналістаў. Дзеля бесстароннасці арганізатары паклікалі ў камісію толькі адну беларуску – Паліну Прысмакову з Флорыдскага атлантычнага ўніверсітэту.

«Гэта не быў конкурс стартапаў, – распавяла Прысмакова падчас цырымоніі. – У адказах анкеты мы шукалі, па-першае, наколькі бізнес – беларускі, а ягоныя каштоўнасці супадаюць з каштоўнасцямі ABBA як асацыяцыі. Па-другое, наколькі бізнес этычны».

Free Belarus Business Award
Доктар філасофіі з Флорыдскага атлантычнага ўніверсітэту Паліна Прысмакова тлумачыць крытэрыі вызначэння пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 траўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Да фіналу дабраліся 12 кампаніяў, сярод якіх былі лагістычная, праектант адзення і распрацоўнік мабільнага прыкладання пра аюрведу. Пераможцамі сталі платформа тэлемедыцыны PigPug для дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (ЗША), анімацыйная студыя з Вільні, кветкавая інтэрнэт крама з Эстоніі, кавярня з польскай Познані і клінінгавая платформа «CleanWhale».

Узнагароду «CleanWhale» ўручаў беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які патлумачыў, што для беларускіх фірмаў цяпер надзвычай важныя дзве рэчы: выйсці на міжнародныя рынкі і застацца беларусамі ды захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, каб падтрымаць беларускую справу.

Неўзабаве літара «A» у назве Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой не будзе патрэбная, а беларусы вернуцца на Радзіму і працягнуць сваю справу там, дадаў Самсонаў.

У сваёй асабістай партнёрскай намінацыі Павел Лібер абраў медыка-касметалагічны кабінет, адкрыты беларусамі ў Польшчы.

Паводле словаў віцэ-прэзідэнткі ABBA Марыны Гірын, заявак з Польшчы журы атрымала найбольш.

Free Belarus Business Award
Вядоўца Дзяніс Дудзінскі і віцэ-прэзідэнтка ABBA Марына Гірын падчас абвяшчэння пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 траўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Чалец журы Якуб Дрождж з Інстытуту эканамічнай дыпламатыі прызнаўся «Белсату», што такі сталы прырост фірмаў з беларускім капіталам – як грашовым, гэтак і людскім – стаў асабліва назірацца пасля запуску Польшчай праграмы Poland Business Harbour, спачатку прысвечанай Беларусі, а пазней і іншым краінам за ўсходняй мяжой.

«Беларусы хутка інтэгруюцца з польскім грамадствам. Яны вывучаюць правілы вядзення бізнесу, вельмі хочуць тут працаваць і сустракаюць прыязных палякаў, якія ім дапамагаюць. Што патрэбна беларусам? Напэўна, спецыяльныя праграмы, якія будуць дапамагаць пазнаваць польскае права, сістэму падаткаў і тое, як можна хутка перанесці бізнес у Польшчу, – кажа ён.

Ян Лісіцкі

Стужка навінаў