У Беларусі зноў пераследуюць ксяндзоў за «экстрэмізм»


У Беларусі працягваецца ціск на святароў Каталіцкага Касцёлу. Ксяндза Андрэя Кеўліча з Горак аштрафавалі на 640 руб. Пра гэта ён паведаміў у Facebook. Ксяндза Анджэя Бульчака з Паставаў выклікаюць 13 траўня ў суд за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Хрысціянская візія».

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Зембін, Менская вобласць, Беларусь. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Яшчэ ў красавіку міліцыянеры склалі на Андрэя Кеўліча пратакол за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падставай для пераследу стаў рэпост з сайту, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Суд ажно некалькі разоў пераносіўся, але ў выніку святара ўсё-такі аштрафавалі. Кеўліч будзе вымушаны сплаціць 640 руб.

Таксама праваахоўныя органы пераследуюць ксяндза з Паставаў Анджэя Бульчака. Яго зноў выклікаюць 13 траўня ў суд за антываеннае відэа, размешчанае на YouTube-канале парафіі. Праблемы паўсталі праз відэаролік «Ліст», у якім у выглядзе ліста хрысціянкі сваім сябрам у Польшчу тлумачыцца, што беларусы насамрэч выступаюць супраць вайны ва Украіне і пратэстуюць. На адным з фотаздымкаў пратэстаў, якія дэманстраваліся ў відэа, быў лагатып тэлеканалу «Белсат», прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, а таксама бел-чырвона-белыя сцягі.

Беларускі ксёндз Анджэй Бульчак ёсць грамадзянінам Польшчы. У выніку пагрозы пераследу ён вымушаны быў выехаць з Беларусі.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў