Праз санкцыі Захаду беларускі тытунёвы рынак прыпыняецца «на перакур»

У гандлёвых кропках Беларусі знікаюць некаторыя маркі цыгарэтаў. Курцы сутыкнуліся з тым, што асартымент тытунёвых вырабаў у крамах істотна скараціўся. Некаторыя ж цыгарэты пасля нядоўгага знікнення зноў ёсць на паліцах, але якасць іх стала значна горшаю.

Ілюстрацыйнае фота. Фота: Uznayvse.ru

Яшчэ ў сярэдзіне красавіка прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас сустрэчы са сваім расейскім калегам Міхаілам Мішусціным паскардзіўся, што заходнія санкцыі супраць Менску значна пераўзыходзяць санкцыі супраць Масквы. Галоўчанка пералічыў, што забарона на продаж закранула машынабудаванне, дрэваапрацоўку, будаўнічыя матэрыялы, хімію, нафтахімію і тытунёвую галіну.

І ў выніку наступствы санкцыяў пачынаюць адчуваць беларусы. У крамах знікаюць некаторыя тавары. У шматлікіх гандлёвых кропках курцы не могуць набыць тытунёвых выбараў. Гаворка вядзецца галоўным чынам пра маркі вядомых заходніх карпарацыяў.

З’явяцца цыгарэты «Кепт» і «Ра!! Ма!!»? Што стане з ГТФ пасля сыходу «British American Tobacco»

Масавы сыход з Расеі і Беларусі ўласнікаў тытунёвых марак

Яшчэ летась кампанія «British American Tobacco» (вядомая маркамі цыгарэтаў «KENT», «Rothmans», «Vogue», «Lucky Strike» і «Pall Mall») заявіла, што праз санкцыі ЗША спыняе супрацу з Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман». Да канца 2021 года беларускі вытворца працаваў на запасах прадукцыі. А пазней цыгарэты BAT наагул зніклі з паліцаў гандлёвых кропак. Праз некаторы час курцы зноў змаглі купіць «KENT» і «Pall Mall». Вось толькі спажыўцы звярнулі ўвагу, што якасць цыгарэтаў значна пагоршылася. Пры гэтым «Rothmans», «Vogue» і «Lucky Strike» так і не вярнуліся на беларускі рынак.

Нягледзячы на тое што якасць тытунёвых вырабаў стала горшаю, цэны на цыгарэты выраслі і працягваюць расці.

Цікава, што складанасці на беларускім рынку тытунёвых вырабаў узнікаюць пасля таго, як заходнія кампаніі абвяшчаюць пра сыход або наагул сыходзяць з расейскага рынку. Яшчэ на пачатку года з Расеі сышла кампанія «Philip Morris» (выпускае цыгарэты марак «Marlboro», «LM», «Bond Street», «Parliament», тытунёвыя стыкі для сістэмаў награвання «Iqos»). Кампанія «British American Tobacco» заявіла, што пакідае расейскі рынак, у сакавіку, а кампанія «Japan Tobacco» (вытворца цыгарэтаў «Winston», «Camel», «Sobranie» і «LD») заявіла пра сыход у красавіку.

Адпаведна з гэтымі заявамі знікаюць на паліцах беларускіх крамаў і адпаведныя маркі цыгарэтаў. Гэтак, у беларускіх крамах практычна немагчыма купіць «Marlboro» і «Parliament». У канцы красавіка зніклі цыгарэты «Winston» і «Camel».

«Раней пастаўнікі прывозілі вельмі вялікі асартымент цыгарэтаў. А цяпер пералік вельмі сціплы. У асноўным мы атрымліваем цыгарэты Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. І тое літаральна некалькі найменняў. Санкцыі даволі моцна закранулі вытворчасць гэтай галіны, прынамсі так нам тлумачаць пастаўнікі», – распавялі «Белсату» ў адной з гандлёвых кропак.

Беларускі тытунёвы рынак выходзіць «на перакур»

Цяпер у Беларусі існуюць тры буйныя вытворцы цыгарэтаў. Акрамя Гарадзенскай фабрыкі «Нёман» працуе менскі «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса ды Віктара Пятровіча і «Інтэр-Табака» падсанкцыйнага Аляксея Алексіна (апошняму належыць сетка шапікаў «Табакерка», эксклюзіўнае права на продаж прадукцыі ГТФ і выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны).

Пакуль ніводзін з вытворцаў не заявіў пра скарачэнне выпуску пэўных марак цыгарэтаў. Але іх адсутнасць на паліцах і так сведчыць пра складанасці ў галіне. Чыноўнікі раней казалі, што будуць шукаць пастаўкі тытуню з Азіі. На сайце ГТФ да гэтага часу пішуць, што тытунь, абсталяванне і паперу прывозяць з краінаў Еўропы.

Тым не менш сыравіна з Азіі значна адрозніваецца ад еўрапейскай у плане якасці. Горш стане таксама з фільтрамі для цыгарэтаў і пакаваннем.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

Раней выданне «Office Life» са спасылкаю на свае крыніцы паведаміла, што ў Беларусі чакаецца істотны перадзел тытунёвага рынку. Улады маюць намер прыняць новы закон, які абмяжуе колькасць гандляроў тытунёвымі вырабамі. Агулавы гандаль жадаюць засяродзіць толькі ў адной дзяржаўнай юрасобы, а раздробным гандлем атрымаюць права займацца толькі сеткі АЗС, «Табакеркі» і некаторыя дзяржаўныя крамы.

Пакуль пацверджання гэтай інфармацыі няма. Напрыканцы красавіка ў Беларусі набыў моц указ, паводле якога правы на імпарт тытунёвай сыравіны атрымалі ГТФ і «Тытунь-Інвест».

Варта памятаць, што Мінздароўя папярэджвае пра шкоднасць палення і заклікае пазбавіцца ад гэтай звычкі. Да таго ж складанасці з набыццём цыгарэтаў і іх кепская якасць ёсць добрай нагодай, каб перастаць паліць.

Беларусы выпальваюць каля BR 1,9 млрд на год

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны