«Pink Floyd» прыме ўдзел у дабрачынным анлайн-канцэрце ў падтрымку Украіны


16 чэрвеня адбудзецца дабрачынны анлайн-канцэрт «World Unite for Ukraine». Музычны марафон будуць трансляваць у больш чым 25 краінах свету. У ім возьме ўдзел гурт «Pink Floyd» і іншыя выканаўцы, а таксама вядомыя акторы, спартоўцы і іншыя знакамітасці з Канады, Еўропы, Ізраілю і ЗША. Мэта канцэрта – сабраць 10 мільёнаў долараў дапамогі для Украіны.

Афіша “World Unite With Ukraine”.
Фота: cdn.shopify.com

Сабраныя сродкі перададуць для дапамогі ўкраінцам, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз уварванне Расеі ва Украіну.

Трансляцыя канцэрта будзе ісці на сайце «Mandolin», а запіс падзеі будзе даступны на працягу мінімум 24 гадзін пасля яго. Гледачы атрымаюць доступ да трансляцыі пасля таго, як абяруць той ці іншы памер ахвяравання, якое і будзе платай за квіток. Мінімальны ўнёсак – 30 долараў.

Нагадаем, што ў мінулым месяцы «Pink Floyd» зноў аб’ядналіся, каб падтрымаць народ Украіны сваёй першай новай музычнай кампазіцыяй упершыню за амаль 30 гадоў. У «Hey Hey Rise Up» да Дэвіда Гілмара і Ніка Мэйсана далучыліся даўні басіст «Pink Floyd» Гай Прэт і Ніцін Соні на клавішных. Твор таксама быў адметны праз незвычайнае вакальнае выкананне Андрэя Хлыўнюка з украінскага гурта «Бумбокс».

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў