Зняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч за тыдзень да канца тэрміну перавялі ў СІЗА Магілёва


Журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі з Жодзінскага СІЗА ў Магілёў, паведамляе партал Tut.by. Гэта зрабілі за тыдзень да таго, як канчаецца ейны тэрмін утрымання пад вартаю, 19 траўня.

Верагодна, Кацярына выйдзе на волю з калоніі ў Гомлі, куды накіроўваюць упершыню асуджаных жанчын. Пакуль жа яна часова застаецца ў СІЗА Магілёва.

Кацярына Барысевіч.
Фота: TUT.BY

Журналістку затрымалі 19 лістапада 2020 года і ўвесь гэты час трымалі ў СІЗА – спачатку ў Менску, затым у Жодзіне.

Кацярыну Барысевіч судзілі за разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Паводле версіі Генпракуратуры, гэта «павышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзянаў да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».

У выніку суда Кацярыну асудзілі на паўгода пазбаўлення волі і штрафам Br 2900.

Hавiны
Генпракуратура лічыць прысуд Кацярыне Барысевіч занадта мяккім і хоча яго змяніць
2021.03.12 13:11

Таксама вінаватым у справе прызналі доктара БХМД Арцёма Сарокіна. Ён атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і выйшаў на волю пасля абвяшчэння прысуду. Абое асуджаныя віну не прызналі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў