Заляцаўся да акторак, падчас спектакляў бавіўся ў тэлефоне. Дырэктар Опернага тэатру – выхадзец з БРСМ Вячаслаў Гарбузаў


Новым дырэктарам Нацыянальнага тэатру оперы і балету Беларусі прызначылі Вячаслава Гарбузава, паведамілі на старонках тэатру ў сацыяльных сетках 12 траўня. На дзень раней аб прызначэнні паведамляў Фонд культурнай салідарнасці.

Вячаслаў Гарбузаў.
Фота: Большой театр Беларуси / vk.com

Вячаслаў Гарбузаў паходзіць з Пружанаў, вучыўся на гістарычным факультэце Берасцейскага ўніверсітэту імя Пушкіна. Працаваў у БРСМ у 2002–2009 гадах, потым – на розных пасадах у Берасцейскім аблвыканкаме ў 2009–2017 гадах. Са снежня 2017-га быў генеральным дырэктарам Берасцейскага тэатру драмы. Адзін з падначаленых новага дырэктара тады параўнаў ягонае з’яўленне ў тэатры з прыходам слана ў пасудную лаўку. Гарбузаў забараніў падначаленым размаўляць з журналістамі.

Фонд культурнай салідарнасці вінаваціць Гарбузава ў тым, што на мінулай пасадзе ён «неаднаразова парушаў Дырэктыву № 1 на тэрыторыі тэатру і асабліва падчас гастроляў» (гаворка пра дырэктыву 2004 года пра бяспечныя ўмовы працы і супраць п’янства на працоўным месцы), «заляцаўся да акторак», падчас спектакляў «бавіўся ў тэлефоне», але «намагаўся выконваць функцыі і дырэктара, і мастацкага кіраўніка», а таксама «імкнуўся ўзяць пад кантроль прафсаюзны бюджэт», «загадаў набываць туалетную паперу і мыла для тэатру за кошт работнікаў тэатру».

Выканаўчы дырэктар Фонду культурнай салідарнасці Аляксандр Чахоўскі кажа «Белсату», што асабіста знаёмы з Гарбузавым, бо працаваў прадзюсарам у Берасцейскім тэатры. Ён перакананы, што Гарбузаў «будзе кіраваць тэатрам так, як Маркевіч кіруе Міністэрствам культуры», і калі Гарбузаў прыйшоў на пасаду дырэктара Берасцейскага тэатру, то «нічога не ведаў пра тэатр, поўны нуль».

«Адпаведна, відавочна, што ён нічога не ведае і не разумее ў балеце ды оперы», – рэзюмуе Чахоўскі.

Мінулы дырэктар Опернага тэатру Аляксандр Пятровіч прабыў на пасадзе два гады. За гэты час з тэатру звольнілі галоўную канцэртмайстарку Рэгіну Саркісаву, галоўнага дырыжора Вячаслава Воліча, спевака Іллю Сільчукова, дырыжора Андрэя Галанава, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну.

АА belsat.eu

Стужка навінаў