Вайна ў Святой Зямлі. Чым закончыцца новы выбух?

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

11 траўня палестынскія баевікі здзейснілі масавы ракетны абстрэл гарадоў Ізраілю. У адказ узброеныя сілы Ізраіля нанеслі ўдары па сотнях цэляў у сектары Газа.

Як развіваўся канфлікт з ужо амаль 100-гадовай гісторыяй? Чаму ён зноў абвастрыўся?

Ад рымлянаў да ААН

Габрэі жылі на тэрыторыі сучаснага Ізраіля з другога тысячагоддзя да Раства Хрыстовага, аднак войны з рымлянамі ў пачатку 1 тысячагоддзя НЭ радыкальна змянілі сітуацыю для юдэйскага насельніцтва на Бліжнім Усходзе. З вялікай даволі кампактнай групы насельніцтва яно пераўтварылася ў раскіданую па Еўропе, Азіі і паўночнай Афрыцы меншасць, якая часта рабілася ахвярай пераследу.

Лічыцца, што Ізраіль першы раз згадваецца ў тэксце на старажытнаегіпецкай стэле Мернептаха: «Ізраіль спустошаны, яго семя няма». Крыніца wikipedia.org

Сітуацыя пачала змяняцца ў 19-м і пачатку 20 стагоддзя, калі паўстанне еўрапейскіх нацыянальных рухаў, у тым ліку беларускага, закранула і габрэяў. Узнік габрэйскі нацыянальны рух – сіянізм, які абвяшчаў патрэбу вяртання на зямлю Ізраіля для стварэння незалежнай габрэйскай дзяржавы.

Пачалося масавае перасяленне габрэяў у былы і будучы Ізраіль, якое дадаткова падштурхнулі Другая сусветная вайна і Халакост. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю арабаў, якія складалі тут вялікую частку, калі не большасць, насельніцтва ўжо сотні год.

Вайна за вайной

Канфлікты і сутычкі разгараліся ўсё мацней, таму ў 1947 годзе ААН прыняла план падзелу Палестыны на дзяржаву для габрэяў і дзяржаву для арабаў. Першыя пагадзіліся з планам ААН, а другія – не. У наступным годзе была абвешчаная незалежнасць Ізраіля, у адказ на што ваенны саюз арабскіх дзяржаў пачаў інтэрвенцыю. У вайне перамаглі лепш арганізаваная і мабілізаваныя войскі Ізраіля.

Як ААН планавала падзяліць Палестыну на 2 дзяржавы. Крыніца wikipedia.org.

Падчас вайны зноў адбыліся маштабныя дэмаграфічныя змены – арабы масава пакідалі тэрыторыі, на якіх раней жылі. Адбывалася гэта як паводле загадаў арабскіх лідараў, гэтаксама і ў выніку адчування небяспекі з боку ізраільскіх фармаванняў. На памежных тэрыторыях – у сектары Газа, на Заходнім беразе ракі Іярдан, суседніх землях Лівана, Сірыі, Іярданіі – узніклі вялікія перанаселеныя анклавы арабскага насельніцтва. Іх у звычайнай мове і сталі называць палестынцамі, каб адрозніць ад насельніцтва іншых арабскіх краін, а таксама ад грамадзян Ізраіля арабскага паходжання.

У наступныя дзесяцігоддзі ледзь не кожныя некалькі год адбываліся ўсё новыя войны, у якіх навакольныя арабскія дзяржавы з дапамогай СССР спрабавалі ўзяць рэванш, аднак кожны раз цярпелі паразу ад ізраільскай арміі, якая стала самай эфектыўнай і матываванай ваеннай машынай рэгіёна. Межы Ізраіля ў выніку кожнага канфлікту паступова пашыраліся.

Ізраільскія танкі падчас Шасцідзённай вайны, 1967 г. Крыніца wikipedia.org

Паступова такія дзяржавы як Іярданія, Егіпет адмовіліся ад канфрантацыі з Ізраілем, больш за тое, іх больш сталі турбаваць радыкальныя палестынскія ўзброеныя групоўкі, якія пачалі ствараць небяспеку для ўнутранай стабільнасці. У Ліване напады палестынскіх баевікоў на Ізраіль у мірны час прывялі да ўвядзення ў краіну ізраільскіх войскаў, а потым і да крывавай грамадзянскай вайны ў Ліване.

Спробы мірнага вырашэння канфлікту кожны раз не мелі заўважнага поспеху.

Мур, ракеты і танкі

2000-я гады фактычна прывялі да новага статус-кво ў рэгіёне – Ізраіль адмежаваўся сцяной ад тэрыторыяў, якія былі пакінутыя пад кантролем палестынцаў. Сектар Газа патрапіў пад фактычную ўладу ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкі Хамас. Заходні бераг Іярдану застаўся пад уладай міжнародна прызнанай Палестынскай аўтаноміі.

Уваход ізраільскіх танкаў у сектар Газа ў 2014 год. Крыніца Сілы абароны Ізраіля.

Пабудаваны ізраільцянамі мур рэзка зменшыў страты ад тэрарыстычных атакаў супраць Ізраіля, у выніку баевікі з сектара Газа сталі выкарыстоўваць масавыя ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ізраіля як метад нанесці хоць нейкую шкоду. Звычайна сотні няякасных і недакладных ракетаў, якія запускаюцца з Газы, забіваюць максімум некалькі выпадковых чалавек.

У адказ ізраільская авіяцыя наносіць моцныя ўдары па меркаваных аб’ектах тэрарыстаў, а ў выпадку асабліва моцнага абвастрэння – уводзіць у сектар Газа наземныя войскі. Гэта адбывалася ў 2008-2009 гадах, у 2012 годзе і ў 2014 годзе.

Чарговая эскалацыя

Новы этап гвалту пачаўся ў гэты панядзелак, калі адбыліся сутыкненні паміж палестынцамі і ізраільскай паліцыяй у Іерусаліме, у тым ліку на тэрыторыі мячэці Аль-Акса. Менавіта гэтыя сутыкненні баевікі ў сектары Газа вызначылі як нагоду для масіраванага ракетнага абстрэлу.

Сістэма ізраільскай супрацьракетнай абароны перахоплівае ракеты з сектара Газа. Крыніца Сілы абароны Ізраіля.

Верагодна, калі авіяцыйнага адказу будзе недастаткова, і гвалт не спыніцца ў бліжэйшыя дні, то Ізраіль зноў будзе ўводзіць наземныя войскі ў сектар Газа, каб максімальна ліквідаваць базы тэрарыстаў і запасы іхнай зброі.

З іншага боку, ракетныя абстрэлы і рост гвалту могуць выкарыстоўвацца як нагода да новых перамоваў адносна палестына-ізраільскага канфлікту з удзелам ЗША, бо адкрыта праізраільскі прэзідэнт Дональд Трамп пакінуў сваю пасаду, а адміністрацыя новага прэзідэнта Джо Байдэна можа займаць у значнай ступені іншую пазіцыю ў гэтым супрацьстаянні.

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў