Упершыню за 26 гадоў газета «Intex-press» не выйшла ў друкаванай версіі


Баранавіцкая газета «Intex-press» не выйшла ў друкаванай версіі ўпершыню за 26-гадовую гісторыю існавання. А ўсё праз тое, што выдавецтва «Беларускі дом друку» паведаміла пра скасаванне дамовы на друк штотыднёвіку.

Друкаваная версія газеты «Intex-press».
Фота: Intex-press / Вконтакте

У непрацоўны і выходны дзень 9 траўня рэдакцыя атрымала электронны ліст ад Беларускага дому друку, у якім апавясціла, што «ў аднабаковым парадку» скасоўвае дамову на аказанне сваіх паслуг.

Ліст з тыпаграфіі да рэдакцыі «Intex-press».
Фота: intex-press.by

Прычыны адмовы кіраўніцтва друкарні не пазначыла. У канцы афіцыйнага ліста было напісана: «Просім прабачэння і спадзяёмся на паразуменне».

Галоўны рэдактар газеты Уладзімір Янукевіч звярнуўся да чытачоў і выказаўся наконт забароны друкавання газеты, адзначыўшы, што гэта было зроблена «па-садысцку дасканала»:

«Што да прычынаў такога ціску на нас, то няма тут нічога, што трэба было б разжоўваць або ў чымсьці капацца. Усё настолькі цынічна, пахабна і адначасова зразумела: гэта сістэмнае рашэнне пра зачыстку непадкантрольнага СМІ, якое рызыкуе адстойваць права людзей на свабоду меркаванняў, свабоду іх выказвання і распаўсюду».

Цяпер газета будуць выдаваць у электронным варыянце, пакуль не знойдзецца новая друкарня. Выпускі газеты можна будзе спампаваць на сайце intex-press.by.

Праблемы ў рэдакцыі з’явіліся пасля публікацыі 14 красавіка інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскай. Размова з экс-кандыдаткаю на прэзідэнцтва трапіла пад жорсткі прэсінг з боку ўладаў і 30 красавіка была ўлучаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта, на думку галоўнага рэдактара, і сталася падставаю для жорсткага прэсінгу на рэдакцыю.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў