У Магілёве пачаўся закрыты суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»


У Магілёўскім абласным судзе 12 траўня пачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць Паўла Севярынца і яшчэ шасцярых палітычных вязняў: Ірыны Шчаснай, Максіма Вінярскага, Змітра Казлова, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча і Паўла Юхневіча – актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

Усіх іх вінавацяць паводле некалькіх частак артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»).

Артыкулы
Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Што трэба ведаць пра гучную справу
2021.05.12 08:00

Вядома, што суд над палітвязнямі будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе. Гэта патлумачылі тым, што матэрыялы справы нібыта адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон.

Адвакаты палітвязняў звязаныя падпіскаю пра неразгалошванне і не могуць распавесці пра сутнасць абвінавачання ды пазіцыю сваіх падабаронных.

За 20 хвілінаў да пачатку працэсу з будынку суда міліцыянты прагналі ўсіх ахвочых падтрымаць палітычных вязняў, паведамляюць праваабаронцы. Усяго да суда прыйшлі каля 40 асобаў.

Міліцыя патрабуе разысціся людзям, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.
Фота: MAYDAYhr / Telegram

Пасля міліцыя запатрабавала ад людзей, якія прыйшлі падтрымаць палітычных вязняў, адысці ад будынку суда, бо гэта можа быць расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Калі на месца прыбыў АМАП, людзі пастанавілі адысці ад суда на супрацьлеглы бок дарогі.

Карэспандэнт «Белсату» на месцы перадае, што ля будынку суда затрымалі журналіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з «Deutsche Welle». Таксама паведамляюць пра затрыманне журналіста Уладзіміра Лапцэвіча і каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў