Ці Віктар можа стаць наступным Лукашэнкам на чале Беларусі? Інтэрв’ю з аўтарам кнігі «Беларускі снайпер»


«Беларускі снайпер» – гэта палітычны трылер, які з’явіўся ў кнігарнях Польшчы. Героі кнігі рызыкуюць уласнымі жыццямі, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі. Інтэрв’ю з Лешэкам Шэрэпкам, з аўтарам кнігі, доктарам гістарычных навук, амбасадарам Польшчы ў Беларусі ў 2011–2015 гадах. Дыпламат распавядае ў якую пастку трапіў Аляксандр Лукашэнка, што можа быць пасля яго і ацэньвае ці тое што робіць беларускі дыктатар супярэчыць інтарэсам Расеі?

Кніга адразу прыцягвае ўвагу вокладкаю: спалучэннем бел-чырвона-белых колераў, фрагмент карціны Марка Шагала, які паходзіць з Беларусі, унізе – спалены аўтамабіль. Вокладка нясе нейкі сэнс, акрамя таго, каб прыцягнуць увагу? Што яна азначае?

Вокладка кнігі Лешэка Шэрэпкі “Беларускі снайпер”

Пра гэта трэба спытаць графіка: ён прыдумаў, а я сказаў, што згодны. Я думаю, вокладка прыцягвае ўвагу і звязаная з Беларуссю. У агульных рысах яна перадае сэнс таго, што ёсць у кнізе.

У Беларусі ёсць контраверсійная прымаўка, што Беларусь выратуе толькі снайпер. Кніга пра гэтага снайпера?

Мне цяжка сказаць. Назва звязаная з тым, што галоўны герой займаецца гэтаю прафесіяй, так што паглядзім, што ён далей будзе рабіць. На гэты момант магу толькі гэта сказаць.

Я зразумеў з кнігі, што тут змяшаныя рэальныя падзеі, сведкам часткі якіх вы былі ці ведалі людзей асабіста. Вы памянялі прозвішчы герояў, але яны вельмі лёгка чытаюцца. Дайман – Віктар Шэйман, Павел Шэмет – Павел Шарамет, Лукавы – Лукашэнка. Але ёсць асобы, якіх я не магу распазнаць. Напрыклад, Алег Прыбылоўскі – фіктыўны вобраз ці сапраўдная асоба?

Гэта героі раману. У гэтым жанры трэба трымацца. Напэўна, беларусам лёгка зразумець, хто ёсць хто. У Польшчы не так лёгка. Гэта зусім іншая рэч для палякаў і Захаду. Я хацеў напісаць кнігу ў гэтым жанры, бо для мяне гэта большая свабода. Калі пішаце навуковую працу ці нават эсэ, трэба мець крыніцы, каб абараніць усе тэзы. Я хацеў паказаць беларускую рэчаіснасць, асэнсаваць яе. Калі яе асэнсаваць, то лепш разумееш, у якім асяроддзі жывеш. Часам бывае, што чалавеку збоку, як я, лягчэй зразумець, што адбываецца, чым тым, хто ўнутры.

Калі б не было падзеяў мінулага лета і восені, беларускай рэвалюцыі, ці напісалі б вы гэтую кнігу?

Такія кнігі не пішуцца цягам аднаго дня. Ідэя ўзнікла яшчэ тады, калі я быў амбасадарам. Я шукаў прыдатныя падзеі. Галоўным штуршком была смерць Паўла Шарамета. Я думаў, як паказаць яго на фоне эпохі і таго, што вакол адбываецца. Напэўна, калі б я сёння гэтым займаўся, то крыху па-іншаму гэта зрабіў, бо ў гэтай кнізе не да канца накрытыя рэчы з’яўляюцца. А пасля таго, як мы апошнія некалькі месяцаў назіралі за тым, што адбываецца (рэжым стаў яшчэ больш рэпрэсіўным), напэўна, я б яшчэ больш крута паказаў дзеянні сістэмы.

Вы шматгадовы аналітык у Цэнтры ўсходніх даследаванняў, урадавага аналітычнага цэнтру ў Варшаве. Між іншым некалькі месяцаў таму вы напісалі артыкул у часопісе «Новая Усходняя Еўропа» пад назваю «Паслязаўтра». Гэта спроба аналізу, што можа быць пасля Лукашэнкі. Я пачытаў гэты тэкст. Самы важны момант, мне падаецца, – вы апісваеце пастку, у якую трапіў Лукашэнка. Ці маглі б вы расказаць, што гэта за пастка?

Самая галоўная – напэўна, што ён падумаў, быццам ён усёмагутны, што для яго няма альтэрнатывы, што ён самы разумны, што ён робіць дабро ўсім. І ёсць такая рыса характару: калі чалавек занадта доўга ва ўладзе, ён думае, што ён найлепшы, і не прыдумляе сабе іншай ролі ў грамадстве. У артыкуле самае галоўнае – мы можам казаць, што будзе пасля Лукашэнкі. Бо яшчэ 10 гадоў таму ніхто пра гэта не думаў. Цяпер відаць, што ён не вечны. Трэба думаць, што рабіць далей.

Я звярнуў увагу: калі дыктатура занадта доўгая, калі ў яе велічэзныя карані, потым з дыктатуры вельмі цяжка выйсці. Можа быць, гэта праблема і Беларусі, бо Лукашэнка ва ўладзе 26 гадоў, амаль ужо 27. Гэта своеасаблівая ўлада, тыпова аўтарытарная. Я звярнуў увагу, што ў Беларусі ў рэчаіснасці не маюць занадта вялікага досведу дэмакратыі. Складана сказаць, як яны цяпер ва ўмовах дэмакратыі будуць дзейнічаць. Лёгка будзе прыйсці ў нейкі тупік і вярнуцца да мінулага. Выбраць ізноў такога дыктатара, які будзе за нас развязваць усе пытанні. Дэмакратыя – гэта перш за ўсё адказнасць. Вельмі мала людзей гатовыя ўзяць на сябе адказнасць. Вы памятаеце, што напісаў Фром? «Уцёкі ад свабоды». Гэта назіралася ў многіх краінах і можа быць праўдаю для Беларусі. Трэба ўжо цяпер думаць, як разабрацца з Беларуссю, якая будзе пасля Лукашэнкі. Мне цяжка сказаць, калі гэта будзе. Але гэта ўжо аглядная будучыня.

Hавiны
Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі: Лукашэнка – частка «русского мира»
2020.02.27 14:07

Як вы разумееце планы Лукашэнкі: ён хоча застацца ва ўладзе максімальна ці ўсё ж перадаць пераемніку?

Я думаю, што ён хацеў бы да канца застацца ва ўладзе. У яго на сумленні цяжкія рэчы: ён асцерагаецца, што, калі не будзе мець улады, будзе адказваць за іх. Цяжка сказаць, што ён канкрэтна хацеў бы рабіць, напэўна, ён думае аб прыкладзе Азербайджану. Пры захаванні фармальнай дэмакратыі ёсць эластычны метад перадачы ўлады спадчынніку.

Віктар Лукашэнка можа стаць наступным Лукашэнкам на чале Беларусі?

Я кажу, што можа быць хто-небудзь з сям’і або бліжэйшага атачэння, каму Лукашэнка давярае, хто не падвядзе яго. Як у свой час Ельцын давяраў Пуціну, што можна перадаць яму ўладу, і ён будзе трымаць слова. Я б не звяртаў увагі на канстытуцыйныя планы: гэта ўсё будзе рабіць Лукашэнка, і ён зробіць так, каб было добра яму, а не народу.

Апошняе пытанне пра Пуціна. Ці супадаюць планы ды інтарэсы Пуціна з планамі Лукашэнкі? Пуцін хоча таго ж, што і Лукашэнка, ці аднак у яго іншыя планы на Беларусь?

Тое, што робіць Лукашэнка, не супярэчыць інтарэсам Расеі. Дзякуючы гэтаму ён так доўга трымаецца ва ўладзе. Ён робіць тое, пра што Расея думае ў доўгатэрміновай перспектыве. Мы ўвесь час гаворым пра тое, калі Беларусь улучаць у склад Расеі. Гэта сведчанне таго, што Лукашэнка на працягу ўсёй сваёй улады не зрабіў нічога, каб такі варыянт выключыць. Ён у рэчаіснасці зацірае мяжу паміж расейцамі і беларусамі. Ён пастаянна паўтарае, што беларусы – гэта расейцы са знакам якасці. Для Расеі ён зручны. Але ён занадта доўга ва ўладзе, у яго многія рычагі, ён дасведчаны, занадта моцны партнёр для Расеі. Напэўна, калі б прыйшоў новы чалавек, які павінен толькі будаваць сваю сістэму ўлады, Расеі гэта было б зручней. Не думаю, што Расея рызыкне дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі, каб прыбраць Лукашэнку. Гэта немагчыма. Але калі будзе прыдатны выпадак, яны могуць ім скарыстацца.

Інтэрв’ю запісалі 6 траўня 2021 г. для праграмы «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

 

Стужка навінаў