Традыцыйная ўкраінская выцінанка «Міс Украіна» апынулася працай беларускай майстрыцы


Дызайнеры «Міс Украіна» стварылі адмысловы ўбор для ўкраінскай прыгажуню Лізаветы Ястрэмскай. Але пасля прэзентацыі сукенкі высветлілася, што нібыта нацыянальны ўбор для конкурсу «Душа-Выцінанка» створаны насамрэч народным майстрам Беларусі Лізаветай Чырвонцавай. Аўтарка выцінанкі кажа, што парушылі яе аўтарскія правы.

«Міс Украіна» Лізавета Ястрэмская, якая прадставіць 16 траўня Украіну на конкурсе «Міс Сусвету» ў Маямі апублікавала фотаздымкі ўбора для конкурса «Душа-Выцінанка». Дызайнеры пазіцыянуюць сукенку з традыцыйнай украінскай выцінанкай.

Выцінанка ўкраінскай прыгажуні, якую стварыла Лізавета Чырвонцава.
Фота: Лізавета Ястрэмская / instagram

Але ў аснове сукенкі аўтарская выцінанка беларускі з Маладзечна, народнага майстара Беларусі па выцінанцы Лізаветы Чырвонцавай. Стваральніца выцінанкі распавяла «Белсату», што з ёй не ўзгаднілі выкарыстанне яе працы.

«Дызайнер Наталля Шаўчук звязалася са мной і сказала, што выцінанку знайшла ў інтэрнэце (у вольным доступе), аўтара яны шукалі, але не знайшлі. Яшчэ сказала, што спадабалася мая творчасць. Я спытала, чаму не звярнуліся да сваіх украінскіх майстроў для супольнай працы, і пра кампенсаванне выкарыстання маёй выцінанкі (ідэі і часткі твора). Адказаў, на жаль, больш не атрымала», – кажа Лізавета Чырвонцава.

Народны майстар кажа, што аспрэчваць надзвычай складана, бо гэта трэба рабіць на тэрыторыі Украіны.

«Наколькі я ведаю, аўтарскае права абараняецца ў іншых краінах. Ведаю, што ўкраінскія майстры былі абураныя сітуацыяй, але прызнаюць, што ва Украіне, Беларусі пакуль складана з аўтарскімі правамі», – дадае Лізавета Чарвонцава.

СК belsat.eu

Стужка навінаў