Польшча падтрымае даследаванні пераследуемых навукоўцаў з Беларусі


Нацыянальны цэнтр даследаванняў і распрацовак аб’яўляе новы конкурс «Салідарнасць з навукоўцамі», накіраваны на падтрымку даследчых праектаў з удзелам вучоных з Беларусі, – гаворыцца ў паведамленні НЦДР. Конкурс праводзіцца пры супрацоўніцтве з Нацыянальным агенцтвам акадэмічных абменаў.

Як паведамляе Цэнтр, новы конкурс для падраздзяленняў, ужо задзейнічаных у працы Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў «Салідарнасць з навукоўцамі», – гэта магчымасць для развіцця міжнароднага навуковага супрацоўніцтва і больш эфектыўнага выкарыстання навукова-даследчага патэнцыялу польскіх і беларускіх навукоўцаў.

Конкурс стаў вынікам пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам даследаванняў і распрацовак і Нацыянальным агенцтвам акадэмічных абменаў, падпісанага ў снежні мінулага года.

Hавiны
«Салідарныя з Беларуссю». Стыпендыяльныя праграмы для студэнтаў і навукоўцаў
2020.10.15 18:55

Паводле звестак Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў, дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву навукоўцы, якія атрымлівалі стыпендыі для навуковых прац у польскіх універсітэтах і навукова-даследчых інстытутах, змогуць ажыццяўляць уласныя даследчыя праекты ў галіне польскай навукі і вышэйшай адукацыі.

У аб’яве паведамляецца, што НЦДР выдзеліў 6,25 млн злотых (каля 1,65 млн долараў) для фінансавання праектаў у конкурсе. Прыём заявак будзе доўжыцца з 5 траўня да 30 ліпеня гэтага году. Вынікі можна чакаць у чацвёртым квартале 2021 года. Фінансаванне можа быць выкарыстана для правядзення фундаментальных даследаванняў, прамысловых даследаванняў і эксперыментальных распрацовак.

З-за спецыфікі конкурсу пададзеныя заяўкі павінны адносіцца да адной з выбраных дысцыплін: інжынерна-тэхнічная, прыродазнаўства, медыцына і медычныя навукі, сельская гаспадарка, сацыяльныя і гуманітарныя навукі. Каб заахвоціць польскіх і беларускіх навукоўцаў да супрацоўніцтва, дадатковыя тэматычныя абмежаванні не ўводзіліся.

У паведамленні НЦДР падкрэсліў, што развіццё сферы міжнароднага супрацоўніцтва ў цяперашні час з’яўляецца адным з прыярытэтаў. З мэтай больш эфектыўнай падтрымкі навукоўцаў і наватараў на міжнароднай арэне, і ў прыватнасці для рэалізацыі праектаў у рамках праграмы «Гарызонт Еўропа», Цэнтр ужо распачаў шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку стварыў Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва, абʼяднаў намаганні з Нацыянальным каардынацыйным цэнтрам і адкрыў офіс у Бруселі.

Конкурс «Салідарнасць з навукоўцамі». Крыніца: nawa.gov.pl

Згодна з паведамленнем, міжнароднае супрацоўніцтва ў НКДР шматгранна. У залежнасці ад тыпу рэалізаваных ініцыятыў яго можна падзяліць на: ERA-NET (партнёрства ў рамках праграм ЕЗ), іншыя шматбаковыя ініцыятывы, двухбаковае супрацоўніцтва, а таксама праграмы, якія фінансуюцца нарвежскімі фондамі і сродкамі Еўрапейскай эканамічнай прасторы. У агульнай складанасці Нацыянальны цэнтр даследаванняў і распрацовак прыняў удзел у 102 ініцыятывах, вынікам якіх стала амаль 1000 праектаў, агульны кошт суфінансаванне якіх перавысіў 1,1 млрд злотых (290 млн долараў). НКДР абвяшчае ў сярэднім 30 спаборніцтваў у год, агульны бюджэт складае прыблізна 100 мільёнаў злотых.

Нацыянальны цэнтр даследаванняў і распрацовак з’яўляецца дзяржаўным органам выканаўчай улады, які падтрымлівае праекты, якія накіраваны на эканамічнае і сацыяльнае развіццё. Праз гранты і іншыя механізмы дапамогі, у тым ліку фонды венчурнага капіталу, фінансуюць навукова-даследчыя праекты прадпрыемстваў і навуковых падраздзяленняў, а таксама ўніверсітэцкую дзейнасць, накіраваную на павышэнне якасці адукацыі і развіццё тэхналагічных кампетэнцый. Штогадовы бюджэт навуковых даследаванняў і распрацовак складае 1 мільярд еўраў, і на цяперашні час гэта найбуйнейшы цэнтр падтрымкі развіцця навукі і эканомікі ў краіне.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў – урадавая ўстанова, якая падпарадкоўваецца Міністру адукацыі і навукі, выступаючы за інтэрнацыяналізацыю польскай навукі, падтрымлівае міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і акадэмічныя абмены. Агенцтва было створана ў кастрычніку 2017 года і з таго часу запусціла больш за 20 праграм падтрымкі навукоўцаў, устаноў польскай навукі і сістэмы вышэйшай адукацыі, прапаноўвае стыпендыі для замежных студэнтаў на навучанне ў Польшчы і прасоўвае польскую мову і культуру ва ўсім свеце.

pj/belsat.eu wg PAP

Стужка навінаў