Паміж Ізраілем і Палестынай абвастрыўся канфлікт, які прывёў да ўзаемных ракетных абстрэлаў


У аўторак, 11 траўня, цэнтральныя гарады Ізраілю, у тым ліку Тэль-Авіў, зазналі масавы абстрэл ракетамі з тэрыторыі сектару Газа. За дзень выпусцілі больш за 200 ракетаў, перадае ТАСС.

Канфлікт паміж Ізраілем і Палестынай.
Фота: Khalil Hamra / AP Photo

Паводле палестынскага інфармацыйнага парталу, 100 ракетаў былі выпушчаныя ў бок ізраільскага гораду Бээр-Шэва. Яшчэ 110 ракетаў – у бок Тэль-Авіву і аэрапорту «Бэн Гур’ён».

Супрацьракетнай сістэме Ізраілю «Жалезны купал» не ўдалося перахапіць іх усе. Паводле апошніх звестак, з боку Ізраілю загінулі тры жанчыны, каля ста чалавек па ўсёй краіне параненыя. Усяго з пачатку супрацьстаяння па тэрыторыі Ізраіля былі выпушчаныя каля 1000 ракетаў. Адказнасць за абстрэлы ўзялі на сябе радыкальныя групоўкі «Хамас» і «Ісламскі джыхад».

Ізраільскія вайскоўцы ў адказ паразілі 140 вайсковых цэляў на тэрыторыі прыморскага палестынскага анклаву. У Міністэрстве аховы здароўя Палестыны паведамілі пра 22 загінулых пасля ізраільскіх удараў.

«Больш за 200 ракетаў выпушчаныя з сектару Газа па розных гарадах Ізраілю за ноч з густанаселеных раёнаў сектару Газа, каля траціны з іх упалі на тэрыторыі самога сектару, дзясяткі былі перахопленыя. У адказ Армія абароны Ізраілю за 12 гадзінаў з пачатку аперацыі паразіла каля 140 вайсковых цэляў радыкалаў у сектары, а таксама зліквідавала каля 15 аператыўнікаў груповак «Хамас» і «Ісламскі джыхад», – сказаў прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Ёнатан Канрыкус.

Армія абароны Ізраілю апублікавала кадры знішчэння шматпавярховага будынку ў сектары Газа, дзе размяшчалася выведка «Хамасу». У выніку авіяўдару былі зліквідаваныя начальнік выведкі ды ягоны намеснік.

Абвастрэнне палесцінска-ізраільскага канфлікту пачалося з беспарадкаў ва Усходнім Ерусаліме, які кантралюецца Ізраілем. Закалоты пачаліся пасля рашэння суда, які пастанавіў выселіць мясцовых жыхароў арабскага паходжання са сваіх дамоў. Тады, паводле розных звестак, пацярпелі не менш за 270 асобаў.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў