Дзень без перамогі

Сістэма імкнецца ператварыць любое масавае мерапрыемства, свецкае ці рэлігійнае, у знак свайго палітычнага трыумфу, знак заканчэння ўнутранага супрацьстаяння, з якога Лукашэнка выйшаў пераможцам. Вонкава ўсё гэта выглядае як жалобная цырымонія, у якой праглядаецца заняпад аўтарытарнай дзяржавы, адсутнасць хоць крыху выразнай і прадуманай стратэгіі на доўгатэрміновую перспектыву.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Святы ў аўральным рэжыме пры максімальнай мабілізацыі рэсурсаў мусяць прадэманстраваць, што дзяржава яшчэ функцыянуе, што яна эфектыўная і жыццяздольная.

Відавочна, што кіроўная эліта не думае пра развіццё краіны, усе палітычныя і сацыяльныя актывы задзеяныя на выжыванне. Практычна ў кожным выступленні Лукашэнкі, у кожным ягоным палітычным дзеянні адчуваецца стомленасць і свайго роду палітычная асуджанасць. Ён вельмі хацеў бы выглядаць пераможцам, але, нягледзячы на ўсе намаганні ідэолагаў і прапагандыстаў, аўра паразы ў ягоных паводзінах дамінуе. І чым больш інфармацыйных ды іншых сродкаў затрачваецца на тое, каб зліквідаваць наступствы выбарчага правалу 2020 года, тым больш адчувальным становіцца яго эфект для сістэмы.

Меркаванні
Еўрапейская стрыманасць. Чаму ЕЗ не гатовы да доўгатэрміновай палітыкі ціску на Лукашэнку
2021.05.05 12:20

У некаторай ступені можна сказаць, што «выбарчая кампанія» працягваецца. Выяўляецца гэта ў тым, што грамадства штодня прымушаюць прыняць той факт, што Лукашэнка – прэзідэнт, прымушаюць браць удзел у штодзённых рытуалах падпарадкавання і згоды насуперак веры і перакананням людзей, а гэта спараджае зусім іншую рэакцыю – абурэнне.

Паражэнчыя настроі, адсутнасць канструктыўнага парадку (а яго не можа быць ва ўмовах тэрору), тупік, у які зайшлі ўлады, выразна выявіліся ў рыхтаванні і падпісанні Дэкрэту аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, якім прадугледжваецца механізм пераходу ўлады да калектыўнага вайсковага органу кіравання ў выпадку гібелі Лукашэнкі.

Той факт, што дакумент падпісаны 9 траўня, у Дзень Перамогі, павінен падкрэсліць, што «вайна», хай толькі палітычная, з вонкавымі сіламі, працягваецца. Нездарма ў дакуменце згадваецца «вонкавая агрэсія». Больш за тое, асоба Лукашэнкі пададзеная як «найвышэйшая каштоўнасць», якая наўпрост звязваецца з існаваннем дзяржаўнага ладу і суверэнітэту краіны. І ў гэтым выпадку барацьба з рэжымам Лукашэнкі ўяўляецца як дзейнасць, накіраваная на падрыў незалежнасці Беларусі і разбурэнне дзяржавы.

Ацэньваючы сэнс гэтага дакументу, варта зрабіць упор на два важныя моманты. Першае: Лукашэнка не збіраецца саступаць сваю ўладу, а значыць, мае намер кіраваць, пакуль у стане перасоўвацца. Таксама гэта сведчыць пра тое, што палітычныя рэпрэсіі ў краіне будуць заставацца базавым інструментам кіравання. Дэкрэт жа павінен надаць ідэалагічны імпульс узмацненню далейшага кантролю і ціску на грамадства.

Меркаванні
Аперацыя «Кансервы»–2021. Навошта Пуцін казаў пра «змову» супраць Лукашэнкі
2021.04.21 18:50

Другі элемент, на маю думку, найбольш істотны: фармаванне структуры калектыўнага лідарства і калектыўнай адказнасці. Не выключана, што падзеі 2020 года падарвалі не толькі палітычныя пазіцыі Лукашэнкі, але таксама сур’ёзна адбіліся на стане ягонага псіхічнага і фізічнага здароўя. Ён ужо не можа аднаасобна кіраваць краінай і забяспечваць сваё стабільнае кіраванне, асабліва ва ўмовах крызісу. Далейшы лёс рэжыму Лукашэнкі залежыць толькі ад лаяльнасці і эфектыўнасці ягонага найбліжэйшага атачэння.

Дэкрэт ёсць рэалізацыяй прынцыпу наўпроставага сукіравання дзяржаваю, не абмежаванага ніякімі прававымі ды інстытуцыйнымі межамі.

Найвышэйшае кола чыноўнікаў і вайскоўцаў (якія ўтрымалі Лукашэнку ва ўладзе) перастае быць тэхнічным персаналам і выканаўцамі даручэнняў Лукашэнкі, яны становяцца паўнавартаснымі сукіраўнікамі, дзейнасць якіх накіраваная на захаванне іхнай улады. Лукашэнка, які страціў падтрыманне насельніцтва, перастаў успрымацца нават унутры наменклатуры як народны самаўправец, які ніколі не лічыўся з меркаваннем і пазіцыяй свайго атачэння.

Меркаванні
Аперацыя «Масква»
2021.04.15 17:19

У выніку крызісу 2020 года атачэнне Лукашэнкі стала адзінаю крыніцай ягонай улады. Ён больш не можа апеляваць да грамадскай любові, адпаведна, груз нелегітымнасці і антыканстытуцыйнасці павінен размеркавацца па элементах усёй сістэмы, як і адказнасць за ўтрыманне ўлады.

Іншымі словамі, кіраваць краінай аднаасобна Лукашэнка ўжо не ў стане.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў