Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі 12 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 12 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Мясцовыя жыхары праходзяць каля пашкоджаных будынкаў у Марыупалі, 10 красавіка 2022 года.
Фота: V Ictor / Xinhua News Agency / Forum

У Офісе генеральнага пракурора Украіны паведамілі, што з пачатку вайны ва Украіне загінулі 186 дзяцей. Больш за 344 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Агулам, паводле ўстановы, пацярпелі больш за 530 дзяцей. Таксама ў выніку бамбаванняў і абстрэлаў расейскімі ўзброенымі сіламі разбураныя 938 навучальных установаў, 87 з іх былі знішчаныя цалкам.

У гэты ж час Генеральны штаб ЗСУ назваў свежыя лічбы стратаў асабовага складу расейцаў з пачатку вайны: цяпер гэта каля 19,6 тысячы чалавек.

Начальнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў заявіў, што Расея плануе тэракты на ўласнай тэрыторыі, каб абвінаваціць у іх Украіну. Паводле яго, гэтыя тэракты будуць пададзеныя як помста ўкраінцаў за Бучу і Краматорск, а таксама як апраўданне жорсткасці да цывільнага насельніцтва Украіны.

Жанчына ідзе побач з пашкоджанаю падчас абстрэлу царквой у вёсцы Лукашоўка. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў ёй расейская армія трымала сваіх параненых салдатаў. Лукашоўка, Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў справе правоў чалавека Людміла Дэнісава заявіла, што ўжо задакументаваныя некалькі выпадкаў згвалтаванняў у Бучы. З ейных словаў, расейскія вайскоўцы падчас акупацыі гораду рэгулярна гвалтавалі каля 25 дзяўчат і жанчын векам ад 14 да 24 гадоў, якіх змясцілі ў сутарэнне аднаго з дамоў. Дзевяць з іх цяпер цяжарныя. Генеральная пракуратура Украіны пачала расследаванне.

Полк «Азоў» паведаміў у Telegram, што ўвечары 11 красавіка ў Марыупалі расейскія войскі выкарысталі супраць украінцаў невядомае атрутнае рэчыва. Яго скінулі з беспілотніка. У пацярпелых назіраюцца дыхальная няздатнасць і вестыбула-атактычны сіндром.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра хімічную зброю і пагрозу яе выкарыстання ва Украіне
2022.04.12 18:32

Брытанская вайсковая выведка паведаміла, што расейскія войскі, якія пакідаюць тэрыторыю Беларусі, будуць пераведзеныя на ўсход Украіны. У ведамстве зазначаюць, што цягам двух-трох тыдняў чакаецца ўзмацненне баёў на Данбасе.

Разам з тым намеснік Генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ выказаў меркаванне, што другі этап вайны ва Украіне непазбежны і будзе больш маштабны ды крывавы.

У Расеі затрымалі былога дарадцу Уладзіміра Пуціна Уладзіслава Суркова. Гэта можа быць наступствам чыстак у расейскіх спецслужбах, якія правалілі стварэнне «пятай калоны» ва Украіне. Нагадаем, што Суркоў быў адным з ідэолагаў праекту «Новороссия» і куратарам украінскага кірунку працы Крамля.

Акрамя гэтага, паведамляюць, што ў расейскім ФСБ пачаліся чысткі. Імаверная прычына некарэктныя звесткі пра сітуацыю ва Украіне напярэдадні ўварвання, следствам чаго стаўся поўны правал пуцінскага бліцкрыгу. Паводле папярэдніх звестак, ад працы адхіленыя ўжо каля 150 супрацоўнікаў спецслужбы, а кіраўніка аддзелу вонкавай выведкі ФСБ РФ Сяргея Бяседу ўзялі пад варту.

Hавiны
Медыі: У Гомельскі РНПЦ зноў прывезлі расейскіх вайскоўцаў з прыкметамі радыяцыйнага апраменьвання
2022.04.12 17:13

Выданне «Флагшток» паведаміла, што на тэрыторыю РНПЦ Гомля прывезлі параненых расейскіх вайскоўцаў з прыкметамі радыяцыйнага апраменьвання. Паводле крыніцы, на гэты момант у РНПЦ застаюцца 22 вайскоўцы РФ. Як мінімум два маюць сімптомы радыяцыйнага апраменьвання. Яны цяпер на спецыялізаваным абследаванні. Імаверна, што гэта тыя жаўнеры, якія «рылі акопы» ў Рудым лесе каля Чарнобыльскай АЭС.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў