Забойства Рамана Бандарэнкі: што вядома пра гэта злачынства праз пяць месяцаў?


Роўна пяць месяцаў таму, 12 лістапада 2020 года, у рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. За дзень да таго невядомыя напалі на Рамана на плошчы Пераменаў, затрымалі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС, адкуль яго ў стане непрытомнасці забрала карэта хуткай. Belsat.eu распавядае, што вядома пра акалічнасці гэтага злачынства на сённяшні дзень.

Забойства за бел-чырвона-белую стужку

Раман Бандарэнка з сябрамі. Фота з сацсетак

Здарэнне, якое пацягнула за сабой смерць Рамана Бандарэнкі, адбылося ўвечары 11 лістапада на плошчы Пераменаў – у двары на вуліцы Чарвякова ў Менску. Група невядомых людзей у цывільным і масках прыехала туды зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, развешаныя на пляцоўцы. Мясцовых жыхароў, сярод якіх быў Раман Бандарэнка, гэта абурыла. Паводле відавочцаў, падчас слоўнай сваркі адзін з людзей у масцы звярнуўся да Бандарэнкі: «Ты чаго борзы такі?» Бандарэнку адштурхнулі, да яго падбеглі невядомыя ў цывільным, скруцілі і завалаклі ў мікрааўтобус.

Бандарэнку завезлі ў УУС Цэнтральнага раёну, адкуль яго ўначы забрала хуткая дапамога. Лекары дыагнаставалі цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і ацёк мозгу. Не прыходзячы ў прытомнасць увечары 12 лістапада Бандарэнка памёр.

Ініцыятыва «ByPol» сцвярджае, што Бандарэнку затрымалі ў 22:19, а даставілі ў Цэнтральны РУУС толькі ў 22:58, хаця ад плошчы Пераменаў да пастарунку ехаць каля трох хвілінаў. Выданне «Медиазона», прааналізаваўшы камеры відэаназірання, прыйшло да высновы, што мікрааўтобус з Бандарэнкам зʼехаў з плошчы Пераменаў толькі ў 22:55. У РУУС Раман трапіў ужо без прытомнасці: амапаўцы занеслі яго ў будынак, трымаючы за рукі і за ногі, і паклалі каля акна аператыўнага дзяжурнага. Такім чынам, Бандарэнка атрымаў смяротныя траўмы да таго, як яго перадалі ў РУУС.

Журналісты TUT.by звярнулі ўвагу, што перад пагрузкай у мікрааўтобус Раман мог ударыцца галавой: на відэа бачна, як адзін з невядомых у масках, што нясуць Бандарэнку, раптам прыпадымае яго і кідае аб зямлю. Аднак ёсць сведчанні, што Бандарэнку збівалі і ў мікрааўтобусе.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

«Неабыякавыя грамадзяне» з атачэння Лукашэнкі

Трагедыю на плошчы Пераменаў МУС з самага пачатку ахарактарызавала як «канфлікт поглядаў»: маўляў, адныя вешаюць бел-чырвона-белыя стужкі, а іншыя «неабыякавыя грамадзяне» спрабуюць «аднавіць парадак». Гэтак сама ацаніў смерць Бандарэнкі і Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што толькі ў Менску створаныя каля 500 дружынаў, якія зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі і зрываюць сцягі. Лукашэнка паскардзіўся, што ягоныя апаненты хочуць нібыта штучна выкарыстаць смерць менчука для крытыкі ўладаў.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

«Я адмыслова за содні ўзяў статыстыку загінулых: два чалавекі ў ДТЗ загінулі, забойства – адзін чалавек і цяжкія цялесныя з наступнай смерцю – адзін чалавек. Скажыце, 2 + 1 + 1, акрамя гэтай смерці, – гэта што, не загінулыя людзі? Загінулыя. Ну, а чаму пра іх ніхто не кажа сёння?» – заявіў ён журналістам 13 лістапада.

Лукашэнка падчас хакейнага турніру разам з Дзмітрыем Баскавым.
Фота: president.gov.by

Між тым, медыі адразу заўважылі, што сярод тых, хто зразаў стужкі на плошчы Пераменаў, былі людзі, падобныя да кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава і на неаднаразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту. Баскаў – гэта асоба, якая ўваходзіць у блізкае атачэнне Лукашэнкі. Кіраўнік ФХБ трэнуе ягоную хакейную каманду, быў асабістым трэнерам Мікалая Лукашэнкі. Баскаў неаднаразова з’яўляўся побач з Лукашэнкам і ягоным сынам на афіцыйных і неафіцыйных імпрэзах. Таму Лукашэнка быў вымушаны апраўдвацца перад замежнымі журналістамі і заяўляць пра недатычнасць да справы Бандарэнкі «людзей, якія бліжэйшыя да прэзідэнта».

Дзмітрый Баскаў.
Фота: hockey.by

Аднак падазрэнні наконт Баскава і Шакуты вельмі хутка атрымалі новыя пацвярджэнні. 18 лістапада ў сеціве апублікавалі тэлефонную размову двух мужчынаў, якія ўдзельнічалі ў канфлікце з Раманам Бандарэнкам на плошчы Пераменаў і абмяркоўвалі дэталі здарэння. Пазней незалежная экспертыза, якую замовіў TUT.by, пацвердзіла, што галасы на запісы належаць Шакуту і Баскаву.

Дзмітрый Шакута.
Фота: sport.tut.bу

У прыватнасці, Шакута падчас размовы кажа, што Бандарэнку яны «не вырубалі», а перадалі сілавікам і занеслі ў мікрааўтобус, калі той быў у свядомасці. А ўжо тыя яго «подмолаживали», што на жаргоне азначае збівалі. «І як яны маглі яго без прытомнасці, б, перадаць у, б…, РУУС?» – абураўся на запісе Шакута.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: Наталля Фядосенка/ TASS / Forum

Пазней у сеціве была апублікаваная тэлефонная размова Дзмітрыя Баскава і прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. З яе вынікае, Эйсмант і Баскаў неаднаразова рабілі рэйды ў пратэставыя двары, каб зразаць бел-чырвона-белыя стужкі і замалёўваць апазіцыйныя графіці. Прыкрыццё «элітнай народнай дружыны» ажыццяўлялася на ўзроўні кіраўніцтва сілавых структураў: называліся імёны Юрыя Караева, Івана Кубракова, Аляксандра Барсукова і Дзмітрыя Шахрая. Прычым Эйсмант на запісе сцвярджае, што Караеў даў дазвол групоўцы затрымліваць прыхільнікаў бел-чырвона-белай сімволікі. Акрамя таго, суразмоўцы абмяркоўвалі, ці браць на рэйды зброю.

Праз чатыры з паловай месяцы ў прапагандысцкім фільме ОНТ «Манкурты» было заяўлена, што размовы Эйсмант нібыта былі «інсцэнізацыяй КДБ», каб знайсці «здрадніка» сярод чэкістаў. Але ж людзі, падобныя да Эйсмант, Баскава і Шакуты, сапраўды былі заўважаныя падчас рэйдаў у пратэставыя раёны – напрыклад, уначы з 18 на 19 кастрычніка ў ЖК «Мегаполіс».

Калі агрэсіўныя дзеянні прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі пабачылі жыхары «Мегаполісу», яны пачалі абурацца, адбыўся канфлікт. Пасля гэтага ў «Мегаполіс» прыехалі амапаўцы і спецназ са зброяй. Гэты выпадак даказвае, што рэйды такіх «неабыякавых грамадзянаў» звычайна адбываюцца пад прыкрыццём сілавікоў.

Hавiны
«Спроба нацкаваць адну частку грамадства на іншую». Што трэба ведаць пра «народныя дружыны» Лукашэнкі
2020.12.17 07:00

Хто яшчэ меў дачыненне да забойства Бандарэнкі

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

Відавочцы ад самага пачатку звярталі ўвагу журналістаў на тое, што перад інцыдэнтам на плошчы Пераменаў з’явіліся некалькі мікрааўтобусаў, у якіх звычайна падчас акцыяў пратэсту перасоўваюцца сілавікі.

Паводле расследавання «ByPol», Бандарэнку пагрузілі ў мікрааўтобус байцоў Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР). Група складалася з капітана Сармана, старэйшага прапаршчыка Анцюфеева, прапаршчыка Буйкевіча, прапаршчыка Савенкі, а таксама старэйшага прапаршчыка Ціманоўскага на мянушку Цяж – дзейнага баксёра-цяжкавагавіка. Спецназаўцы, сцвярджаюць у «ByPol», непасрэдна ўдзельнічалі ў затрыманні Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Як вынікае з размовы Баскава і Шакуты, сілавікі працягвалі збіваць Бандарэнку ў мікрааўтобусе. Імаверна, пасля гэтага байцы СОБРу перадалі Бандарэнку амапаўцам, якія і завезлі яго ў РУУС.

Hавiны
Блізкі сябар Рамана Бандарэнкі: Ён хацеў пачаць жыццё з чыстага аркуша
2020.11.24 17:34

Сведкі і відэазапісы ўказваюць на тое, што канкрэтна ў нападзе на Бандарэнку на плошчы Пераменаў удзельнічаў Дзмітрый Шакута. Дзмітрый Баскаў быў на пляцоўцы, але пра яго непасрэдны ўдзелу ў канфлікце сведчанняў няма, адзначае TUT.by. Акрамя іх у групу «неабыякавых грамадзянаў», паводле інфармацыі «ByPol», уваходзілі прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, працаўніца БТ Ганна Эйсмант, чалец хакейнай каманды Лукашэнкі Павел Волчак і ягоная жонка, спявачка Жанэт.

Ганна Эйсмант спрабавала зняпраўдзіць інфармацыю пра тое, што яна была на плошчы Пераменаў падчас трагедыі: яна заявіла, што ў той момант вяла наўпроставы эфір на БТ. Аднак журналісты «Еўрарадыё» звярнулі ўвагу, што эфір Эйсмант закончыўся не пазней за 22:10, а ейны мабільны быў зафіксаваны ў раёне плошчы Пераменаў у 22:43 і 22:45 (група працягвала зразаць стужкі і пасля затрымання Бандарэнкі). Таму нават калі эфір Эйсмант сапраўды быў наўпроставы, гэта не супярэчыць высновам «ByPol» – з вуліцы Макаёнка да плошчы Пераменаў ехаць не больш за 20 хвілінаў.

Злачынства без пакарання

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: ВВ / Белсат

Праверка па факце смерці Рамана Бандарэкі была распачатая ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску 13 лістапада, аднак дзеянні ўладаў у гэтай справе адразу набылі тэндэнцыйны характар. Распавядаючы пра здарэнне на плошчы Пераменаў, сілавікі не хавалі сваіх сімпатыяў да тых, хто зразае стужкі, і мэтанакіравана ачарнялі памяць Рамана Бандарэнкі. Напрыклад, Следчы камітэт заявіў, што гэта мясцовыя жыхары, якія вешалі бел-чырвона-белыя стужкі, паводзіліся «агрэсіўна», а Раман Бандарэнка нібыта быў у стане алкагольнай інтаксікацыі.

Лукашэнка, каментуючы смерць Бандарэнкі, падкрэсліў, што бел-чырвона-белая сімволіка – «прафашысцкая і калабарацыянісцкая». «Уяўляеце, якое да гэтага стаўленне», – дадаў ён.

«Як мне далажылі, завязалася бойка, прытым бойка сурёзная. І хтосьці (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстоўцаў патэлефанаваў «карнікам» у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны падʼехалі, як звычайна, усе разбегліся. А гэты ці то траўмаваны быў, ці то што… у нецвярозым стане. Гэта прызнана. Заключэнне сёння падаў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў пʼяным. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. Яму стала дрэнна па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і накіравалі яго ў шпіталь», – заявіў Лукашэнка журналістам 13 лістапада.

Праверку па факце смерці Бандарэнкі Лукашэнка загадаў праводзіць Генеральнай пракуратуры, якая пад кіраўніцтвам Андрэя Шведа пераўтварылася ў адзін з асноўных органаў палітычнага пераследу.

На наступны дзень пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, 13 лістапада.
Фота: ТК / Белсат

Афіцынай версія ўладаў не вытрымлівае ніякай крытыкі. На шматлікіх відэа з плошчы Пераменаў добра бачна, што сілавікі забіралі Бандарэнку з плошчы Пераменаў не тады, калі «ўсе разбегліся». Наадварот, «неабыякавыя грамадзяне» самі дапамагалі затрымліваць Рамана. Пры гэтым больш ніхто затрыманы не быў. Акрамя таго, Раман Бандарэнка не быў у стане алкагольнага апянення, пра што сведчаць медычныя дакументы, якія трапілі ў медыі.

Крымінальная справа па факце смерці Бандарэнкі была ўзбуджаная толькі 18 лютага 2021 года – больш чым праз чатыры месяцы пасля ягонай смерці. Справу паводле ч. 3 арт. 147 («Наўмыснае прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула праз неасцярожнасці смерць чалавека») распачала Генеральная пракуратура. У прэс-рэлізе адразу падкрэслівалася, што працаўнікі органаў унутраных справаў да смерці Бандарэнкі дачынення не маюць.

Hавiны
Сястра Бандарэнкі пра пачатак крымінальнай справы: Спадзяюся, следства знайшло вінаватых у смерці брата
2021.02.18 10:46

Дагэтуль ніводны чалавек не быў затрыманы і прыцягнуты да адказнасці за смерць Рамана Бандарэнкі. Тыя ж, хто спрабаваў распавесці праўду пра забойства Рамана або пратэставаў супраць гэтага злачынства, зазналі пераслед.

Помста за праўду

Забойства Рамана Бандарэнкі выклікала хвалю абурэння ў беларускім грамадстве. Пасля таго, як стала вядома пра ягоную смерць, на месцы трагедыі сабраліся тысячы людзей, каб ушанаваць памяць Рамана. На наступны дзень акцыі памяці прайшлі па ўсёй краіне. На плошчы Пераменаў паўстаў народны мемарыял, але праз тры дні ён быў знішчаны сілавікамі.

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

18 лютага 2021 года суддзя Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі.

Кацярына Барысевіч у судзе. Першы дзень суда над журналісткай ТUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: радыё «Свабода» / Reuters

13 лістапада на партале TUT.by быў апублікаваны артыкул, дзе на падставе медычных дакументаў распавядалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. 19 лістапада былі затрыманыя аўтарка артыкулу, журналістка Кацярына Барысевіч і лекар шпіталю хуткай медычнай дапамогі Арцём Сарокін. Паводле Генпракуратуры, Барысевіч нібыта схіліла Сарокіна да разгалошвання медычнай таямніцы.

«Такія дзеянні прывялі да актыўнага абмеркавання і чарговага канфлікту ў грамадстве, накіраванага на падрыў даверу грамадзянаў да афіцыйнай інфармацыі і агулам – да праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады», – тлумачыў намеснік генпракурора Генадзь Дыско. Адначасова ўлады працягвалі настойваюць, што Бандарэнка быў п’яны.

2 сакавіка суддзя Святлана Бандарэнка пакарала журналістку Кацярыну Барысевіч рэальным тэрмінам – 6 месяцаў калоніі – і штрафам 2900 рублёў.

Суд над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Арцём Сарокін выйшаў з залы суда. Дом правасуддзя, Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

43-гадовага архітэктара Вадзіма Дзмітранка, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на плошчы Пераменаў 15 лістапада, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў 3 гадамі «хіміі». Сотні людзей за ўдзел у той акцыі былі затрыманыя і пакараныя адміністратыўным арыштам.

Hавiны
Суд агучыў вырак архітэктару Вадзіму Дзмітранку, якога моцна збілі сілавікі
2021.03.17 15:12

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў