У Менску судзяць 25-гадовага інжынера за наезд на пяцярых вайскоўцаў


У Менскім гарадскім судзе распачалі разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава. Паводле абвінавачвання, 11 жніўня хлопец на BMW наехаў на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў пра крадзеж машыны. За гэта інжынеру пагражае да 25 гадоў турэмнага зняволення, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Дзмітрый Цыкал распачаў разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага жыхара Менску Ціхана Восіпава. Інжынера БНТУ абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 14 і 362 («Замах на забойства вайскоўцаў»), ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках»), ч. 1 арт. 400 («Заведама хлуслівы данос»). Хлопцу пагражае да 25 гадоў турмы.

Ціхан Восіпаў.
Фота: «Наша Ніва»

Паводле абвінавачвання, 11 жніўня Ціхан Восіпаў быў за стырном свайго BMW, «ігнаруючы патрабаванні міліцыі, адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія былі ў форменным абмундзіраванні і бралі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

«Пацярпелым удалося пазбегчы цяжкіх наступстваў толькі дзякуючы фізічнай падрыхтоўцы і наяўнасці спецыяльнага экіпавання», – сцвярджае абвінавачванне.

Пасля наезду мужчына кінуў аўтамабіль у вадаёме, патэлефанаваў у 102 і заявіў аб згоне.

Віну Ціхан Восіпаў прызнаў толькі паводле ч. 1 арт. 400 КК («Заведама хлуслівы данос»). Паводле другіх артыкулаў – цалкам не прызнаў.

Пацярпелымі выступаюць кантрактнікі часткі 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя толькі Васільчанку – яго адвезлі ў шпіталь МУС. Астапенка і Воліс пасля наезду вярнуліся да працы. Васільчанка запатрабаваў кампенсаванне шкоды памерам 500 рублёў. Воліс і Астапенка – па 200 рублёў.

Аб’ектыў
10 год калоніі ўзмоцненага рэжыму за наезд на супрацоўніка ДАІ. Хроніка рэпрэсіяў 5 сакавіка
2021.03.05 22:43

СК belsat.eu

Стужка навінаў