«Нашая справа трохі павярнула свядомасць людзей». Размова з Любоўю Кавалёвай


Любоў Кавалева.
Фота: Вадим Рымаков / TASS / Forum

Любоў Кавалёва – мама асуджанага на смяротнае пакаранне Уладзіслава Кавалёва – на размову пагаджаецца не адразу. Кажа, за столькі гадоў сказала ўсё, што хацела, а зносіны з журналістамі даюцца складана. А калі ўсё ж пагаджаецца, просіць не пытацца пра сям’ю і пра іншых удзельніках рэзананснага працэсу.

У маленькай віцебскай кватэры мы размаўляем дзве гадзіны. У асяроддзі кніжных паліц і фотаздымкаў расстралянага Уладзіслава.

«Іншай я ўжо не буду»

– У вашым жыцці здарылася за гэтыя 10 гадоў нешта харошае?

– Здарылася. Унучак у мяне. Але я не хачу пра гэта размаўляць.

– Акрамя гэтага?

– Не, усё неяк так… Жывеш па накатанай і ўсё. Адзінае, чакаю. Чакаю, што нешта памяняецца. Я разумею: людзі ведаюць, што хлопцы не вінаватыя, што яны гэтага не рабілі. Але я хачу, каб іх афіцыйна рэабілітавалі.

– Якую самую вялікую змену ў сабе за 9 гадоў, якія прайшлі пасля расстрэлу, вы заўважаеце?

– Я стала больш разумець у гэтай сітуацыі. Думаць мне ніхто не забароніць. Да выпадку з Уладам я не цікавілася ні палітыкай, ні тым, што адбывалася ў краіне. А пасля ўсяго я зусім па-іншаму гляджу на рэчы. І іншай я ўжо не стану.

Hавiны
10 гадоў таму адбыўся выбух у метро. Ключавыя пытанні аб справе Канавалава і Кавалёва
2021.04.11 07:00

«Нашую справу адновяць»

– Вы неаднаразова казалі, што пры гэтай уладзе праўды дамагчыся не атрымаецца. А калі ўлада зменіцца, лічыце, што і стаўленне да расследавання гэтай справы зменіцца?

– Я на гэта разлічваю і спадзяюся. Калі зменіцца ўсё, нашую справу адновяць, бо там усё сфабрыкаванае ўладамі. Будзе магчымасць правесці новае расследаванне і даказаць невінаватасць нашых дзяцей. Пакуль нам не даюць такой магчымасці.

Жанчына трымае ў руках плакат з партрэтамі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва падчас пікету пратэсту супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ля амбасады ў Маскве, Расея. 27 сакавіка 2012 года.
Фота:Краснова Аляксандра / TASS / Forum

– А на якім этапе цяпер гэтая справа?

– А ні на якім, усё заціхла. Ды узгадваць амаль перасталі.

– А ў які момант усё заціхла? Ды якога года быў хоць нейкі рух?

– Першыя пяць гадоў, так, дакладна. Ну, можа, крыху больш за пяць гадоў яшчэ што-небудзь спрабавалі зрабіць, яшчэ кудысьці пісалі, звярталіся.

– А ўлады стваралі ў нейкі перыяд выгляд, што яны штосьці робяць?

– Было. Калі хлопцаў расстралялі ў 2012 годзе. Якраз гэта здарылася ў момант разгляду матэрыялаў крымінальнай справы. І калі з адвакатам мы ў Вярхоўны Суд завезлі гэтую наглядную скаргу, яны ў нейкі момант зрабілі выгляд, што яны яе вывучаюць. [На момант падачы нагляднай скаргі Уладзіслаў ужо мог быць расстраляны. – Рэд.] Насарэч яны проста пачакалі і потым адказалі, што ніякай справы аднаўляцца не будзе.

– Ці з’явілася за гэтыя 10 гадоў новая інфармацыя, якая б навяла вас на думкі, што справа можа быць перагледжаная і што ў будучыні можа стаць зразумела, што насамрэч адбылося?

– Інфармацыі выходзіла вельмі шмат і падчас працэсу і пасля. Я так думаю, што дзесьці нейкія дакументы ёсць. Бо людзі ж разумелі, што хлопцы невінаватыя, што іх падводзяць пад гэты артыкул расстрэльны. Калі нешта зменіцца, людзі будуць неяк сябе рэабілітаваць.

– Пра якіх людзей вы кажаце, хто павінен будзе сябе рэабілітаваць?

– Следчыя, той жа пракурор Швед, які фабрыкаваў гэтую крымінальную справу. Я думаю, час зменіцца, і ўсё стане на свае месцы. Але трэба час.

«Мы нічога не можам зрабіць»

– Ці лічыце вы, што ў 2011 годзе нейкім чынам можна было паўплываць на гэты прысуд?

– Напачатку была надзея на той жа Вярхоўны Суд. Але калі пачаўся працэс, ужо было зразумела, што мы нічога зрабіць не зможам, таму што гэта ўказанне зверху. Памятаеце, калі Лукашэнка сказаў: хуценька гэта ўсё разгледзець, прывесці прысуды. Ён два тыдні адводзіў на гэтую справу. А суд доўжыўся два з паловай месяцы.

Гэта мы цяпер разумеем, што ўсё было пад катаваннямі і збіццём. Нам паказвалі відэазапісы Дзімы Канавалава, калі ён нібыта прызнаваўся ў выбуху: ён не тое што казаць не мог, ён сядзець не мог. Ён быў да такой ступені скалечаны. Улад на першым жа пасяджэнні адмовіўся ад сваіх паказанняў і патлумачыў, што яны былі ўзятыя пад катаваннямі, што быў псіхалагічны ціск.

Улад адмовіўся ад паказанняў а 16-й гадзіне. Суддзя Федарцоў суд закрывае і пераносіць яго на панядзелак. І перад панядзелкам мы даведваемся, што Лукашэнка здымае міністра юстыцыі Галаванава. Усё ішло не так, як ён задумаў. Ён думаў, што яны хутка прызнаюцца, іх асудзяць…

Ратаўнікі ля ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая». Менск, Беларусь. 11 красавіка 2021 года.
Фота: Вадзім Рымакоў / TASS / Forum

Калі чыталі прысуд, тыя ж пацярпелыя крычалі: «Што вы робіце? Што вы робіце?» Калі б нармальная прававая дзяржава ў нас была, дэмакратычная, я думаю, што грамадзянская актыўнасць і грамадская думка маглі б штосьці змяніць. Але ў сённяшняй Беларусі, пакуль ва ўладзе адныя сілавікі, мы нічога не можам зрабіць.

– Зусім нічога?

– Я не ўпэўненая, што для мяне бяспечна адказваць на гэтае пытанне, давайце апусцім.

– Вы сказалі, што цяпер улады рэдка згадваюць пра гэты тэракт. З чым вы гэта звязваеце?

– На той момант, калі сітуацыя была напружаная, калі падаў беларускі рубль, калі не давалі крэдытаў, уводзілі санкцыі, трэба было штосьці зрабіць, каб адцягнуць увагу людзей. І здарыўся выбух.

– А зараз як вы ацэньваеце сітуацыю ў краіне?

– І цяпер такая ж. Паглядзіце, што адбываецца. Заводы стаяць, людзі на вуліцах, за рысай галечы многія, шмат хто з’язджае на заробкі, пакідаючы тут свае семʼі. Нічога не памянялася ў гэтай краіне, толькі горш і горш.

– Ці магчымы такі тэракт у сучаснай Беларусі?

– Цалкам магчыма. Ну, трэба неяк людзей супакоіць, трэба штосьці рабіць. Вы ж бачыце, людзі не супакойваюцца, людзі ўсё роўна ідуць. І ўжо не змяніць нічога.

Фота
Людзі нясуць кветкі к мемарыялу трагедыі на метро «Кастрычніцкая». Кіроўцы машын сігналяць у знак салідарнасці
2021.04.11 18:22

«Свядомасць людзей ускалыхнулася»

– Ці паўплываў неяк гэты расстрэльны прысуд на грамадства?

– На стаўленне да смяротнага пакарання. Калі ў дзень пакарання людзі выйшлі на плошчу, памятаеце, што там адбывалася? Свядомасць людзей трошкі ўскалыхнулася, і большая колькасць людзей была за адмену смяротнага пакарання. Нашая справа трохі павярнула свядомасць людзей.

– Але большасць беларусаў усё ж выступае за смяротнае пакаранне. Нават пасля расстрэльнага прысуду і катаванняў у дачыненні вашага сына і Дзімы Канавалава, нават пасля ўсяго таго, што адбылося ў 2020 годзе.

– Насамрэч людзі жорсткія. Здавалася, ужо столькі ўсяго перажылі. Я не ведаю, што павінна адбыцца, каб людзі ставіліся адзін да аднаго з павагай і літасцю.

У Беларусі згадваюць ахвяраў тэракту ў менскім метро на станцыі «Кастрычніцкая», які адбыўся 10 гадоў таму. Менск, Беларусь. 11 красавіка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Але за 10 гадоў вырасла новае пакаленне. Яно нейкае іншае?

– Іншае. Яны больш вольныя. Яны адстойваюць сваю пазіцыю, яны не баяцца выходзіць, не баяцца сядзець у турмах. Яны іншыя. І гэта добра. Не такія закамплексаваныя, як нашае пакаленне.

– Я часам размаўляю з людзьмі вашага ўзросту, і некаторыя з іх кажуць, што адчуваць асабістую віну за тое, што ў нас такая ўлада. Што ў свой час яны хадзілі на выбары, яны аддалі свой голас. Ці ёсць такое ў вас?

– На выбары я не хадзіла да 2006 года. У 2006 годзе маёй дачцэ было 18 гадоў, гэта былі ейныя першыя выбары. Мы галасавалі за Казуліна. Я магу зразумець, адкуль у людзей гэтае пачуццё віны. Але ў той час не было інтэрнэту, было толькі тэлебачанне і радыё, дзе з кожнага каналу нам вяшчалі: усе дрэнныя, усе карупцыянеры. «Я прыйду, я навяду, я ўсё зраблю». Думалі, свой, з народам. Вось ён і прыйшоў. Тады за яго прагаласавала вельмі шмат людзей. На першых выбарах дакладна ён перамог.

«Ужо наступіла тая мяжа»

– У размове з нашай журналісткай Кацяй Андрэевай вы сказалі, што лічыце Лукашэнку забойцам. За гэтыя гады нешта змянілася?

– Маё меркаванне не змянілася і не зменіцца. Я яшчэ сказала, што я б яго парвала сваймі рукамі, калі б у мяне была такая магчымасць.

– Каця сядзіць разам з яшчэ адной нашай журналісткай, Дар’яй. Сядзіць журналістка Каця Барысевіч. Сядзіць неймаверная колькасць людзей…

– Гэта жудасна, што адбываецца. Такім чынам яны спрабуюць людзей напалохаць, каб не выходзілі, бо яны не могуць нічога зрабіць з народам. Нягледзячы на гэтыя жахі, што сядзяць па столькі содняў, там жа і здзекуюцца з х, і асуджаюць на розныя тэрміны… Усё робіцца, каб запалохаць. Каб маўчалі і без пярэчання выконвалі ўсе.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

– Атрымлівацца запужаць?

– Я думаю, што не. Ужо наступіла тая мяжа, калі трыванню прыходзіць канец.

– Вы доўга спрабавалі дабіцца змянення артыкулу пра тое, што целы прысуджаных да смяротнага пакарання не аддаюць родным. Ці змаглі вы хоць нейкім чынам зрушыць гэтую справу з мёртвага пункту?

– Не, яны спасылаюцца на артыкул 185 або 184 КК, дзе прапісана, што пакараныя не выдаюцца сваякам. Я не разумею, чаму. Я так думаю, што яны замятаюць сляды свайго злачынства. Ну, чаму не аддаць? Ды і сваякоў караюць.

Алена Дубовік, belsat.eu

 

Стужка навінаў