Чорны дзень Уладзіміра Макея. Да чаго можа прывесці скарачэнне амбасадаў?

Беларускія амбасады… аптымізуюцца. Навошта нам дыпламатычныя пляцоўкі ў несяброўскіх краінах – задаліся пытаннем на паседжанні ў Лукашэнкі, прысвечаным працы Міністэрства замежных справаў. І выглядае на тое, што гэта не пустыя пагрозы. Кіраўнік айчыннай дыпламатыі Уладзімір Макей узяў пад казырок і паабяцаў, што прынамсі ў некалькіх краінах свету Беларусь свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы зачыніць. Чаму гэта ці не самая змрочная навіна ў беларускай палітыцы з леташняга жніўня?

Як можа выглядаць паседжанне, што мае вызначаць лёсы айчыннай замежнай палітыкі? Хто гэтыя сур’ёзныя дыпламаты, якія збіраюцца размаўляць пра вонкавапалітычныя выклікі? Вось яны: генерал-маёр і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі – Ігар Сяргеенка, генпракурор Андрэй Швед, кіраўнік Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, кіраўнік КДБ Іван Церцель, не забыліся запрасіць і кіраўніка МЗС.

Вярхоўны галоўнакамандуючы і вядомы сваймі дыпламатычнымі дасягненнямі Аляксандр Лукашэнка даў ацэнку працы Уладзіміра Макея:

«Наш шматгадовы досвед сведчыць, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца. Дык навошта захоўваць там свае амбасады, марнаваць сродкі на іх утрыманне?»

Уладзімір Макей потым намагаўся тлумачыць, маўляў, гаворка пра Вʼетнам ці Індыю. Нібыта беларускія амбасады – далёка ад мясцовых прамысловых цэнтраў. Уся гэтая сітуацыя мусіла быць цалкам непрыемнай для асобы, якая з 2012 года працавала на выпраўленне міжнароднага іміджу краіны.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение»:

«Ён вельмі паспяхова працаваў на беларускія інтарэсы, калі яны ў нас былі, і, што тут сказаць, добра спраўляўся. І што ён можа зрабіць у існай сітуацыі?»

Еўрапейскія лідары не хутка прыедуць з прыязным візітам у Менск. Нават суседзі. Украіна не бачыць магчымасці працягваць перамовы пра вайну на Данбасе ў Менску. Усе дасягненні МЗС цягам апошніх васьмі гадоў выкінутыя ў сметніцу. Годнымі дыпламатычнай прысутнасці Беларусі былі прызнаныя толькі сяброўскія дзяржавы. Там жа далі і новае тлумачэнне сяброўству: гэта такія краіны, дзе пакупнік галасуе рублём за беларускі тавар – мяркуюць удзельнікі сустрэчы. У пэўным сэнсе гэты сказ канчаткова закрывае пытанне айчыннай дыпламатыі.

Уладзімір Астапенка: «Аптымізацыя» МЗС – татальны крах беларускай дыпламатыі

Каментуе Сяргей Нікалюк, палітолаг:

«Усё, што мы можам прапанаваць Захаду ў эканамічным плане, збольшага зводзіцца да нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. І гэтая прадукцыя прадавалася і прадаецца на Захад незалежна ад стану палітычных дачыненняў. Таму які сэнс іх падтрымліваць?»

Але калі на дыпламатычных дачыненнях з аднымі краінамі рэжым будзе намагацца ашчаджаць, з іншымі – перадусім Польшчаю – Лукашэнка гатовы да больш рашучых крокаў. У такіх выпадках афіцыйны Менск, на маскоўскі ўзор, выцягвае буйны калібр – Вялікую Айчынную вайну.

Аляксандр Лукашэнка:

«Удзел дэструктыўнай групы этнічных палякаў пад кіраўніцтвам асобных дзеячаў так званай польскай эміграцыі ў Горадні. Берасце, Горадня – вядомыя падзеі. Звяртаю вашую ўвагу на тое, што ўвесь гэты шабаш адбываецца ў 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны».

Гаворка пра мерапрыемства ў берасцейскай – гарадзенскія падзеі пакуль вядомыя толькі самому Лукашэнку – польскай школе ў гонар так званых выклятых жаўнераў. З цьмянага абвінавачання вядома, што ўлады Беларусі намагаюцца абвінаваціць дзеячаў Саюзу палякаў у гераізацыі Рамуальда Райса на мянушку Буры. Антыкамуністычны партызан у самой Польшчы лічыцца адказным за злачынствы з прыкметамі генацыду. Паводле мясцовага МЗС, ягоную постаць не маглі згадваць на берасцейскай імпрэзе. У Варшаве ж, калі кажуць пра Беларусь, то ўсё менш згадваюць афіцыйны Менск.

Лукаш Ясіна, Польскі інстытут міжнародных справаў, Варшава:

«Гэта можа быць эфект ціску Расеі, якая ўжо шмат гадоў толькі і марыць пра тое, каб Беларусь не мела нават намінальнай дыпламатычнай службы і каб гэтую ролю на сябе ўзяла расейская дыпламатыя. На гэта пакуль ні адна краіна СНД не пагадзілася, а Беларусь цалкам можа быць першаю».

Беларускія эксперты таксама заўважаюць усё менш прыкметаў незалежнасці нашае краіны. Так званая аптымізацыя, хоць бы выбарачная і частковая, дыпламатычнай службы – гэта фактычна адмова ад прадстаўнічай функцыі ўлады. А калі пры гэтым шукаем ворагаў сярод суседзяў…

Беларусь – не прыярытэт для Еўразвязу. Інтэрв’ю з польскім палітолагам Войцехам Каноньчукам

«Лукашэнка ўвесь час скардзіцца Расеі на тое, што на яго нападае Польшча, што Польшча нясе ваенную пагрозу. Гэта вельмі небяспечныя словы, бо ў Расеі цалкам натуральная рэакцыя на іх. Маўляў, дык давайце мы ўвядзём войскі і падтрымаем вас», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Гісторыя кажа, што расейскія войскі не хутка і не заўсёды добраахвотна пакідаюць месцы сваёй дыслакацыі. Калі Лукашэнка зноў захоча зрабіць разварот на 180 градусаў і пачаць гуляцца ў шматвектарнасць, з расейскаю базаю пад бокам зрабіць гэта будзе куды цяжэй. Але ці магчымы такі паварот? Ці будзе чарговы гандаль палітвязнямі?

Сяргей Нікалюк, палітолаг:

«Беларуская сістэма акукліваецца, і ў цэлым шанцаў на нейкія змены, на нейкія пацяпленні, у тым ліку вызваленне палітычных вязняў, вельмі невялікія. Беларусь ужо цалкам замкнулася на Расеі, і пытанне, як доўга Беларусь будзе існаваць у такім выглядзе, – гэта пытанне, як доўга будзе Расея існаваць у такім выглядзе».

А за гэтым ідуць і ўсе расейскія праблемы. Варшава ўжо заяўляла пра рыхтаванне абмежаванняў для беларускіх тавараў у адказ на затрыманне дзеячаў Саюзу палякаў. Калі іх могуць увесці?

«Не пазней за вырак каму заўгодна з дзеячаў Саюзу палякаў або нават і пасля якой-небудзь чарговай хвалі рэпрэсіяў супраць іншых беларускіх грамадзянаў такія санкцыі будуць уведзеныя. Беларусь пра такую пагрозу ведае, але там мяркуюць, што гэта блеф. Але Польшча разам з іншымі краінамі Балтыі вядзе моцны лобінг, каб гэтыя санкцыі былі агульнаеўрапейскія», – зазначае Лукаш Ясіна.

Міжнародная ізаляцыя, паступовая добраахвотная страта суверэнітэту… Шмат хто апошнімі месяцамі задаецца пытаннем: калі гэтая самазнішчальная палітыка скончыцца?

Каментуе Валерыя Касцюгова:

«Рэжым не можа спыніць рэпрэсіяў, не павялічваць рэпрэсіяў, пакуль ён бачыць, што не перамог. Няма крытэраў, якія пераканалі б яго ў тым, што ўсё скончылася і ён можа ўжо пачувацца спакойна. Плюс ён нічога абсалютна не робіць дзеля таго, каб штосьці падобнае здарылася. Ён робіць усё, каб сітуацыя не стабілізавалася».

У нашай краіне – у Слуцку – быў збудаваны самы сапраўдны канцэнтрацыйны лагер для пратэстоўцаў. У нас сёння 337 асобаў прызнаныя вязнямі сумлення, лічба палітычных працэсаў пераваліла за тысячу, і за ўвесь час са жніўня рэжым не саступіў ні на крок. Сапраўды, навошта амбасады краіне з канцлагерам?

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет» ад 08.04.2021

Калаж з фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum; Nikolai Petrov / TASS / Forum; Russian Foreign Ministry / TASS / Forum

Hавiны