Чатырох бабруйцаў судзяць за падпал «Табакеркі» і пашкоджанне машыны міліцыянта


Суд у Бабруйску, 12 красавіка.
Фота: Белсат

У Бабруйску за падпал «Табакеркі» судзяць чацвярых мужчынаў. Іх абвінавачваюць у яшчэ некалькіх эпізодах: блакаванні руху чыгункі на адцінку Мірадзіна – Татарка пад Бабруйскам, пашкоджанні аўтамабіля супрацоўніка бабруйскай міліцыі металічнымі вугламі, падкладзенымі пад заднія колы, нанясенні палос чырвонага колеру на трох прыпынках з кіёскамі «Табакерка» ў Бабруйску.

Аляксандра Назаровіча, Аляксандр Мар’ясава, Віталія Васілевіча, якія з 10 кастрычніка застаюцца ў СІЗА Бабруйску, вінавацяць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), ч. 2, 3 арт. 339 («Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»), ч. 2 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, уздзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў»), ч. 1 арт. 14 («Замах на злачынства»), ч. 1 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»).

Чацвёрты фігурант справы – Аляксандр Г. – не пад вартай. У яго крыху меншы шэраг артыкулаў: арт. 341, ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 406 – неданясення аб злачынстве.

Суд у Бабруйску, 12 красавіка.
Фота: belsat

Да перапынку ў судзе дапыталі Аляксандра Г. Ён прызнаў, што маляваў на прыпынках з «Табакеркамі» чырвоныя лініі, каб у выніку яны нагадвалі бел-чырвона-белы сцяг. Рабіў гэта «з салідарнасці з затрыманымі на мірных шэсцях». Таксама Аляксандр Г. прызнаў, што падкладаў металічныя вуглы пад колы аўтамабіля супрацоўніка міліцыі, рабіў гэта на знак пратэсту супраць жорсткіх затрыманняў і збіцця людзей сілавікамі.

belsat.eu

Стужка навінаў