Адвакат Зікрацкі выставіў на аўкцыён карціну, каб разлічыцца са звольненымі працаўнікамі


Адвакат Сяргей Зікрацкі выставіў на аўкцыён карціну «Страж закону», якую яму падарыла мастачка Вольга Якубоўская. Грошы за продаж карціны Сяргей Зікрацкі накіруе на выплату дапамогі былым працаўнікам свайго юрыдычнага агенцтва, якое зачынілася праз тое, што адвакату з палітычных прычынаў не працягнулі ліцэнзіі. Аўкцыён адбываецца ў Facebook Сяргея Зікрацкага.

Сяргей Зікрацкі, вядомы адвакат, які абараняў у тым ліку і нашую каляжанку Кацярыну Андрэеву, паведаміў у сваім Facebook пра продаж карціны мастачкі Вольгі Якубоўскай.

Адвакат Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Адвакат адзначае, што імкнецца годна завяршыць сваю дзейнасць па абароне абвінавачаных. Пасля анулявання адвакацкай ліцэнзіі Сяргей Зікрацкі займаецца і пошукам працы для звольненых працаўнікоў.

«Паводле закону мае працаўнікі мелі права на кампенсацыю памерам з двухмесячны аклад у сувязі са звальненнем праз спыненне маёй дзейнасці. Для мяне гэта зусім не маленькія грошы. У мяне не было магчымасці за адзін раз заплаціць двухмесячную зарплату тром звольненым працаўнікам. Людзі пайшлі насустрач – і напісалі заявы аб звальненні па дамове бакоў», – піша Сяргей Зікрацкі.

Карціна, якую выставіў на аўкцыён адвакат.
Фота: Сяргей Закрацкі / Facebook

Былы адвакат паведамляе, што мае частку грошай, каб заплаціць належнае. А каб сабраць дастатковую колькасць, вырашыў выставіць карціну на аўкцыён.

Аўкцыён адбываецца проста ў каментарах да адпаведнага паста Зікрацкага ў Facebook.

Hавiны
Адваката Зікрацкага выключылі з калегіі
2021.03.31 14:13

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў