247-ы дзень пратэстаў. Пяць месяцаў з моманту забойства Рамана Бандарэнкі, «ByPol» распавёў пра ГУБАЗіК

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня мінулага году. Сёння спаўняецца 5 месяцаў з моманту забойства Рамана Бандарэнкі. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Пяць месяцаў таму забілі Бандарэнку

Роўна пяць месяцаў таму, 12 лістапада 2020 года, у рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. За дзень да таго невядомыя напалі на Рамана на плошчы Пераменаў, затрымалі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС, адкуль яго ў стане непрытомнасці забрала карэта хуткай.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 года. Фота: ТК / Белсат

Праверка па факце смерці Рамана Бандарэкі была распачатая ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску 13 лістапада, аднак дзеянні ўладаў у гэтай справе адразу набылі тэндэнцыйны характар. Распавядаючы пра здарэнне на плошчы Пераменаў, сілавікі не хавалі сваіх сімпатыяў да тых, хто зразае стужкі, і мэтанакіравана ачарнялі памяць Рамана Бандарэнкі. Напрыклад, Следчы камітэт заявіў, што гэта мясцовыя жыхары, якія вешалі бел-чырвона-белыя стужкі, паводзіліся «агрэсіўна», а Раман Бандарэнка нібыта быў у стане алкагольнай інтаксікацыі.

Праверка па факце смерці Рамана Бандарэкі была распачатая ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску 13 лістапада, аднак дзеянні ўладаў у гэтай справе адразу набылі тэндэнцыйны характар. Распавядаючы пра здарэнне на плошчы Пераменаў, сілавікі не хавалі сваіх сімпатыяў да тых, хто зразае стужкі, і мэтанакіравана ачарнялі памяць Рамана Бандарэнкі. Напрыклад, Следчы камітэт заявіў, што гэта мясцовыя жыхары, якія вешалі бел-чырвона-белыя стужкі, паводзіліся «агрэсіўна», а Раман Бандарэнка нібыта быў у стане алкагольнай інтаксікацыі.

Забойства Рамана Бандарэнкі: што вядома пра гэта злачынства праз пяць месяцаў?

Ініцыятыва «ByPol» распавяла пра ГУБАЗіК

Арганізацыя беларускіх сілавікоў «ByPol» апублікавала расследаванне аб «самым адыёзным падраздзяленні» сілавога блоку «Беларусі» – Галоўным упраўленні барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).

У «ByPol» адзначылі, што Мікалай Карпянкоў «ператварыў некалі элітнае падраздзяленне МУС у «банду злачынцаў», у сувязі з чым увосень 2020 года яго «чакаў запланаваны ціхі выхад на пенсію, а над самім падраздзяленнем навісла пагроза расфармавання». Але пасля актыўнага ўдзелу ГУБАЗіКу ў здушэнні пратэстаў Карпянкоў пайшоў на павышэнне.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

У «ByPol» распавялі пра чысткі і ўзнагароджанні ў ГУБАЗіКу

«Победа» замест «Euronews»

12 красавіка са спісу замежных медыяў, якія атрымалі дазвол на распаўсюд у Беларусі, Міністэрства інфармацыі выключыла замежны тэлеканал «Euronews».

Тэлеканал «Euronews». Фота: Euronews / Linkedin

«Euronews» – кругласуткавы інфармацыйны рэсурс, які транслюе з 1993 года. Яго заснавальнік – Еўрапейскі трансляцыйны звяз, які, сярод іншага, арганізоўвае «Еўрабачанне». Тэрмін дзеяння раней выдадзенага дазволу на распаўсюд на тэрыторыі Беларусі мінуў, паведаміла Міністэрства інфармацыі.

Замест «Euronews» у Беларусі будуць паказваць расейскі канал «Победа» – «маштабны праект «лічбавага тэлесямейства» «Первого канала», створаны да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

У тэлеэфіры – класіка савецкага ваеннага кіно, расейскія фільмы і серыялы, дакументальныя праграмы пра ВАВ, сведчанні ветэранаў, інтэрв’ю з гісторыкамі і экспертамі, а таксама знаходкі і адкрыцці пошукавых атрадаў.

Лекара Руслана Бадамшына звольнілі з РНПЦ

Лекара функцыянальнай дыягностыкі Руслана Бадамшына звольнілі з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Афіцыйнай прычынай звальнення стала тое, што лекары прыйшоў на працу пазней на дзве гадзіны, паведамляе TUT.by.

Руслан Бадамшын. Фото: centrsna.by

Лекара Руслана Бадамшына вызвалілі 8 красавіка з СІЗА ў Жодзіне пасля 15 дзён адміністратыўнага арышту. На волю ён выйшаў а 7.30, а 12.00 гадзіне ён прыйшоў на працу.

«Адміністрацыя сабрала сход, я падаў тлумачэнні, дзе я быў. У пятніцу прынёс дакументы з суда, рахункі з ЦІП. Выглядала, што ўсё нармальна. А сёння, у панядзелак, раптам зноў паседжанне. На ім мяне знаёмяць з пратаколам, што я адмовіўся падрабязна патлумачыць, чаму я ў чацвер выйшаў на працу а 12.00. Я ў пратаколе напісаў, што інфармацыя ўказаная не дакладна і я не адмаўляюся. На працягу гадзіны прынёс у адміністрацыю больш падрабязную дакладную, чаму 8 красавіка выйшаў пазней на працу. Але да гэтага часу ўжо быў гатовы загад аб маім звальненні», – кажа Руслан Бадамшын.

Лекар лічыць сваё звальненне незаконным і збіраецца падаваць у суд.

Румас увайшоў у склад назіральнай рады «Рассельгасбанку»

Былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас увайшоў у склад назіральнай рады «Рассельнасбанку». Ягонае імя зʼявілася на сайце фінансавай установы. На старонцы банку таксама пазначана, што Румас – «прадстаўнік Расейскай Федэрацыі».

Былы прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Фота: Oksana Manchuk / TASS / Forum

Сяргей Румас апошнім часам быў за мяжой. Былы прэмʼер-міністр Беларусі не вярнуўся ў краіну. Медыі паведамляюць, што ў ягоным доме адбыўся ператрус. Агучваецца інфармацыя, што сілавікі маюць прэтэнзіі да былога кіраўніка ўраду Беларусі.

Румас адмаўляецца каментаваць гэтую інфармацыю.

Крымінальныя справы супраць заснавальнікаў «BY_help» і «BySol»

Заснавальнікаў «BY_help» і «BySol» Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака вінавацяць паводле ч. 2 арт. 342 («Іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 361-2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання») КК.

Яўген Стрыжак. Фота: ІА / Белсат

Следчы камітэт заявіў, што Лявончык і Стрыжак «пры дапамозе іншых асобаў» перадавалі грошы Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай для аплаты штрафаў удзельнікаў пратэстаў.

Аляксей Лявончык. Фота: уласны архіў

Як заяўляецца, Аляксей Лявончык – сузаснавальнік і кіраўнік арганізацыі «BY_help», дзейнасць якой накіраваная на аплату выдаткаў пратэстоўцаў. А Андрэй Стрыжак уваходзіць у склад Каардынацыйнай рады, зʼяўляецца сузаснавальнікам «BY_help» і «BySol», якая займаецца фінансаваннем стачкамаў прадпрыемстваў, дваровых супольнасцяў, фондаў медычнай, спартовай і культурнай салідарнасці. Лявончык і Стрыжак абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук.

У Маскве знік палітолаг Аляксандр Фядута

Жонка палітычнага аналітыка Аляксандра Фядуты паведаміла belsat.eu, што другі дзень не мае з ім сувязі. Марына Шыбко збіраецца сёння ляцець у Маскву, дзе апошнім часам перабываў ейны муж.

«Паўтара дня ён не выходзіць на сувязь. Я тэрмінова зараз збіраюся і еду ў Маскву», – апавяла «Белсату» Марына Шыбко.

Што Фядута рабіў у Маскве і з кім сустракаўся, невядома.

Пошукам палітолага Аляксандра Фядуты, які не выходзіць на сувязь, занялася маскоўская паліцыя. Заява аб згубе без вестак была пададзена ў Прэсненскі аддзел МУС, піша Еўрарадыё.

Аляксандр Фядута – вядомы беларускі палітолаг, аўтар «Белсату».

Крымінальны пераслед

У Бабруйску за падпал «Табакеркі» судзяць чацвярых мужчынаў. Іх абвінавачваюць у яшчэ некалькіх эпізодах: блакаванні руху чыгункі на адцінку Мірадзіна – Татарка пад Бабруйскам, пашкоджанні аўтамабіля супрацоўніка бабруйскай міліцыі металічнымі вугламі, падкладзенымі пад заднія колы, нанясенні палос чырвонага колеру на трох прыпынках з кіёскамі «Табакерка» ў Бабруйску.

Суд у Бабруйску 12 красавіка. Фота: belsat

На лаве падсудных Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар’ясаў, Віталь Васілевіч. Чацвёрты фігурант справы – Аляксандр Г. – не пад вартай.

Чатырох бабруйцаў судзяць за падпал «Табакеркі» і пашкоджанне машыны міліцыянта

12 красавіка ў Гомлі пачаўся працэс над сябрамі ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва Беларусі Святланай Ціханоўскай: Юрыем Уласавым, Дзмітрыем Івашковым, Аляксандрам Шабаліным і Таццянай Канеўскай.

Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і планах захопу адміністрацыйных будынкаў.

У Гомлі судзяць сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

У Менскім гарадскім судзе распачалі разгляд крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава. Паводле абвінавачвання, 11 жніўня хлопец на BMW наехаў на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў пра крадзеж машыны. За гэта інжынеру пагражае да 25 гадоў турэмнага зняволення, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Менску судзяць 25-гадовага інжынера за наезд на пяцярых вайскоўцаў

У Беларусі 354 палітвязняў

Праваабаронцу і кіраўніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» Таццяну Гацуру-Яворскую прызналі палітзняволенай. З адпаведнай супольнай заявай выступілі праваабарончыя арганізацыі Беларусі.

Таццяна Гацура-Яворская. Фота: zvyano.by

Праваабаронцы прызналі Таццяну Гацуру-Яворскую палітзняволенай

СК belsat.eu

Hавiны