«Сама сплю ў гатэлі». Беларуска з Любліна аддала свой дом пад прытулак для ўцекачоў


Вольга Батар нарадзілася ў Баранавічах, але ўжо 22 гады жыве ў польскім Любліне. Прыкладна два тыдні таму яна напісала на сваёй старонцы ў «Facebook», што прыме ў сваім доме дзесяць уцекачоў з Украіны, троху пазней вырашыла пасяліць у гаражы да дваццаці асобаў. У дзень, калі з Вольгай размаўляў карэспандэнт «Белсату», у доме жанчыны прытулак знайшлі ўжо 120 чалавек. Дзеці беларускі жывуць у суседзяў, а сама яна спіць у гатэлі.

Вольга Батар зарганізавала ў сваім доме часовы прытулак для ўцекачоў з Украіны, у якім размясціла 120 чалавек. Люблін, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

– Тут [у гаражы] могуць легчы 34 чалавекі, але цяпер наплыў людзей такі, што людзі ў асноўным сядзяць, каб маглі змясціцца ўсе, – распавядае Вольга. – Наверсе жывуць людзі, якія тут знаходзяцца ўжо пастаянна: яны катэгарычна адмаўляюцца ехаць далей у Польшчу ці Еўропу, таму вырашылі пасяліць іх тут. У маёй спальні жыве дзяўчына з трыма дзецьмі. У пакоі побач яшчэ некалькі чалавек. Пакой, які быў для гасцей, мы разлічылі на пяць чалавек, цяпер у ім спяць 15 асобаў. Усё гэта вельмі прыблізныя лічбы, бо людзей сапраўды шмат.

Уцекачоў просяць запаўняць анкеты, каб мець пасля кантакты тых, хто праходзіў праз дом.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

«Бог нас любіць»

Ліда ўцякала з Жытоміру з дачкой Сафіяй (15 гадоў) і сынам Даніілам (10 гадоў). Кажа, што астатняй кропляй для яе стала бамбардаванне мясцовай школы.

– Затрэсліся вокны і канапа, а вазоны пачалі скакаць па тэлевізары… Сабраліся за дзве гадзіны і паехалі. Вельмі ўдзячныя людзям, якія нас прынялі з адкрытай душой! Я часамі разважаю, ведаеце – атрымліваць лягчэй, чым аддаваць. І калі гэтыя людзі аддаюць – у іх вельмі вялікае сэрца, – кажа Ліда.

У дом да Вольгі Ліда з дзецьмі трапіла дзякуючы «сарафаннаму радыё» – інфармацыю перадалі знаёмыя праз знаёмых. Жанчына ўпэўнена, што гэта дзякуючы любві Бога.

– Нам казачна пашанцавала! Мы даехалі да Львова, там знайшліся людзі, якія падвезлі нас да мяжы ля пераходу «Рава-Руська». Да самога мястэчка заставалася 5 км, далей нас падабраў польскі бясплатны гуманітарны аўтобус з дзяцьмі і жанчынамі са Львова. Лічу, што шэсць гадзінаў, якія мы стаялі на мяжы, – гэта таксама вельмі мала, бо некаторыя стаяць па 17, часам содні. Так, Бог нас любіць, дзякуючы яму мы тут, – кажа Ліда і дадае, што цяпер жыццё падзялілася на гісторыю да вайны і пасля.

– Я 12 гадоў працавала на кандытарскай фабрыцы і была загадчыцай фасовачнага аддзялення. Цэх малы, таму, лічыце, амаль начальніца. Мне сказалі, што ў Любліне ёсць кандытарская фабрыка, а я працы не баюся! Будзе магчымасць здабыць бясцэнны досвед, які спатрэбіцца заўсёды.

На пытанне, ці Беларусь – краіна агрэсар, Ліда кажа, што ў палітыцы яна не спецыялістка, але лічыць Лукашэнку дыктатарам.

– Калі галава гнілая, неабавязкова ўсё тулава таксама гнілое.

Ва Украіне ў жанчыны засталіся мая маці, брат і маці мужа, які працуе дальнабойшчыкам.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

«Нават грошы не ўзяў!»

Леся стаяла 15 гадзінаў на мяжы з мужам Дзянісам і двума дзяўчынкамі – 12-гадовай Дзіянай і пяцігадовай Міланай. Кажа, што марыла падарожнічаць па Польшчы, але не думала, што здарыцца гэта праз спробу ратавацца ад вайны. Пра дом у Любліне даведалася праз дзяўчыну з Чарнігава Віку, якая ўжо тут жыве і дапамагае.

– Калі на мяжы ў нас правяралі дакументы, мужу прыйшло паведамленне ад бацькоў, што школы, дзе ён вучыўся, ужо няма. Дзяніс пачаў плакаць… Памежнікі, відаць, хацелі нешта запытаць, але паглядзелі на яго, пячаткі паставілі і сказалі праязджаць. Муж у Чарнігаве вырас — такі прыгожы еўрапейскі горад! У нас там помнікі, архітэктура, цэрквы, дарогі, усё сучаснае! Цяпер нічога не засталося. Цяжка…

Жанчына кажа, што мае знаёмых з Беларусі і Расеі, якія жылі ў Чарнігаўскай вобласці. Па яе словах, яны не разумеюць і не вераць у нявіннасць Украіны.

– Вінавацяць нас, што мы самі сябе бамбім. Як гэта? Гэта ж трызненне нейкае, жах. Там заблакавалі ўсе каналы, і людзі вераць таму, што кажа Пуцін, – уздыхае Леся.

На радзіме ў яе засталіся бацькі. Кажа, што іх дом не крануты, але навакол шмат пацярпелых будынкаў. Сям’я зʼехала, бо хочуць уратаваць дзяцей.

– Калі б іх не было, я б засталася. Я прывыкла да Украіны, там было ўсё добра, – плача Леся і дадае, што асабіста вельмі ўдзячна кіроўцу чырвонай «Toyota Corolla», які дапамог даехаць да дому Вольгі.

– Мы прыехалі без сувязі і звярнуліся на АЗС да таксіста. Ён нешта тлумачыць, а мы яму паказваем жэстамі, што мы глухія і не чуем. Дык ён паказаў, маўляў, за мной. Так мы дабраліся да Вольгі, а кіроўца нават з нас грошы не ўзяў! – працягвае плакаць Леся.

У родным горадзе Нежын жанчына была старшынёй таварыства глухіх Чарнігаўскай вобласці. Цяпер яна збіраецца дапамагаць сваім падапечным выязджаць у Польшчу.

Леся з дачкой Міланай.
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

«Працуем на ўсіх франтах»

Паляк Мар’ян распавядае, што сам прыняў сем уцекачоў. Пасля да іх прыехала восем сяброў – трэба кудысьці ўсіх засяліць. Так ён пазнаёміўся з Вольгай і застаўся тут дапамагаць.

– Вольга мелася прыняць дзесяць асобаў, я – дзве. Цяпер у мяне жыве 7 чалавек, у Вольгі – 120! – смяецца Марʼян і дадае, што ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны праз дом ужо прайшло больш за тысячу чалавек.

Мужчына кажа, што займаюцца ўсім: ад пошуку транспарту да збору рэчаў першай неабходнасці.

– Можам забіраць людзей не толькі з мяжы, а яшчэ і з самой Украіны. Калі з Польшчы едзе аўтобус, мы грузім яго дапамогай, пасля прымаем людзей. Мой сябар мае там [ва Украіне] шмат сяброў і займаецца перавозкамі людзей. Ён ужо завёз бронекамізэлькі, батарэйкі і ліхтарыкі для ўкраінскага войска на лінію фронту. Мы, вядома, маем абмежаванні ў магчымасцях, але ў нас ёсць кантакты тых, хто гатовы дапамагаць. Вось, напрыклад, нам сказалі, што ёсць магчымасць прывезці гуманітарную дапамогу з Нямеччыны і забраць каго-небудзь да сябе. У нас былі содні на арганізацыю і адпраўку 80 чалавек. Прыехала шэсць аўтобусаў і адзін вялікі аўтакар з прычэпам!

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

Па словах Марʼяна, жыхары нямецкага гораду Левэркузэн, адным рэйсам забралі 76 чалавек і забяспечылі жыллём, ежай, сацыяльнай абаронай і медстрахоўкай. Таксама паабяцалі знайсці працу, каб кожны мог ісці наперад сваім шляхам.

– Мы свядома адпраўляем уцекачоў на захад, бо для нас галоўнае – даць максімальнай колькасці часовы дах над галавой. Прымаем усіх, кормім, даем выспацца, а на наступны дзень адпраўляем далей. Важна, што людзі не едуць у невядомасць! З усімі трымаем кантакт, кожны ведае, куды і да каго кіруецца, – тлумачыць Марʼян.

Ліда з дачкой Сафіяй і сынам Даніілам.
Фота: ЯМ / Белсат

Мужчына кажа, што спяць яны па дзве-чатыры гадзіны. Але ратуе адрэналін.

– Тут засталося пару дзяўчат з Украіны: гатуюць ежу, мяняюць пасцелі, вельмі дапамагаюць. Увогуле мы класна спраўляемся! – усміхаецца Марʼян.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнаю ваеннай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны.

Рэпартаж
Стаць валанцёрам. Як журналіст «Белсату» дапамагаў уцекачам на «Варшаве Цэнтральнай»
2022.03.10 20:29

27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці ў тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» для апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

Глядзіце таксама:

За 5 дзён – больш за 3,5 тыс. тонаў гуманітарнай дапамогі. Як Украіну падтрымлівае Еўропа

«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне

Прапускаюць па 30 чалавек за гадзіну. Што адбываецца з украінскага боку мяжы

«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны

Шосты дзень вайны. Здымкі зробленыя ў розных гарадах Украіны

«Тэрор супраць гораду, тэрор супраць Украіны». Як Харкаў перажыў атаку крылатымі ракетамі

Замест мядовага месяца – барацьба за Кіеў. Хто ідзе ў войска тэрытарыяльнай абароны

Без хлеба і каўбасы. Як выглядаюць кіеўскія крамы

На патрэбы ўкраінскай арміі. Як у Львове збіраюць дапамогу

Маршы супраць вайны ў Маскве

ЯМ, Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў