Расея мае намер стварыць «Херсонскую народную рэспубліку»


На акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці Расея плануе правесці псеўдарэферэндум і абвесціць аб стварэнні «Херсонскай народнай рэспублікі». Пра гэта паведамляюць украінскія афіцыйныя асобы.

Херсонская абласная пракуратура паведаміла, што распачала крымінальную вытворчасць з-за планаў Расеі правесці незаконны рэферэндум і заснаваць квазірэспубліку на акупаваных тэрыторыях вобласці. Паводле звестак украінскіх праваахоўнікаў, для гэтага расейскія акупанты спрабуюць угаварыць дэпутатаў Херсонскай абласной рады супрацоўнічаць з акупацыйнымі войскамі РФ.

«Прытрымліваючыся сцэнару 2014 года, расейцы цяпер адчайна спрабуюць арганізаваць у Херсоне фіктыўны рэферэндум за фальшывую «народную рэспубліку». Улічваючы нулявую народную падтрымку, ён будзе цалкам інсцэнізаваны. Калі яны прадоўжаць, павінны быць жорсткія санкцыі супраць Расеі. Херсон ёсць і заўсёды будзе Украінай», – падкрэсліў кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба.

Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук падкрэслівае, што такі «псеўдарэферэндум» апрыёры незаконны. Палітык падкрэсліў, што, згодна з заканадаўствам Украіны, пытанні, якія накіраваныя на парушэнне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, не могуць быць прадметам усеўкраінскага рэферэндуму.

  • Херсон – адзіны абласны цэнтр ва Украіне, які расейская армія змагла захапіць пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. У горадзе адбываюцца акцыі пратэсту супраць расейскай акупацыі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў