Вольга Івашына: Адзіны шанец для Беларусі і нашай сям'і – перамога Украіны


Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын ужо роўна год за кратамі. Яго затрымалі 12 сакавіка супрацоўнікі КДБ. З таго часу палітвязень – у СІЗА № 1 Горадні, яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў») і арт. 356 («Здрада дзяржаве»). Мы паразмаўлялі з Вольгай Івашынай, жонкаю журналіста, якая была вымушаная зʼехаць за мяжу, каб не быць затрыманай. Пра ад’езд Вольгу папрасіў муж, бо хваляваўся за яе.

Нядаўна Вользе стала вядома, што Дзянісу ўтрыманне пад вартай працягнулі яшчэ на два месяцы. Родныя не бачылі яго ўжо год.

Вольга Івашына.
Фота: Белсат

Затрымання Дзяніса Вольга не бачыла. Яна ведае, што Дзяніс выйшаў у аптэку па лекі для бабулі, тады яго і забралі супрацоўнікі КДБ. Пра арышт мужа даведалася ад сяброў. Пазней у кватэры Івашыных быў ператрус, але Дзяніса на яго не прывезлі. І з гэтага часу адзіная сувязь з мужам – праз адваката. Спачатку была перапіска, але ўжо паўгода лістоў няма.

Вольга кажа, што ніякіх следчых дзеянняў з Дзянісам не праводзяць. Ён проста сядзіць, перыядычна яго кідаюць у карцар. Адзінае, што вядома: супрацоўнікі КДБ вазілі Дзяніса на размову на вуліцу Тэльмана ў Горадні, і там з яго спрабавалі выцягнуць нейкую інфармацыю. Пагражалі перадаць расейскай ФСБ, калі ён не прызнаецца ў тых злачынствах, у якіх яго абвінавачваюць.

Дзяніса затрымалі паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу, але ў верасні 2021 года Івашыну дадалі яшчэ адзін артыкул.

«Мужа абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, і гэта дзіўнавата, бо Дзяніс прысягі дзяржаве не даваў. Ён звычайны журналіст, адкуль у яго маглі быць нейкія сакрэтныя звесткі?»

Вольга і Дзяніс Івашыны.
Фота: Вольга Івашына/ Facebook

Вольга прызнаецца, што яны з мужам разумелі: Дзяніса могуць арыштаваць. Але ўсё адно падрыхтаваныя не былі. Асабліва цяжка было ў першыя месяцы. Потым крыху супакоіліся, штодзённыя клопаты, перадачы, пасылкі, лісты, скаргі – усё зрабілася руцінай. Несумненна, новае абвінавачанне дадало негатыўных эмоцыяў.

«Мы разумеем, што цяпер усё залежыць не ад Дзяніса, не ад следчых органаў. Гэта замова дзяржаўнага ўзроўню, прычым не факт, што Рэспублікі Беларусь, можа нават Расейскай Федэрацыі. Таму і вырашацца справа будзе на самым высокім узроўні», – кажа Вольга.

Вольга кажа, што муж ведае пра вайну і сочыць за падзеямі. Яшчэ ў 2019 годзе ён пісаў, што вайна супраць Украіны можа пачацца ў тым ліку з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, што гэта сцэнар, які пачаў рэалізоўвацца яшчэ ў 2014 годзе.

«Мне ён казаў, што Пуцін можа ўварвацца ва Украіну з нашай зямлі яшчэ раней, і казаў, што трэба разам вырашаць праблему з Пуціным і Лукашэнкам. Але адзін журналіст мала што можа зрабіць. Людзі ж не хацелі ў гэта верыць».

Вольга і Дзяніс Івашыны.
Фота: Вольга Івашына/ Facebook

Вольга, кажа, што адчувае падтрыманне людзей з розных краінаў, і гэта цешыць.

«З пачаткам ваеннай аперацыі Дзяніса можна лічыць ваеннапалонным. Як і большасць палітвязняў, якія выступалі супраць саюзу з Расеяй. Гэта і Павел Севярынец, і Мікалай Статкевіч, усе яны застаюцца ў вельмі небяспечнай сітуацыі, асабліва калі акупацыя Беларусі прыме іншыя формы і калі ўлада пяройдзе да расейцаў, яны будуць помсціць сваім ворагам, такім, як Дзяніс. Таму адзіны шанец для Беларусі і для нашай сямʼі – гэта перамога Украіны», – ставіць кропку ў нашай размове Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын вядомы сваймі расследаваннямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Артыкулы
Жонка палітвязня Дзяніса Івашына звярнулася да палітыкаў з просьбай дапамагчы выратаваць мужа
2022.03.05 13:24

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў