Арэстовіч: Беларускае войска сабатуе ўварванне ва Украіну


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у наўпроставым эфіры «UA РАЗОМ» пракаментаваў магчымы ўдзел войска Беларусі ў вайне супраць Украіны на баку Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Арэстовіч адзначыў, што, паводле ўкраінскіх звестак, цяпер беларускае войска не гатовае да ўварвання ў краіну і проста сабатуе гэта, афіцэры і салдаты прынцыпова заяўляюць, што не хочуць гэта рабіць.

Ён падкрэсліў, што з 47 тыс. беларускіх вайскоўцаў баяздольныя толькі 17 тыс. З іх найбольш баяздольная – Віцебская брыгада.

«Сярод беларускіх вайскоўцаў ёсць прынцыповая пазіцыя не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Украіны. Нават калі Лукашэнка будзе іх штурхаць, я думаю, што яны зробяць усё, каб пазбегнуць гэтага сцэнара», – заявіў Арэстовіч.

На яго думку, калі беларускія вайскоўцы ўсё ж адважацца ўзяць удзел у вайне Расеі супраць Украіны, то палова з іх пяройдзе на ўкраінскі бок, а для ўладаў Беларусі настане час сурʼёзных санкцый.

Войскі патрэбныя ў Беларусі

У сваю чаргу аўтар тэлеграм-каналу «Белорусский порядок» мяркуе, што «ёсць дастаткова прыкмет, што войскі Лукі былі гатовыя пайсці следам за расейскімі сіламі ўварвання неўзабаве пасля «рэферэндуму». Але, на яго думку, «выгляд падпаленых танкавых калон астудзіў запал вусатага генералісімуса і нейкі час ён нават паспрабаваў пагуляць у міратворца і пасярэдніка», пасля чаго ў Менску пачалі казаць «пра тое, як іх спрабуюць зацягнуць на бойню».

«На паўнавартаснае ўварванне войска рэжыму не здольнае – там не так шмат баяздольных частак, і тыя патрэбныя на выпадак хваляванняў унутры краіны. Нашы УС востраць на прыгнечанне НУФ[незаконных узброеных фармаванняў. – рэд. Belsat.eu] (чытай, партызанаў), зачыстку мясцовасці і таму падобнае. Прарываць абарону добра абсталяванага суперніка, мякка кажучы, яны не гатовыя. Ды і Луку таксама будзе непрыемна, калі яго непераможная на паперы войска панясе першыя страты, сутыкнуўшыся з рэальнасцю, бо гэта не ахоўваць пусты стэп у Казахстане. Таму ў поўнамаштабнае ўварванне я не веру», – піша ён.

Пры гэтым аналітык не выключае варыянту «баязлівага заходу на паўшышачкі» дзеля нібыта абароны Чарнобыльскай АЭС і мяжы ад дыверсантаў.

Hавiны
Толькі 3% беларусаў падтрымліваюць удзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны
2022.03.12 09:44

Нагадаем, што, паводле звестак брытанскага даследчага цэнтру Chatham House, беларусы не падтрымліваюць магчымае далучэнне беларускага войска да вайны супраць Украіны на баку Расеі.

За ўдзел беларускіх вайскоўцаў выказаліся толькі 3% апытаных гараджанаў.

Тым часам ва Украіне працягваецца фармаванне беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які дапамагае ўкраінцам бараніцца ад расейскай агрэсіі. Паводле заяваў прадстаўнікоў батальёну, у ім ужо сотні беларусаў і штодня прыбываюць новыя, яшчэ некалькі сотняў ужо кіруюцца ва Украіну з цэнтру ў Варшаве.

Агулам, як заяўляецца, асабіста запісалася ці падалі заяўку на ўступленне ў батальён онлайн ужо больш як тысяча асобаў.

Hавiны
«Час жартаў мінуў». Стваральнік «МКБ» далучыўся да батальёну Кастуся Каліноўскага
2022.03.12 11:56

ПС belsat.eu

Стужка навінаў