Праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ 6 чалавек


Паводле супольнай заявы праваабарончых арганізацыяў Беларусі, вязнямі сумлення цяпер прызнаныя 285 асобаў, паведамляе «Вясна».

«У сувязі з інфармацыяй пра ўзяцце пад варту і выстаўленне абвінавачванняў паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Кіры Баярэнцы, Вользе Глушань, паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») – Валерыю Мельнічуку, Івану Дацышыну, а таксама праз вынясенне судом Маскоўскага раёну Берасця прысудаў аб пазбаўленні волі на тры гады паводле ч. 2 арт. 293 КК няпоўнагадовых Дзяніса Хазея і Сяргея Гацкевіча, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

ЦІП на Акрэсціна
Котка на плоце ізалятару на вуліцы Акрэсціна падчас вызвалення журналістаў. 4 верасня 2020 году.
Фота: ІА / Белсат

Мы ацэньваем пераслед Кіры Баярэнкі, Вольгі Глушань, Валерыя Мельнічука, Івана Дацышына, Дзяніса Хазея (няпоўнагадовы), Сяргея Гацкевіча (няпоўнагадовы), якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і паводле ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Кіру Баярэнку, Вольгу Глушань, Валерыя Мельнічука, Івана Дацышына, Дзяніса Хазея, Сяргея Гацкевіча і спыніць іхны крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянаў краіны».

Стужка навінаў