Працаўніца фонду «Краіна для жыцця» аб’явіла галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнямі


Марына Гарбуз, працаўніца фонду «Краіна для жыцця» заявіла аб галадоўцы салідарнасці з палітвязнямі Ігарам Лосікам, Ігарам Банцэрам і Змітром Фурманавым, якія зараз галадуюць у зняволенні.

«Я не магу дазволіць, каб трое дзяцей Ігара Банцэра і дачка Ігара Лосіка раслі без бацькоў толькі праз тое, што Беларусь акупавала кучка тэрарыстаў, і праз тое, што ў кагосьці па-ранейшаму хата з краю», – сказала Гарбуз у відэазвароце.



Марына Гарбуз цяпер знаходзіцца ў Вільні. Яна пакінула Беларусь у верасні 2020 году.

Палітычныя вязні сёння зазнаюць катаванні ў зняволенні. Беззаконныя прысуды, беспадстаўныя арышты, невыносныя ўмовы ўтрымання, правакацыі даводзяць іх да адчайных крокаў.

Зміцер Фурманаў, які быў арыштаваны ў Горадні паводле гэтак званай справы Ціханоўскага, 11 сакавіка абвесціў галадаванне. Ён сутыкнуўся са значным пагаршэннем умоваў утрымання. «З лютага яму надзяваюць кайданкі, нават калі ён ідзе на прагулку альбо адправіць ліст», – распавялі «Белсату» сваякі затрыманага. Змітра невядома за што пасадзілі ў карцар.

Гісторыі
Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»
2021.02.21 13:07

11 сакавіка сухую галадоўку распачаў Ігар Лосік. Яму высунулі новае абвінавачванне, якое менавіта, невядома. Адвакат – пад падпіскай аб неразгалошванні.

Ігара затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Супраць яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Рыхтаванне да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Ніякіх следчых дзеянняў увесь гэты час з ім не праводзілі. «Мяне проста мурыжаць», – пісаў ён у лісце. З 15 снежня да 25 студзеня Ігар ужо трымаў галадоўку і прыпыніў яе дзякуючы вялікаму падтрыманню і салідарнасці.

Ідзе дзясяты дзень сухога галадавання гарадзенскага музыкі Ігара Банцэра. Яго затрымалі 20 кастрычніка, з таго часу ён быў у адзіночнай камеры СІЗА гарадзенскай турмы, некалькі разоў яго змяшчалі ў карцар.

Музыку вінавацяць у хуліганстве: уначы 5 верасня ён танцаваў без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэты перформанс быў зняты на камеру і выкладзены ў інтэрнэт. Цяпер Ігару пагражае да 3 гадоў зняволення. Ігар лічыць суд палітычна матываваным.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў