Нацбанк захаваў стаўку рэфінансавання, нягледзячы на інфляцыю. Якія будуць наступствы, тлумачыць Дзмітрый Крук


Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсату»

Кіраванне Нацыянальнага банку захавала стаўку рэфінансавання на ўзроўні 7,75 % гадавых, паведамляюць у прэс-рэлізе рэгулятара.

Усталяваны на 2021 год графік пасяджэнняў кіравання Нацбанку ў пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі адмяняецца. Пытанні змянення стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў будуць разглядацца ў парадку неабходнасці.

Адзначым, што ў лютым інфляцыя перавысіла стаўку рэфінансавання і склала 8,7 %.

Беларускі эканаміст Дзмітрый Крук патлумачыў, што гэтая рэакцыя Нацбанку на інфляцыю можа быць абгрунтаваная супрацьстаяннем паміж дзяржаўнымі ўстановамі:

«Для ўлады прыярытэтная заданне цяпер – палепшыць вельмі слабую фінансавую пазіцыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Для ўжо выдадзеных крэдытаў павышэнне стаўкі рэфінансавання вельмі балючае. Мяркую, гэта галоўная прычына, чаму захаваная стаўка, нягледзячы на паскарэнне інфляцыі.

Гэта ведамаснае супрацьстаянне.

Дзяржаўныя ўстановы сканцэнтраваныя на фінансавай разгрузцы, як яны гэта называюць, і дзеля гэтага яны гатовыя прыкрыць вочы на тое, што адбываецца на фінансавым рынку, на інфляцыю і на пагаршэнне чаканняў.

Для інфляцыі гэта, безумоўна, кепска. Нацбанк будзе зноў паказваць дзівы эквілібрыстыкі: будуць намагацца заціснуць грашовы рынак праз аб’ёмы, будуць у ручным рэжыме рэгуляваць абʼёмы грашовых укладаў. Наколькі гэта атрымаецца, залежыць ад адміністратыўнай расстаноўкі. Па сутнасці, цяпер дзве канкурэнтныя пазіцыі: пазіцыя Нацбанку прайграе тым, хто факусуецца на праблемах дзяржпрадпрыемстваў. Ці здолее Нацбанк супрацьстаяць паскарэнню інфляцыі і адтоку ўкладаў на фоне неспрыяльных чаканняў пры дапамозе тых інструментаў, што засталіся, – вялікае пытанне. Вынік будзе вельмі моцна залежаць ад ведамасных трэнняў».

Эканоміка з Чалым
Чакаем зноў дэвальвацыі? Эканоміка з Чалым
2021.03.11 19:30

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў