Міністр пра надзвычайнае здарэнне ў віцебскім шпіталі: «Былі невялікія перабоі»

Аляксандр Лукашэнка наведвае шпіталь ў Маладзечне. Фота: https://president.gov.by

12 сакавіка падчас наведання шпіталю ў Маладзечне Аляксандр Лукашэнка спытаў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіча пра надзвычайнае здарэнне з кіслародам у БХМД Віцебску, паведамляе тэлеграм-канал «Пул первого».

– Дык што там за праблема? Не хапае кіслароду?.. – запытаў Лукашэнка.

– Я не думаю, каб там не хапала кіслароду, – падключыўся да дыялогу памочнік прэзідэнта Аляксандр Косінец.

– Там на піку былі невялікія перабоі, мы камісію высылалі. Там чалавек… – замяўся з адказам кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

– Ну калі там палітыка, то значыць, на месца чалавека трэба ставіць, – заявіў Лукашэнка.

– Паставім, – паабяцаў Піневіч.

– Нам не да палітыкі цяпер. Трэба спыняць такія рэчы. Калі там сапраўды ёсць праблема, то яе трэба вырашаць, – працягнуў Лукашэнка.

У інтэрв’ю TUT.by Уладзімір Сакавікоў, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі (БХМД), распавёў, што ў пачатку студзеня ў шпіталі адбылося надзвычайнае здарэнне з кіслародам. У хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду – на 15, 20 і 23 хвіліны. Сталі паміраць людзі: «хтосьці памёр у тыя ж дні, хтосьці – на наступны дзень, хтосьці – праз 3–5 дзён».

Ён не назваў дакладнай колькасці памерлых, але паведаміў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі».– Прамаўчаць пра гэтае надзвычайнае здарэнне я, зразумела, не мог, напісаў міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу. Ён даслаў камісію ў нашую больніцу. Сістэму падачы кіслароду ніхто не даследаваў, са мной абмяркоўвалі зусім іншыя пытанні, – распавёў Уладзімір Сакавікоў.

МГМ, belsat.eu

Hавiны