«Да панядзелка я дажыву, а далей – не ведаю». На 10-ыя содні сухой галадоўкі прайшло судовае паседжанне над Ігарам Банцэрам


У Ленінскім судзе Горадні адбыўся судовы працэс над гарадзенскім музыкам Ігарам Банцэрам. Падтрымаць гарадзенца прыйшлі каля 50 чалавек – родныя, шмат сяброў і знаёмых. Пусцілі каля паловы з тых, хто прыйшоў. Здымаць забаранілі.

Суд на музыкам Ігарам Банцэрам.
Фота: «Белсат»

Перад пачаткам суда з-за дзвярэй пачуліся крыкі Ігара, але што ён крычаў, было цяжка зразумець.

Ігар стаяў у акварыуме, у кайданках, трымаўся бадзёра, усміхаўся. Алё ён моцна схуднеў, вельмі бледны.

Суддзя Наталля Козел запытала, як сябе адчувае Ігар. «Выдатна адчуваю. Хвіліну таму пачаліся дзясятыя содні майго галадавання», – адказаў музыка.

Суддзя зачытала хадайніцтва пра змену меры стрымання і вызваленні з-пад варты, яго Банцэр напісаў яшчэ 20 лютага. «Я сядзеў на Валадарцы з хворымі, наркаманамі і забойцамі. Мяне часта блытаюць з імі. Я не такі, як яны, я зорка рок-н-ролу. Я выправіўся, і гатовы гэта даказаць», – напісана ў заяве.

Суддзя абвесціла 20-хвілінны перапынак для прыняцця рашэння аб хадайніцтве. «А яшчэ кажуць, што гэта я цырк ладжу», – пракаментаваў музыка.

Ён кажа вельмі павольна, адчуваецца, што гэта яму цяжка даецца.

Людзей выгналі з залы. Мама музыкі, ягоныя сябры, праходзячы побач з ім, прасілі музыку піць ваду. Адна дзяўчына пачала плакаць: «Ты нам патрэбны жывы, разумееш?»

Але Ігар катэгарычна адмовіўся спыніць сухое галадаванне.

Пацярпелым у справе праходзіць міліцыянт Сяргей Багдзевіч, які ў цемры за 5 секундаў танцу здолеў разгледзець за стрынгамі музыкі палавыя органы. Дзяржаўны абвінаваўца – Віктар Нічыпарук.

«Я цяпер разумею, чаму муж не адпрошваўся з працы сёння. У мяне так каленкі трасуцца», – стоячы пад дзвярыма суда, кажа мама Ігара, Тамара Банцэр.

Пасля перапынку ў судовую залу пусцілі яшчэ менш людзей, хоць на першым дзвюх лавах сядзелі толькі некалькі чалавек. Мама Ігара малітоўна склала рукі і прыгаворвала сыну: «Ігару, пі ваду». Ён толькі адмоўна хістаў галавою.

Суддзя пастанавіла не задавальняць хадайніцтва музыкі, ён застанецца пад вартаю, каб «не схаваўся ад пераследу». На судовае паседжанне ўжо трэці раз не прыйшоў сведка, на выкліку якім настойвае сам Банцэр.

Музыка ў другі дзень суда распавядаў, што падышоў да гэтага міліцыянта і запытаў, ці можна яму патанцаваць перад міліцэйскаю машынай, і той дазволіў. Суддзя пастанавіла даставіць міліцыянта ў суд, наступнае паседжанне прызначылі праз тыдзень, на 18 сакавіка.

«Да панядзелка я дацягну, а далей – не ведаю», – пракаментаваў рашэнне Банцэр.

Хтосьці з залы выкрыкнуў: «Судзілішча!» Сябры са слязамі прасілі Банцэра піць ваду.

Фота Мікалая Куляшэвіча, сябра Ігара Банцэра. Так выглядаў музыка на трэці дзень галадоўкі.

За што затрымалі музыку

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка, забралі раніцай з уласнай кватэры. Нагодаю стаў адзін з вулічных перформансаў музыкі: уначы 5 верасня Ігар танцаваў перад міліцэйскаю машынай без штаноў, у стрынгах.

Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 339 КК за хуліганства, Банцэру пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Суд над ім пачаўся 3 сакавіка, на ім ён абвесціў сухое галадаванне на знак пратэсту супраць палітычнага пераследу.

Пасля затрымання музыку кінулі ў адзіночную камеру гарадзенскай турмы. Праз некаторы час ён быў прымусова завезены на псіхалагічнае абследаванне ў Навінкі, па вяртанні ў ізалятар турмы два тыдні правёў у карцары. Гарадзенца пазбавілі ўсялякай сувязі з роднымі і сябрамі.

Сябры Ігара Банцэра Лёша і Маша каля будынка суда.
Фота: Белсат

Ігару Банцэру 40 гадоў, ён лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта «Mister X». Вегетарыянец, не ўжывае алкаголю, займаецца тайскім боксам, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў.

Ігар актыўна далучыўся да пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Напачатку ён браў удзел у акцыях падтрымання анархічнага руху і яго актывістаў, затым пачаў ладзіць асабістыя перформансы. За гэта неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. Напрыклад, на адзін з судоў у верасні ён прыйшоў у ружовым адзенні з ружовым сцягам, каб паказаць, што ягоныя затрыманні, тыя суды, на якіх ён быў раней, дый наагул уся беларуская судовая сістэма – гэта фарс. З ганка суда музыку забраў АМАП.

Адразу падчас першага зняволення Ігар пачаў галадоўку. Ён быў двойчы збіты, але ўрэшце вызвалены праз 72 гадзіны ўтрымання. 24 жніўня Банцэра арыштавалі разам з іншымі анархісцкімі ды антыфашысцкімі дэманстрантамі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Ён атрымаў 10 содняў, астатнія – 7, Ігар чарговы раз распачаў галадаванне.

За кратамі ў перыяд са жніўня да кастрычніка 2020 года ён агулам адбыў 18 содняў, быў аштрафаваны.

Гісторыі
«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі
2021.03.04 07:30

СП, belsat.eu

Стужка навінаў