Турэцкі міністр замежных справаў тэлефанаваў Макею, пытаў пра Украіну


Міністр замежных справаў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу 12 лютага правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Макеем.

Міністр замежных справаў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу. Вільня, Літва. 3 красавіка 2015 года.
Фота: Lithuanian Ministry of Foreign Affairs / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

У шэрагу турэцкіх медыях распаўсюдзілі аднолькавае паведамленне: «Паводле інфармацыі міністэрства, у тэлефоннай размове паміж Чавушаглу і яго калегам Макеем абмяркоўваліся рэгіянальныя пытанні, у прыватнасці двухбаковыя адносіны і Украіна».

Беларускі бок больш шматслоўны. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА» паведаміла, што Макей і Чавушаглу «грунтоўна абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, абмяняліся бачаннем па бягучых працэсах у рэгіёне, асобна спыніліся на перагружанасці сусветнага інфармацыйнага поля несапраўднымі звесткамі і дэзынфармацыяй, у тым ліку адкрытымі фейкамі і ўкідамі ў адносінах да планаў нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі і іншымі выдумкамі вакол расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022»».

«На просьбу калегі Уладзімір Макей давёў аб’ектыўную інфармацыю аб рэальным становішчы спраў у гэтым кантэксце», – піша БелТА.

Кіраўнік Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган наведваў Украіну 3 лютага, асабіста сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, сярод іншага падпісаў угоду аб супольнай вытворчасці турэцкіх вайсковых беспілотнікаў «Байрактар» ва Украіне. Эрдаган заяўляў аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ўключна з Крымам і прапаноўваў пасярэдніцтва ў перамовах з Расеяй. 7 лютага Эрдаган тэлефанаваў Генеральнаму сакратару NATO і абмяркоўваў нарошчванне вайсковай прысутнасці Расеі вакол Украіны.

Беларусь разглядаюць як адзін з магчымых шляхоў расейскага нападу на Украіну: цяпер на беларускай тэрыторыі трываюць буйныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, і расейскіх вайскоўцаў бачаць далёка ад афіцыйных палігонаў. Паводле ацэнак NATO, у Беларусі цяпер могуць быць каля 30 тысяч расейскіх салдатаў – гэта найбуйнейшае разгортванне войскаў у Беларусі пасля халоднай вайны. Значную частку сваіх прамоваў Аляксандр Лукашэнка цяпер прысвячае магчымай вайне Расеі з Украінай і ўдзелу ў гэтым Беларусі.

Hавiны
«Саюзная рашучасць»: Сілы спецыяльных аперацыяў Беларусі перакінуты да мяжы з Украінай
2022.02.12 10:16

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў