Дзяржаўны сакратар ЗША заклікаў Расею да дээскалацыі, прыгразіў рашучым адказам на ўварванне ва Украіну


Чакаюцца перамовы Байдэна і Пуціна, перад імі стэлефанаваліся міністры замежных справаў.

Энтані Блінкен.
Фота: Mark Makela / Getty Images

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен 12 лютага правёў тэлефонную размову з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Паводле заявы амерыканскага боку, Блінкен абмеркаваў з Лаўровым занепакоенасць тым, што Расея можа разглядаць пашырэнне ваеннай агрэсіі супраць Украіны ў бліжэйшыя дні.

«Дзяржаўны сакратар выразна даў зразумець, што дыпламатычны шлях да ўрэгулявання крызісу застаецца адкрытым, але гэта запатрабуе ад Масквы дээскалацыі і ўдзелу ў добрасумленных дыскусіях, – паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс. – Ён паўтарыў, што калі Масква пойдзе на шлях агрэсіі і далейшага ўварвання ва Украіну, гэта прывядзе да рашучага, масіраванага і аб’яднанага трансатлантычнага адказу».

Расейскі ж бок піша, што Лаўроў заявіў пра «разгорнутую ЗША і іхнымі саюзнікамі прапагандысцкай кампаніі аб расейскай агрэсіі» як аб «правакацыі, якая заахвочвае ўлады ў Кіеве да сабатажу Менскіх пагадненняў і спробаў гвалтоўнага вырашэння праблемы Данбасу».

Лаўроў таксама згадаў, што на расейскія патрабаванні аб «гарантыях бяспекі» адказалі ігнараваннем той часткі, у якой Расея патрабуе адмовіцца ад пашырэння NATO і якую Расея лічыць найбольш прынцыповай.

12 лютага чакаюцца таксама тэлефонныя перамовы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным з ініцыятывы амерыканскага боку.

Hавiны
Ужо 14 краінаў свету заклікалі сваіх грамадзян пакінуць Украіну праз пагрозу вайны
2022.02.12 12:53

Заходнія медыі паведамляюць, што Расея мае планы ўварвання ва Украіну ў бліжэйшыя дні, найчасцей называюць дату 16 лютага. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў не панікаваць: казаў, што разумее ўсе рызыкі, але прасіў перадаць яму дакладную інфармацыю пра «стоадсоткавае ўварванне ва Украіну», калі такая ёсць.

Перад планаванымі перамовамі ў медыях сталі з’яўляцца паведамленні пра гучны выбух у Данецку – украінскім горадзе, які кантралююць падтрыманыя Расеяй «сепаратысты». Але паведамленні сталі абвяргаць і з Расеі, і з самаабвешчанай ДНР.

Hавiны
Заходнія медыі: Пуцін прыняў рашэнне аб уварванні ва Украіну, найбольш верагодная дата – 16 лютага
2022.02.12 08:42

АА belsat.eu

Стужка навінаў