Беларуская каманда на Алімпіядзе: без медалёў у біятлоне, правал у каньках


Чарговы няўдалы дзень для беларускай каманды на Алімпіядзе ў Пекіне. На гэты раз расчаравалі біятланісты і канькабежцы.

Восьмы дзень Алімпіяды зноў не прынёс Беларусі нічога добрага, айчынныя спартоўцы аказаліся вельмі далёка ад медалёў.

Галоўная ўвага дня была да мужчынскага спрынту на 10 кіламетраў. У ёй надзеі беларускіх аматараў біятлону былі звязаныя з Антонам Смольскім, які ў мінулай гонцы заваяваў адзіны для Беларусі медаль Алімпіяды. Але гэтым разам падпісант праўладнага ліста аказаўся далёка ад пʼедэсталу, з адным промахам Смольскі фінішаваў дзясятым.

Пасля гонкі Антон сказаў тэлеграм-каналу «TEAM BY»: «Ацэньваю свой выступ у спрынце 8 з 10. Справіўся добра са стральбой лежачы. Першыя два кругі прайшоў на нядрэннай хуткасці, не справіўся са стойкай, адзін штрафны круг. Гэта не дазволіла патрапіць у топ-6, але ўсё роўна стартавая пазіцыя на гонку пераследу вельмі добрая. Буду змагацца».

Hавiны
«Не мой дзень». Беларускія біятланісткі не спраўдзілі надзеяў у спрынтарскай гонцы
2022.02.11 17:31

Пры гэтым каментар Антона не выглядаў як пакаяльнае відэа, як гэта было ў фрыстайлістаў і лыжнікаў.

Астатнія выступілі яшчэ горш. Мікіта Лобастаў з чатырма промахамі заняў 57-е месца, Максім Варабей – 71, Дзмітрый Лазоўскі з трыма промахамі – 78. Двое апошніх не адабраліся ў наступную гонку.

У канькабежным спорце ў Беларусі ўвогуле правал. Так, апошняе 30-е месца на дыстанцыі 500 метраў заняў Ігнат Галавацюк. Апошнімі восьмымі былі і беларускія канькабежкі ў камандай гонцы праследавання, у складзе Кацярыны Слаевай, Яўгеніі Варабʼёвай, Марыі Зуевай. Беларускі выступяць у фінале D і пазмагаюцца з камандай Польшчы за сёмае месца. Заезд пройдзе 15 лютага. Лепшы час у чвэрцьфінале паказала зборная Японіі, якая ўстанавіла новы алімпійскі рэкорд.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў