11–12 лютага ўлады зладзілі ў Менску Усебеларускі народны сход. Сёлета ён адбываецца на фоне глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу, адсюль і такая ўвага да афіцыйнага мерапрыемства, распавялі «Белсату» палітолагі.
Усебеларускі народны сход – гэта агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, наменклатуры, кіраўнікоў прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў культуры і навукі, лаяльных Аляксандру Лукашэнку. Канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС не мае, то бок рашэнні сходу пазбаўленыя юрыдычнай моцы. Галоўнае заданне сходу – дэманстрацыя «ўсенароднага падтрымання» Лукашэнкі. Звычайна УНС ухваляе палітычны курс Лукашэнкі і прымае план развіцця дзяржавы на пяцігодкі.
Сёлета мерапрыемства мала чым адрознівалася ад мінулагодніх. Але з моманту аб’яўлення даты цікавасць да яго была большая, чым звычайна, што абумоўлена вострым палітычным крызісам, які распачаўся пасля выбараў у мінулым годзе.
«Фармат мерапрыемства моцна змяніўся. Сход спачатку меркавалі правесці да выбараў, каб ён стаў падзеяй, якая б мабілізавала. Пасля выбараў, калі пачалася актыўная фаза ўнутрыпалітычнага крызісу, узнікла ідэя, якая актыўна абмяркоўвалася ў Расеі, каб зрабіць УНС пляцоўкаю для агульнанацыянальнага дыялогу, а таксама прапаноўваў змены ў Канстытуцыю. Але ў выніку ўвесь палітычны змест выкінулі з парадку дня і атрымаўся фармат падобны да таго, што быў падчас ранейшых мерапрыемстваў. І гэта больш рытуальная падзея, дзе гучаць вынікі працы за мінулую пяцігодку і вызначаюцца кірункі на будучыя пяць гадоў, а таксама гучаць розныя дэкларацыі.
Хаця і былі некаторыя моманты, якія маглі б быць цікавымі з палітычнага пункту гледжання. Тут вядзецца пра магчымыя сцэнары на будучыню, якія агучыў Лукашэнка. Але галоўны пасыл – Лукашэнка не збіраецца сыходзіць», – пракаментаваў «Белсату»Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», доктар палітычных навук.
«Нічога фундаментальна новага не прагучала. Але ёсць некаторыя рэчы, якія прынамсі на словах прагучалі зусім па-новаму. У прыватнасці вонкавапалітычная частка. Напрыклад, адмовіцца ад памкнення да нейтралітэту, што замацавана ў Канстытуцыі. Зрабіць стаўку на перакос у вонкавай палітыцы на Расейскую Федэрацыю і адмовіцца ад спробаў дыверсіфікацыі вонкавага гандлю. Гэта было нечакана, бо не да канца зразумела, у чым сэнс: усё можна рабіць і без такіх дэкларацыяў. У справе эканомікі, сацыяльнай палітыкі нічога новага не прагучала.
Наступны момант, які прагучаў, – змены праз дэфіцыт рэсурсаў. І гэты дэфіцыт будзе павялічвацца, таму трэба разглядаць дэкларацыі праз колькасць і памер даступных сродкаў, а не наадварот. Таму сацыяльныя абавязальніцтвы, развіццё інфраструктуры, развіццё вытворчасці і гэтак далей будуць залежаць ад даступнасці сродкаў», – адзначыў «Белсату» Юрый Царык, кіраўнік расейскіх і постсавецкіх даследаванняў Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.
«Традыцыйнае мерапрыемства. Адзінае, што яго адрознівае ад мноства іншых, што яно адбываецца не перад выбарамі ці значнымі палітычнымі падзеямі. Зроблена яно для ўмацавання ўлады. Прычым не толькі ў вачах прыхільнікаў, але і ў вачах астатняй часткі насельніцтва. Спроба пераканаць іх, што ўсё пад кантролем, што нічога не зменіцца, што ўсё будзе развівацца такім чынам, як палічыць адна асоба. У цэлым гэта станаўленне такога «цэзарызму», я б так сказала», – адзначае Вольга Абрамава, былая дэпутатка Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання і Палаты прадстаўнікоў.
Пры гэтым Вольга Абрамава падкрэслівае: насамрэч спроба дэманстрацыі, што ўсё пад кантролем з боку Лукашэнкі, няўдалая.
«Пры той палярызацыі грамадства, якая назіраецца, цяпер ужо ўва ўсіх тых, хто быў недатычны да палітычнага працэсу ў мінулым, ужо сфармавалася свая сістэма палітычных поглядаў. Дастаткова зразумела для кожнага, за каго ён у гэты момант, нават калі ён не прымае ўдзелу ў палітычных акцыях. Палярызацыя звычайна ў гэтым і складаецца. Грамадства дзеліцца на дакладныя сегменты з сістэмаю перакананняў, якія становяцца трывалымі. Гэта не тое, што можна падвяргаць сумневам», – дадае Вольга Абрамава.
СК, belsat.eu