Змяніць Канстытуцыю і памерці за Расею. Што трэба ведаць пра вынікі УНС-2021


У Менску завяршыўся Усебеларускі народны сход – традыцыйны форум прадстаўнікоў наменклатуры, сілавікоў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і проста прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Belsat.eu падводзіць галоўныя вынікі УНС-2021.

Канстытуцыйная рэформа і механізм транзіту ўлады

Падчас Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў пра намер надаць УНС канстытуцыйны статус. Нагадаем, што пакуль канстытуцыйных паўнамоцтваў сход не мае, то бок яго рашэнні пазбаўленыя юрыдычнай моцы. Выніковая рэзалюцыя сёлетняга форуму ўхваляе ідэю Лукашэнкі прызнаць УНС найвышэйшаю формаю народнага прадстаўніцтва і замацаваць такі статус у Канстытуцыі.

Усебеларускі народны сход – 2021, прамаўляе Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Pavel Orlovsky / TASS / Forum

Фактычна гаворка пра тое, што сходу будуць падпарадкоўваюцца ўсе галіны ўлады. Паводле Лукашэнкі, менавіта пры дапамозе такога надзвычайнага органу будзе рэалізаваны транзіт улады да ягонага пераемніка. Ён таксама назваў дзве галоўныя ўмовы свайго сыходу з пасады прэзідэнта: адсутнасць пратэстаў і гарантыі асабістай бяспекі свайму атачэнню і прыхільнікам. Гэтыя пункты Лукашэнка назваў новаю грамадскаю дамовай.

«Калі гэтая грамадская дамова, якую мы заключым, будзе парушаная, уся ўлада будзе ва ўсенароднага сходу. У вас. Нават без мяне. І Усебеларускі народны сход – ён будзе абірацца яшчэ больш адказна – будзе мець паўнамоцтвы. Ён павінен быць стабілізатарам на пераходны перыяд», – патлумачыў ён.

Палац Рэспублікі.
Фота: ТК / «Белсат»

Аналітыкі ў сваю чаргу не выключаюць, што ўзначаліць гэты новы надзвычайны орган хоча сам Лукашэнка, захаваўшы такім чынам рэальную ўладу ў сваіх руках нават у тым выпадку, калі ён фармальна пакіне пасаду прэзідэнта.

Hавiны
Рэферэндум сумесцяць з мясцовымі выбарамі, а папярэдне перарэгіструюць партыі
2021.02.12 14:37

Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі распрацуюць цягам 2021 года. У 2022-м ён абяцае правесці рэферэндум наконт змены галоўнага закону краіны.

Абарона расейскіх інтарэсаў

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей падчас УНС прапанаваў адмовіцца ад нейтральнага статусу Беларусі і прызнаць прыярытэт Расеі ў замежнай палітыцы краіны:

«Замацаванае ў Канстытуцыі імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае актуальнай сітуацыі. Прапануем улічыць гэты аспект у працы над папраўкамі да Асноўнага Закону нашай краіны. Мы на геапалітычным разломе паміж Усходам і Захадам. Нейтралітэту ў класічным выглядзе больш не існуе. Таму Беларусь павінна трымацца прынцыпу шматвектарнасці. Хоць гэта і не адмаўляе нейкага канкрэтнага вектару. У нас гэты прыярытэт выпакутаваны жыццём – Расея застанецца галоўным партнёрам».

Hавiны
«Няўдалая спроба дэманстрацыі, што ўсё пад кантролем»: эксперты пра УНС
2021.02.12 17:01

У сваю чаргу Лукашэнка падчас выступу ўсяляк стараўся падкрэсліць той факт, што толькі ён можа гарантаваць абарону расейскіх інтарэсаў на тэрыторыі Беларусі. У сваім выступе Лукашэнка распавёў, «чаго хочуць яны» – апаненты ягонага рэжыму. Большасць пунктаў, прыпісаных палітычнай праграме апанентаў, закранаюць у першую чаргу інтарэсы РФ у Беларусі. Нібыта апазіцыя хацела:

  • увесці крымінальную адказнасць за публічную абразу беларускай мовы;
  • выкарыстоўваць беларускую мову ў войску;
  • аднавіць Беларускую аўтакефальную царкву;
  • забараніць трансляцыі расейскага тэлебачання;
  • забараніць прарасейскія арганізацыі, дзейнасць якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам;
  • забараніць продаж Расеі абʼектаў беларускай інфраструктуры;
  • выйсці з Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і АДКБ;
  • вывесці з тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя абʼекты і згарнуць адзіную сістэму супрацьракетнай абароны;
  • далучыцца да NATO.

Лукашэнка запэўніў: асноўным эканамічным партнёрам і стратэгічным саюзнікам Беларусі «была і будзе нашая Расея», а інтэграцыю з Расеяй падтрымліваюць нібыта больш за 70 % беларусаў. А калі Масква яшчэ дасць беларускім прадпрыемстваў роўныя ўмовы для субʼектаў гаспадарання, то ўвесь «беларускі народ з глыбокаю павагаю будзе глядзець на Расею». «Мы тут, у Беларусі, будучы апораю нашай адзінай айчыны, будзем паміраць за сваю краіну – і за Расею ў тым ліку», – заявіў Лукашэнка.

Палац Рэспублікі.
Фота: ТК / «Белсат»

З прарасейскаю рыторыкаю выступалі і звычайныя дэлегаты форуму. Напрыклад, Юрый Васкрасенскі запрапанаваў, каб у Менску з’явіўся праспект або «плошча Расеі», бо Расея нібыта «каласальна дапамагла» беларускаму народу.

Анонс новых рэпрэсіўных законаў

Масавыя пратэсты 2020 года Лукашэнка назваў «жорсткай атакай, зарганізаванаю звонку». «Гэта мяцеж, і форма яго – менавіта мяцеж. І метад – бліцкрыг. Бліцкрыг не атрымаўся. Мы ўтрымалі сваю краіну. Пакуль. Мы ведаем абсалютна адназначна і дакладна, што яны ад нас не адступяцца. Бо задзеяныя вельмі магутныя сілы, і прайграць у гэтай вайне ім быццам бы не з рукі. Але нам трэба выстаяць, не зважаючы ні на што. І 2021 год будзе вызначальным», – пакрэсліў ён.

Лукашэнка паабяцаў, што неўзабаве парламент прыме змены ў заканадаўства «для спынення масавых беспарадкаў, правакацыяў і правапарушэнняў».

«Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, працэс запушчаны, мною даручана розным структурам органаў улады падрыхтаваць праекты адпаведных нарматыўна-прававых актаў. Важна не толькі спыніць усякія масавыя беспарадкі, але і каб мы выглядалі цывілізаванаю дзяржаваю», – падкрэсліў ён.

Імаверна, маюцца на ўвазе раней анансаваныя змены ў заканадаўства, паводле якіх увядуць крымінальную адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкіх поглядаў, за паўторны цягам года ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, за паўторнае парушэнне Закону аб СМІ і за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».

Дваровы марш. Пратэстоўцы прайшліся маршам па дварах у раёне ст. м. «Грушаўка», крычалі «Саша, ты звольнены», «Глядзі ў акно, а не ў тэлевізар», «Далучайся» і «Жыве Беларусь!». Менск, Беларусь. 9 студзеня 2021 года.
Фота: АК / «Белсат»

Між тым тэму прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім Лукашэнка на УНС не закранаў.

Наступ на бізнес

Фактычна Лукашэнка паабяцаў пераследаваць бізнес за праяву нелаяльнасці да рэжыму і параіў прадпрымальнікам «не лезці ў палітыку». Лукашэнка прызнаў, што гэта менавіта ён загадаў распачаць пераслед крамаў і кавярняў, якія падтрымалі ўсеагульную забастоўку 26 кастрычніка: «Я папярэдзіў Камітэт дзяржкантролю: калі зачыніліся (не мы ж зачынялі), то каб ніводнае не адчынілася».

Лукашэнка раскрытыкаваў захады ў падтрыманні прыватнага бізнесу і спрашчэнні бюракратычных працэдураў. У тым ліку ён выступіў супраць ліцэнзавання прыватных медычных цэнтраў, дзе нібыта кепска ставяцца да ягоных прыхільнікаў:

Hавiны
У Менску затрымалі ўладальніка крамаў «Green» і ГЦ «Скала» Генадзя Кірэйкава
2021.02.12 17:53

«Прыходзіць чалавек у пагонах або дзяржаўны службовец і чуе: «Ты, «ябацька», прэч адсюль». Якая павінна быць мая рэакцыя на гэта? Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам за такія рэчы!»Лукашэнка заклікаў бізнесоўцаў пачынаць працаваць на дзяржаву:

«Беларусь – не Расея, улада на калені перад бізнесам не стане. Застануцца толькі патрыёты. Не патрыёты хай лепш паедуць з крадзенымі грашыма».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў