У Менску затрымалі ўладальніка крамаў «Green» і ГЦ «Скала» Генадзя Кірэйкава


У Менску тыдзень таму затрымалі прадпрымальніка Генадзя Кірэйкава. Бізнесовец заснаваў групу кампаніяў «Рапа», якой належыць сетка крамаў «Green», ГЦ «Скала». Пра затрыманне толькі сёння стала вядома «Нашай ніве».

Буйнога прадпрымальніка Генадзя Кірэйкава затрымалі на мінулым тыдні. Што менавіта сталася прычынаю, невядома. Знаёмыя Кірэйкава кажуць, што фармальна «нешта налічылі», неафіцыйна гучыць інфармацыя пра палітычную прычыну арышту, ускосна гэта пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. На ​​УНС ён заявіў, што загадаў сілавікам заняцца адною з гандлёвых кампаніяў, больш яна працаваць не будзе. Журналісты мяркуюць, што вядзецца пра сетку крамаў «Green», якою валодае Генадзь Кірэйкаў.

«Не буду называць кампанію, мы яе проста выразаем, гандлёвая. Вазьміце беларускі тавар, харчы, прадайце: «Вы «ябацькі», «беларускае» – прэч адсюль». Я кажу: праверце. А што там? Егіпецкая бульба, польскія яблыкі, літоўская прадукцыя і гэтак далей. Я асабіста даручыў сваім людзям пайсці і паглядзець, без чыноўнікаў. Скажыце, як я павінен ставіцца да такой кампаніі, якой я стварыў умовы, каб яна тут працавала? Яе ў Беларусі не будзе. Яна ў нас не дэфіцыт», – заявіў Лукашэнка.

Вядома, што на мінулым тыдні ў офісе кампаніі «Green» адбываліся ператрусы.

Падчас УНС Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў прадпрымальнікаў Беларусі і прыгразіў бізнесоўцам санкцыямі за падтрыманне пратэсту. Лукашэнка заявіў, што лібералізацыяй у правяранні бізнесу ўлады «ў краіне стварылі хаос, асабліва ў Менску».

Hавiны
«Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка выступіў з пагрозамі прыватнаму бізнесу за «палітыку»
2021.02.12 13:23

 

СК, belsat.eu

Стужка навінаў