Неймаверная Марыя Калеснікава: «Я іду да канца і я заўсёды буду ў Беларусі»

Аляксандр Калеснікаў, бацька Марыі Калеснікавай. Фота: ТК / «Белсат»

Бацька Марыі Калеснікавай распавёў пра дачку.

12 лютага 2021 года стала вядома, што Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку выставілі новыя абвінавачанні. Пра гэта паведаміў афіцыйны Telegram-канал Віктара Бабарыкі.

Калеснікаву і Знака абвінавацілі ў змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу) ды ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу).

«Вы неймаверныя!» – выказванне Марыі Калеснікавай, што сталася сімвалам і візітоўкай пратэставай Беларусі. Прафесійная музыкантка-флейтыстка, кіраўніца творчае пляцоўкі «Ок16» і штабу Віктара Бабарыкі ў прэзідэнцкай кампаніі замест жыцця ў замежжы выбрала зняволенне на радзіме, парваўшы на мяжы свой пашпарт грамадзянкі Беларусі.

Пяць месяцаў Марыя Калеснікава перабывае пад вартай паводле абвінавачвання ў «закліках да дзеянняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі»: частка 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу пагражае зняволеннем ад двух да пяці гадоў.

Усё кіраўніцтва і ўсю адказнасць я вазьму на сябе

– Вось гэта – пасведчанне Марыі пад нумарам тры ў штабе Віктара Бабарыкі. Першы нумар быў у Віктара Дзмітрыевіча, а другі – у Максіма Знака.

Аляксандр Калеснікаў расказвае пра сваю дачку Марыю.Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Калеснікаў раскладвае фотаздымкі сям’і: дачок Марыі і Таццяны, жонкі Тамары ды іншых сваякоў. Адначасна згадвае колішнюю размову з дачкой напярэдадні кампаніі выбараў:

– Кажу ёй: Марыя, а што, калі… А яна мне адказвае: тата, ты бачыш які нумар майго пасведчання? Гэта значыць, што пасля іх усё кіраўніцтва і ўсю адказнасць я вазьму на сябе…

Мы давалі дзецям магчымасць быць свабоднымі, хоць і самі не ведалі дакладна, што гэта такое

Марыя Калеснікава і ейная малодшая сястра Таццяна – з сям’і менскай інтэлігенцыі: бацькі-інжынеры выпісвалі ўсю прагрэсіўную перыёдыку часоў перабудовы і мелі ў доме вялікую бібліятэку.

– Маша перачытала яе ўсю, – згадвае спадар Аляксандр.

Фота: ТК / «Белсат»

Паводле яго, Марыя цікавілася і палітычнымі падзеямі:

– Мы давалі магчымасць нашым дзецям быць свабоднымі, хоць і самі дакладна не ведалі што гэта такое. Сярод маіх сяброў быў адзін вельмі цікавы чалавек – вандроўнік. Уявіце, у тыя часы: Антарктыда, Паўночны полюс – у яго было такое падарожжа ўздоўж Паўночнага Ледавітага акіяну. Гэта чалавек, які быў вольны знутры, і вось такія людзі, якія кіравалі сваім жыццём, маглі стацца гаспадарамі свайго жыцця, – і былі прыкладам для Машы.

Раніцай бягу ў пякарню, гатую булачкі, увечары – ізноў бягу, мыю посуд

Марыя Калеснікава – прафесійная музыкантка.

– Мы з сябрамі іншы раз дазвалялі сабе сустракаць світанак на беразе Свіслачы, і Маша засынала пад гітару і нашыя спевы проста ў дзіцячым вазку, – смяецца спадар Аляксандр, калі вытлумачвае любоў да музыкі ў сваёй дачкі.

Фота: ТК / «Белсат»

Але Марыя сталася музыканткаю не на жарт: выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі распачала музычную кар’еру як флейтыстка, дырыжорка і выкладніца. Працавала ў найлепшых аркестрах, тэатрах і школах беларускае сталіцы. Але аднойчы пакінула Менск і пераехала ў нямецкі Штутгарт – удасканальваць майстэрства ў Высокай школе музыкі.

– Маша заўсёды была вельмі самастойнай і ўсяляк ухілялася ад нашай дапамогі, – кажа спадар Аляксандр. – Але неяк яна прамовіла: раніцай я рана ўстаю, бягу ў пякарню, дапамагаю гатаваць булачкі, выкладваю на прылавак і мыю посуд. Увечары я ізноў прыбягаю ў пякарню, мыю посуд і гатую замес на булачкі. І вось толькі «між радкоў» я даведаўся і адчуў, як насамрэч ёй было цяжка.

Кар’еру музыканткі ў Штутгарце змяніла на пасаду палітычнае дзяячкі ў Менску

Дванаццаць гадоў Марыя Калеснікава працавала ў Нямеччыне выкладніцаю і арганізоўвала беларуска-нямецкія музычныя фестывалі. А вярнулася на радзіму – незадоўга да чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Падчас аднаго з прыездаў у Менск пайшла на сустрэчу.

– Вярнулася вясёлая, узнёслая – па ёй заўсёды відаць – і паведаміла: «Я атрымала прапанову, ад якой нельга адмовіцца», – згадвае тата Марыі.

Фота: ТК / «Белсат»

Гэта была прапанова кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі ўзначаліць культурную пляцоўку «Ок16» у Менску. І за непрацяглы час «Ок16» пад кіраўніцтвам Марыі Калеснікавай сталася заўважнай з’явай у культурным асяроддзі сталіцы. А неўзабаве Марыя ўзначаліла перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі.

– Віктар Дзмітрыевіч сабраў каманду маладых, адукаваных і крэатыўных людзей, якія гатовыя былі дзеіць. І Маша зрабілася адною з першых, блізкіх яму духам, – гэтак мяркуе пра імклівую палітычную кар’еру сваёй дачкі Аляксандр Калеснікаў.

Для мяне галоўным было ведаць, што яна жывая…

– Вядома, я ганарыўся, хоць і страшнавата было, – кажа Аляксандр Паўлавіч пра падзеі выбарчай кампаніі. – Я быў на некаторых мітынгах і, калі бачыў, як да яе ставяцца людзі – у мяне былі слёзы на вачах… Яна сапраўды сталася ўвасабленнем настрояў мноства людзей, а галоўнае – яна была і ёсць вельмі шчырай, шчырай ва ўсім.

Пасля затрымання Віктара Бабарыкі ў складзе аб’яднаных штабоў Святланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы Марыя Калеснікава аб’ехала дзясяткі гарадоў, каб сустрэцца з тысячамі людзей.

– Мы і раней абмяркоўвалі і прыкладна разумелі, як будуць развівацца падзеі. Але да пытанняў бяспекі яна заўсёды ставілася з усмешкаю і старалася абыходзіць гэтую тэму, – згадвае спадар Аляксандр. – Казала: «Тата, што б ні здарылася, я цябе прашу: не пераймайся – я іду да канца і я заўсёды буду ў Беларусі».

Марыя Калеснікава з Аляксандрам Калеснікавым на першым мітынгу трыумвірату ў парку Дружбы народаў. 19 ліпеня 2020 года. Фота: ТК / «Белсат»

Пра затрыманне Марыі і разарваны пашпарт на мяжы Аляксандр Калеснікаў ведае са слоў адвакатаў.

– Лепш бы гэтага не было… Але я разумею, што гэта гераічны крок, я дагэтуль захапляюся гэтым учынкам. Для мяне на той момант галоўнае было – ведаць, што яна жывая…

Аляксандр Паўлавіч кажа, што іншы раз спрабуе паставіць сябе на месца дачкі.

– Напэўна, ёй кіравала пачуццё адказнасці за сваіх калегаў, якія да чаго часу былі ўжо зняволеныя, у тым ліку Віктар Дзмітрыевіч. Яна заўсёды казала: «Тата, нашая каманда – гэта не пусты гук».

Лозунг Машы: «Даўбіць, даўбіць, даўбіць!» – прыносіць вынік

Блакада – гэтак называе Марыя ліставанне з сям’ёй. Некаторыя лісты ўсё ж даходзяць. Спадар Аляксандр заўсёды носіць іх з сабою, чытае: «Татачка, прывітанне. Як і абяцала, пішу табе штодня. Чакаю навінаў ад бабулі і дзядулі, спадзяюся, што з імі ўсё добра».

Фота: ТК / «Белсат»

Тамара Мікалаеўна – мама Марыі – раптоўна памерла ў 2019 годзе, а Аляксандр Паўлавіч разам з братам даглядаюць сваіх 90-гадовых бацькоў, і Марыя хвалюецца за ўсіх.

– «У мяне, як заўсёды ўсё добра, за мяне дакладна не перажывайце», – усміхаецца напісанаму спадар Аляксандр. – Толькі ў адным лісце я адчуў трывогу, калі яна наўпроставым тэкстам напісала, што ёй вельмі цяжка праз тое, што ў камеры паляць. Нядаўна адвакатка паведаміла, што адміністрацыя паабяцала палепшыць сітуацыю – Маша-такі дамаглася свайго. Ейны лозунг: «Даўбіць, даўбіць, даўбіць» – прыносіць вынік.

«30 кілаграмаў яблыкаў ёй ужо перадалі і нічога больш не прымаем»

Аляксандр Калеснікаў кажа, што ў дачкі вельмі добрыя і надзейныя сяброўкі – «прыклад, калі і мужчынскае сяброўства можа пазайздросціць».

– Адвакат паведамляе, што Маша прасіла перадаць, і дзяўчаты гэта неадкладна выконваюць. І гэтак старана, што я іншы раз нават зайздрошчу такому сяброўству: яны ведаюць Машына любімае печыва і адмыслова яго замаўляюць. Маша паведаміла, што ў камеры дазваляюць мець тэлевізар – назаўтра тэлевізар ужо быў у яе. Гэта проста цуд, – дзівіцца тата Марыі.

Фота: ТК / «Белсат»

Разам з сябрамі яны склалі «пратакол перадачаў» і старана яго пільнуюцца.

– Перадачы абмяжоўваюцца 30 кілаграмамі прадуктаў на месяц. Аднойчы мы прыходзім, а нам кажуць: «30 кілаграм яблыкаў ёй ужо перадалі і нічога больш не прымаем». Навучаныя гэтай дробнай брыдотай, мы склалі спіс, ад каго можна прымаць пасылкі, каб гэткіх правакацыяў больш не здаралася. І вось гэтае жаданне дапамагчы вельмі кранае – слёзы на вачах наварочваюцца. Гэта – шмат чаго вартае.

Сапраўдны афіцэр – мая дачка ці вы з генеральскімі пагонамі?

– Яны змаглі аслабіць улады так, што гэта сталася пагрозаю для ейнага асабістага існавання, – гэтак Аляксандр Паўлавіч ацэньвае ўдзел у палітычных падзеях Марыі і ейных паплечніц – Святланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы.

– Таму цяпер ідзе паўнавартасная расправа з іншадумствам свабодных людзей.

Аляксандр Калеснікаў у мінулым – афіцэр-падводнік, служыў у «элітных» войсках на атамных падводных лодках. Бачыў і добра ведае, што такое афіцэрскія годнасць і гонар ды наколькі высокі парог гэтых якасцяў.

Фота: ТК / «Белсат»
– І я параўноўваю тых афіцэраў з цяперашнімі – якія бяруць удзел у незаконных затрыманнях, здзеках і катаваннях людзей. Я спрабую да іх дагрукацца і заклікаю застацца афіцэрамі, захаваць свае гонар і годнасць! Бо пасля будзе вельмі балюча і сорамна не толькі ім, але і сваякам, – перакананы спадар Аляксандр. – А тыя, хто вышэй, – яны Машы ўжо сказалі, што пераломяць ёй пальцы і знішчаць фізічна. Гэта трэба мець такую смеласць, такую вытрымку і стойкасць, каб у гэтых умовах адкрыта заявіць, што яна прыцягне іх да адказнасці і дамагаецца распачаць крымінальную справу! Я лічу, што гэта сапраўдны афіцэрскі ўчынак! І вось пытанне: хто сапраўдны афіцэр – мая дачка ці вы з генеральскімі пагонамі?!

«Смелай дзяўчынцы» ад Святланы Алексіевіч

«Гэтае выданне смелай дзяўчынцы, якая не баіцца злосных паліцэйскіх і змагаецца з імі, і ейнаму тату – самым смелым у свеце». З гэткім надпісам двухтамовік выдання «Піпі доўгая панчоха» Аляксандру Калеснікаву перадала Святлана Алексіевіч. Падарунак спадару Аляксандру перадалі падчас аднаго з судовых працэсаў, калі безвынікова разглядалі хадайніцтва аб змене меры стрымання для Марыі і ейнага вызвалення з-пад варты.

Фота: ТК / «Белсат»

– Я вельмі паважаю Святлану Алексіевіч і ейную творчасць, але не прызвычаіўся да такой увагі і таму гэта было неспадзявана і так кранальна! Гэта – шмат чаго вартае, і як тут не перамагаць, калі такое падтрыманне! Усё роўна мы пераможам!

Нямецкі фонд імя Гергарта і Рэнаты Баўм у Штутгарце ўзнагародзіў Марыю Калеснікаву прэміяй у галіне правоў чалавека. Марыя Калеснікава разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала вылучаныя на Нобэлеўскую прэмію міру.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны