«Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка выступіў з пагрозамі прыватнаму бізнесу за «палітыку»


Аляксандр Лукашэнка 12 лютага падчас Усебеларускага народнага сходу моцна раскрытыкаваў прыватны бізнес і прыгразіў яму санкцыямі за падтрыманне пратэсту.

Лукашэнка заявіў, што лібералізацыяй у правяранні бізнесу ўлады «ў краіне стварылі хаос, асабліва ў Менску».

«У ліцэнзаванні медычнай дзейнасці былі пытанні. І што мы атрымалі пасля лібералізацыі? Прыходзіць чалавек у пагонах або дзяржаўны служачы і чуе: «Ты, «ябацька», прэч адсюль». Якая павінна быць мая рэакцыя на гэта? Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам за такія рэчы! Тое самае было з дзіцём адной журналісткі, якая за дзейную ўладу», – заявіў ён.

Паводле Лукашэнкі, калі раней прыватны бізнес дазвалялі ствараць, бо былі праблемы з працаўладкаваннем, то «цяпер праблемаў з працоўнымі месцамі няма: МТЗ – ідзі працуй і добра зарабляй».

«Нам патрэбныя ініцыятыўныя людзі, але яны павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы, а не на разбурэнне», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначыў, што бізнес, апроч выплаты падаткаў дзяржаве, павінен яшчэ інвеставаць «у дзяржаву, спорт»: «Роўныя ўмовы – гэта багаты плаціць больш, бо ты багацееш за кошт бедных».

Лукашэнка паабяцаў таксама «прывесці ў пачуццё ўсякіх іпэшнікаў», якіх абавяжуць плаціць 13 % падаходнага падатку.

Hавiны
Галоўчанка заявіў, што эканамічныя рэформы даводзяць краіны «да эканамічнага краху і дэфолту»
2021.02.12 11:23

«Клянуся вам дзецьмі: гатовы дыскутаваць з кожным. Патрэбная канкурэнцыя ідэяў. Але трэба разумець: у бізнесе і вытворчасці – адны законы і парадкі. А ў палітыцы – іншыя законы. Вас могуць тут спаласаваць ні за што», – дадаў ён.

Лукашэнка яшчэ раз загадаў бізнесоўцам пачынаць «працаваць на дзяржаву», бо «спуску вам не будзе, калі вы адступіцеся ад гэтай лініі».

Hавiны
Выказалі салідарнасць – закрыла санстанцыя і МНС. Кафэ «MonkeyFood» просіць аб дапамозе
2020.11.06 18:49

Лукашэнка таксама згадаў кавярні і рэстараны, якія «зачыніліся на знак салідарнасці».

«Каля 200 прадпрыемстваў гэтых вось бізнесоўцаў зачыніліся на знак салідарнасці. І хто яны ў нас? Дэфіцытныя? Асобныя гандлёвыя пункцікі. Як я павінен быў паступіць? Я папярэдзіў Камітэт дзяржкантролю: калі зачыніліся, то каб ніводнае не адчынілася», – прызнаўся Лукашэнка.

І даручыў іх не шкадаваць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў