«Калі мы цябе праз пяць хвілінаў знойдзем – маліся». Гісторыя № 4 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Аляксей Завадскі пайшоў на выбары назіральнікам і, зафіксаваўшы колькі парушэнняў, з некалькімі калегамі рушыў у тэрытарыяльную камісію Савецкага раёну Менску. З ганку адміністрацыі іх забрала міліцыя: схапілі, каго паспелі. Аляксей быў агаломшаны, казаў ім, што падае скаргу, але сілавікам было ўсё адно.

Ва УУС Савецкага раёну Аляксей зразумеў: у горадзе нешта адбываецца, бо ўвесь час фармаваліся групы, з’язджалі сілавікі. Адзін міліцыянт, які не трапіў у чарговую групу, нават засмуціўся: «Шкада, я так паваяваць хацеў». Аляксея з іншымі затрыманымі вартавалі курсанты, а праз некаторы час АМАП прывёз новую партыю людзей. Іх кінулі на падлогу, пад ногі Аляксею. У аднаго з новых затрыманых зляцеў белы абутак, яго кінулі побач з хлопцам са словамі: «Вось, табе спатрэбяцца белыя тапкі».

Аляксей да апошняга думаў, што пасля складання пратаколаў іх адпусцяць. Але праз дзве гадзіны стаяння прыйшлі амапаўцы, звязалі рукі сцяжкамі ды завялі ў машыну. Хлопец добра арыентуецца ў горадзе і, хоць бачыў толькі падлогу аўтамабіля, зразумеў: наступны прыпынак – Акрэсціна.

Там усіх паставілі на расцяжку ля сцяны. Праз некаторы час хлопец трапіў у камеру і спачатку падумаў, што ўмовы нават неблагія, але пазней апынуўся ў камеры на шэсць месцаў з 36 асобамі ў ёй. Дыхаць не было чым, на ўсе просьбы – адзін адказ: «Зараз вам прыляціць дручком». Забаранілі нават гучна размаўляць. Вокны выходзілі ў двор: як і шмат хто з затрыманых тады, Аляксей чуў вусцішныя крыкі.

Аляксей Завадскі. Фота: Белсат

Суд – як і ў іншых, некалькі хвілінаў, у пратаколе затрымання – традыцыйна не той час, не тое месца. У выніку – 10 содняў арышту. Аляксей адрэагаваў даволі спакойна: «Калі будуць карміць, то можна і адседзець». Нечакана ўначы пасля суда пабудзілі. Тады хлопец заўважыў дзіўную акалічнасць: звычайна ноччу быў чуваць гул матораў машынаў, шум таго, як прывозілі людзей, крыкі. Тады гулу машынаў не было, аднак крыкі па-ранейшаму чуліся звонку. Пазней Аляксей сам зразумеў, чаму.

Пабудзілі ды загадалі спусціцца ў двор. На газоне ва ўнутраным двары бусы стаялі так, што закрывалі частку траўніка паміж будынкам і плотам. Атрымлівалася, што туды не трапляла святло ад ліхтароў. Загадалі бегчы за бусы, класціся на траву тварам уніз. Пачалі малаціць: «Мы зараз пакажам, як выходзіць на вуліцу і патрабаваць пераменаў! Каб мы не бачылі цябе ў цэнтры гораду». Сілавікі прымушалі спяваць гімн і пры гэтым збівалі. Праз некаторы час сталі людзей па адным выпускаць. Пакуль вялі да брамы, калацілі са словамі: «На расстрэл вядзём».

Малюнак Аляксея. Фота: Belsat.eu

Перад вачыма Аляксея – брама Акрэсціна, ягоныя боты і кроў з галавы. Але страху не было, ён ужо здагадваўся, што хутка выйдзе за браму. Пазней Аляксей глядзеў кадры ў СМІ з той ночы ды шукаў лужыну ўласнай крыві на асфальце.

Працаўнік, які выпускаў Аляксея, сказаў яму на развітанне: «Вось там метро, давай прастуй, калі мы цябе праз пяць хвілінаў знойдзем – маліся». За плотам – нікога, тады яшчэ не зʼявіліся валанцёры. Аляксей адразу хутка пабег, хаваўся ад аўтамабіляў, бо баяўся, што гэта могуць быць «яны». Хлопцу давялося чакаць некалькі гадзінаў да першага грамадскага транспарту. Дарогаю дадому ён яшчэ некалькі разоў непрытомнеў і падаў проста на асфальт. У эпікрызе дактары напішуць: разрыў цягліцы левага сцягна, пашкоджанні і кровападцёкі грудной клеткі ды абодвух сцёгнаў.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Hавiны