Чарговага адваката Калеснікавай хочуць пазбавіць ліцэнзіі

Людміла Казак. Фота: advokat.by

На 19 лютага прызначылі паседжанне кваліфікацыйнай камісіі ў пытаннях адвакацкай дзейнасці. Па яго выніках могуць спыніць ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці Людміле Казак, абаронцы палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

У Менску затрымалі адвакатку Марыі Калеснікавай

24 верасня 2020 года міліцыянты выкралі Людмілу Казак у цэнтры Менску. Пасля ночы ў ізалятары суддзя Кастрычніцкага раёну Менску Аляксандр Рудэнка прызнаў Казак вінаватай у непадпарадкаванні выкрадальнікам і аштрафаваў адвакатку на 25 базавых велічыняў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» звязвае ціск на Людмілу Казак з ажыццяўленнем ёй абароны Марыі Калеснікавай. Раней пазбавіўся ліцэнзіі адвакат Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка, а ў дачыненні двух іншых адвакатаў палітзняволенай – Іллі Салея і Максіма Знака – пачалі крымінальныя справы.

Суд адхіліў скаргу абароны Марыі Калеснікавай на падаўжэнне тэрміну зняволення

Як адзначае юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка, рэпрэсіўны апарат задзеяў тыя ж метады, што і дзесяць гадоў таму – пасля падзеяў Плошчы-2010. Улады і тады, і цяпер спачатку жорстка разабраліся са сваймі апанентамі, пасля чаго чыняць расправу над тымі, хто абараняў правы апанентаў. У выніку рэпрэсіўных захадаў уладаў, накіраваных супраць адвакатаў, якія толькі і могуць быць абаронцамі ў беларускіх судах, пагаршаецца і без таго беспрэцэдэнтны размах парушэння правоў чалавека на фоне здушэння пратэставай актыўнасці, заявіў ён.

МГ, belsat.eu

Hавiны