«ByPol» паведамляе пра пачатак чыстак у КДБ Беларусі


Машына хуткай дапамогі ля будынку КДБ у Менску.
Фота: «Белсат»

Ініцыятыва беларускіх сілавікоў «ByPol» паведаміла пра пачатак чыстак у Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

«ByPol» адзначае, што пачаліся захады супраць працаўнікоў, якія ўлетку падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва паставілі подпіс не за Аляксандра Лукашэнку.

«Раней ужо ўздымалі пытанне пра звальненне тых, хто падпісаўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, аднак тады праз цэйтнот і кадравы дэфіцыт на фоне пастаянных пратэстаў да крайніх захадаў не дайшло», – паведамілі ў ініцыятыве.

Чысткі закранулі і пенсіянераў, западозраных у нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі.

За подпісам кіраўніка КДБ Івана Церцеля выйшаў спіс пенсіянераў, якіх неабходна зняць з вайсковага ўліку ў КДБ і паставіць на ўлік на агульных падставах у раённыя ваенкаматы паводле месца рэгістрацыі. Акрамя таго, такіх пенсіянераў здымаюць з уліку ў паліклініцы КДБ, анулююць пропускі ў медычную ўстанову, адпраўляючы на абслугоўванне ў паліклініку паводле месца жыхарства.

Сярод пазбаўленых прывілеяў апынуліся нават экс-кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і экс-кіраўнік Службы аховы прэзідэнта Юрый Бародзіч.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў