Адвучылася ў Польшчы, вярнулася на радзіму: як гомельская мастачка трапіла пад крымінальны пераслед


Гамяльчанка Марыся Тульжанкова з’язджала вучыцца ў Польшчу паводле праграмы Каліноўскага. Адвучыўшыся на мастачку, дзяўчына пастанавіла вярнуцца на радзіму, каб быць карыснай у родным Гомлі: жыць тут, ствараць нешта новае ды спрыяць культурніцкаму жыццю гораду.

Але афіцыйная Беларусь сустрэла дзяўчыну горача: супраць Марысі распачалі крымінальную справу за арганізацыю масавых закалотаў. Як развіваецца справа? Ці не шкадуе Марыся пра вяртанне? І чаму менавіта яна трапіла ў поле зроку сілавых структураў?

«Калі ты носьбіт беларускае мовы, прасоўваеш культуру – воляй-няволяй трапляеш у палітычны кантэкст»

– Я зацікавілася беларушчынаю недзе ў 2008–2009 годзе. Усё пачалося перадусім з маёй зацікаўленасці беларускаю моваю, – распавядае Марыся Тульжанкова. – І з моваю тады было звязана некалькі адкрыццяў. Па-першае, была яе вартасць, неабходнасць захавання і актуальнасць моўнага пытання. Па-другое, яе недаацэненасць: як беларусы разумеюць беларускую мову і патрэбу ў ёй. А трэцім пунктам была палітызаванасць мовы. Прычым перадусім з боку ідэалагічнай сістэмы, а не грамадства. Бо я прыходзіла да беларускае мовы праз яе каштоўнасць для мяне. Але так аказвалася, што калі ты носьбіт беларускае мовы, праяўляеш зацікаўленасць беларускаю культураю, то воляй-няволяй трапляеш у палітычны кантэкст. І ўжо тады, у 2009 годзе, з’явілася з майго боку канфрантацыя з сілавымі структурамі.

Марыся Тульжанкова.
Фота: асабісты архіў

Першыя гэткія «канфлікты» для дзяўчыны былі абсалютна неўсвядомленыя. Бо складана было ўявіць, што за распаўсюд улётак, якія прасоўваюць беларушчыну ды ідэі незалежнасці, за культурніцкія флэш-мобы ды івэнты можна быць затрыманай і трапіць за краты. У 2008 годзе Марысю затрымалі, у ІЧУ яна правяла двое содняў за распаўсюд святочных паштовак да Дня Волі.

– Ідэя мая была ў плоскасці культуры, мовы, але прысуды былі палітычна матываваныя. У 2012 годзе я атрымала ліст з ААН, дзе было напісана, што мяне прызналі палітычна пацярпелай, – кажа Марыся.

«Наўпрост казалі, што я буду мець праблемы з ВНУ, калі не спыню сваёй дзейнасці»

Праз грамадскую актыўнасць у дзяўчыны пачаліся праблемы з навучаннем. У той час Марыся вучылася ў Гомельскім мастацкім каледжы і планавала паступіць у профільную ВНУ.

– Пры «сустрэчах» з прадстаўнікамі праваахоўных органаў былі размовы наўпрост пра тое, што я буду мець праблемы з ВНУ, калі не спыню сваёй актыўнай дзейнасці ў Гомлі. І пасля пары спробаў паступіць у Акадэмію мастацтваў, знайсці сябе ў вышэйшай адукацыі, я ўжо вырашыла, што гэта справа безнадзейная, улічваючы ўвагу да маёй персоны.

Марыся Тульжанкова доўга і ўпарта дабівалася магчымасці стацца студэнткай універсітэту ў Беларусі і не хацела з’язджаць з роднае краіны. Але ўрэшце ўсвядоміла, што трэба ісці далей, развівацца і расці як прафесіянал хоць недзе: калі не ў Беларусі, дык у іншай краіне.

– У Гомлі можна было далей займацца краязнаўчай арганізацыяй, хіба што памяняць трошкі вектар і фармат, але гэта ўсё было не тое, не спрыяла развіццю. І тады я вырашыла, што варта скарыстацца магчымасцю, і ў 2015 годзе выехала ў Польшчу па праграме Каліноўскага ды атрымала там вышэйшую адукацыю.

Марыся Тульжанкова.
Фота: асабісты архіў

У пошуку сябе дзяўчына змяніла ў Польшчы некалькі ВНУ і атрымала ступень магістра ў кірунку мастацтва медыяў. Але падчас навучання Марысю не пакідалі думкі пра Беларусь: мастачка нават на чужыне прасоўвала культурніцкія каштоўнасці нашае краіны.

– З самага пачатку я там арганізоўвала канцэрты, розныя традыцыйныя вечарыны, майстар-класы, звязаныя з рамёствамі Беларусі, вучыла польскіх дзяўчат і хлапцоў спевам і танцам. Апошнім мерапрыемствам быў музычна-візуальны канцэрт, дзе я выкарыстоўвала традыцыйныя архаічныя беларускія спевы, задзеяла медыі, зробленыя праз камеру і кампʼютар, спрабавала спалучыць беларускую традыцыю і сучасныя тэхналогіі.

Час навучання Марысі Тульжанковай падыходзіў да канца акурат тады, калі ў Беларусі пачалася выбарчая кампанія 2020-га. І хоць Польшча – файная краіна для жыцця, а маладая мастачка лёгка магла б знайсці там працу паводле спецыялізацыі, сэрца клікала дзяўчыну дамоў.

Гісторыі
«Калі мяне зноў пасадзяць у карцар – я не ведаю, ці вытрымаю чарговую галадоўку»
2021.01.21 08:20

– Канчатковае рашэнне, што я хачу вярнуцца ў Беларусь, было прынятае напярэдадні выбараў. Не магу сказаць, што я даўно пра гэта думала, але рашэнне было прынятае, калі яшчэ не было гэтай усёй палітычнай завірухі ў Беларусі, – распавядае Марыся. – Я пачала прыслухоўвацца да таго, чаго я насамрэч хачу, да інтуіцыі, а не лагічнага мыслення, што так, сапраўды Польшча больш эканамічна развітая краіна, больш магчымасцяў для прафесійнай самарэалізацыі, вышэйшыя заробкі і ўзровень жыцця. Але паўстала пытанне, што для нас ёсць унутранай уласнаю патрэбай. Я зразумела, што для мяне патрэба – гэта місія: прасоўваць універсальныя каштоўнасці, добрыя файныя рэчы і назіраць, як пры дапамозе маёй дзейнасці, нейкай актыўнасці змяняецца атачэнне, экасістэма гораду, грамадства майго гораду.

Даведка

«Я вярнулася ўжо ў зусім іншую Беларусь, якой не пазнала»

Праз каронавірус абарона дыплому зацягнулася аж да верасня. Марыся вымушаная была некалькі разоў ездзіць з Польшчы ў Беларусь і назад. І тая краіна, якую дзяўчына пабачыла па вяртанні, шакавала яе.

– Абмінаючы ўвесь той жах, які адбыўся пасля выбараў, я вярнулася ўжо ў зусім іншую Беларусь, якой не пазнала. Для мяне гэта было такое ўнікальнае перажыванне, бо я не думала, што магчымыя такія хуткія перамены свядомасці. Я ўпусціла з віду нейкія сацыяльныя працэсы ў Беларусі, бо была больш сканцэнтраваная на сваёй польскай сацыялізацыі, таму тое, што адбылося, было для мяне вельмі рэзкім. Я ўбачыла толькі вынік трансфармацыі свядомасці і ментальнасці беларусаў. Для мяне гэта было сапраўды шокам і такой эйфарыяй, якую рэдка перажывае чалавек. І я мару, каб яно хутчэй вярнулася: гэтае адчуванне, што ты ў новым грамадстве з абсалютна адэкватнымі людзьмі, з адэкватным успрыманнем рэчаіснасці і з планамі на будучыню.

Марыся Тульжанкова.
Фота: асабісты архіў

Канчаткова пераехаць дамоў Марыся Тульжанкова здолела толькі пасля абароны дыплому – напрыканцы верасня. Гомельцам гэты час запомніўся жорсткімі рэпрэсіямі, сілавымі разгонамі мірных мітынгаў і ганеннямі мясцовых актывістаў. Пад раздачу трапіла і Марыся.

– Ужо тады з’явілася адчуванне, што на нашую сям’ю пачынаецца паляванне. Магчыма, гэтаму паспрыяла мая актыўнасць і маё вяртанне ў Беларусь, бо я была матываваная вярнуцца, каб перажываць гэтыя падзеі на радзіме. Магчыма, спрацавалі мае вандроўкі праз мяжу і бэкграўнд. І ўсё разам склалася ў галовах праваахоўнікаў у схему нейкага «лялькавода», а ўлічваючы, што, хутчэй за ўсё, у той момант яны мелі загад шукаць гэтых самых лялькаводаў, то сталі шукаць і пачалі ціснуць кропкава па тых людзях, якія маглі б адпавядаць нейкім стэрэатыпам. Паляванне на сям’ю было заўважным, бо ў маці пачаліся нейкія дзіўныя пытанні на працы, сталі падымаць ейныя архівы, участковы прыходзіў па месцы майго пражывання і цікавіўся мною рэгулярна.

Аднойчы ў кватэру дзяўчыны пагрукалі. Яна пабачыла міліцыянтаў: сказалі, што прыйшлі зрабіць ператрус. На гэта мелася і санкцыя галоўнага пракурора Гомельскай вобласці.

– Гэта была справа пра арганізацыю масавых беспарадкаў 9–10 жніўня. Пры гэтым я адсутнічала ў Гомлі ў гэты момант, і ніякіх доказаў на мяне не магло быць. Атрымалася следства наадварот: мы спачатку абшукаем, забярэм тэхніку, а потым знойдзем доказы.

Марыся Тульжанкова.
Фота: асабісты архіў

Калі Марыся спытала, што шукаюць міліцыянты, ёй адказалі, што шукаюць вялікія сумы грошай. Але ў выніку ў дзяўчыны на экспертызу забралі толькі носьбіты інфармацыі: камп’ютары, флэшкі, тэлефоны.

– Тэхніку адправілі на экспертызу. У маім выпадку, дарэчы, усё было паводле закону: усё было аформлена. Экспертыза доўжылася каля двух месяцаў. Тэхніку вярнулі ў статусе рэчавых доказаў, то бок пазбыцца я яе не магу, напрыклад, бо яе могуць у любы момант забраць для далейшых аператыўных дзеянняў.

Дзяўчыну змясцілі ў ІЧУ ў статусе падазраванай паводле артыкулу 342 («Арганізацыя масавых закалотаў»).

Праз два дні так жа раптоўна Марысю Тульжанкову выпусцілі, але адразу склалі пратакол паводле артыкулу 23.34, дзяўчына атрымала 15 содняў арышту.

– Было адчувальна, што насамрэч мяне распрацоўвалі. Я даведалася, што маю справу вядуць сямёра следчых: частка з аддзелу эканамічных расследаванняў, частка з КДБ і частка са Следчага камітэту. Мусіць, яны мелі ўжо нейкі гатовы план адносна мяне, што я буду сядзець доўга і ўпарта, але, улічваючы, што доказаў не было знойдзена, вырашылі даціснуць па 23.34.

Падчас суда Марыся папрасіла азнаёміцца з матэрыяламі справы і зразумела, што падставаю для абвінавачання стаўся здымак з плакатам, размешчаны ў СМІ.

– І да гэтага яны не паленаваліся, пашукалі відэазапісы: на той момант я была на плошчы Леніна, у справе былі скрыншоты. Натуральна, яны не сведчылі пра мой актыўны ўдзел і жаданне парушыць закон, як гэта было ў выніку сфармулявана суддзёй. Я абскарджвала гэта ўсё, але, натуральна, выніку гэта не дало.

Марыся Тульжанкова.
Фота: асабісты архіў

Крымінальную справу супраць Марысі пакуль не закрылі. Нядаўна маці Марысі выклікалі да следчага ў якасці сведкі.

– Маці праз тэлефон паведаміла, што яна не збіраецца сведчыць, але яе ўсё адно пацягнулі туды і заадно мяне выцягнулі па нейкіх фармальнасцях. Зацягваюць гэта ўсё, але я так разумею з намёкаў, што справу збіраюцца закрыць адносна мяне. Бо мне падаецца, мала хто нават там верыць у тое, што існавалі нейкія арганізатары беспарадкаў.

«Я цвяроза гляджу на сітуацыю і не веру ў тое, што ўсё гэта адкаціцца назад, як лічаць нашыя ідэолагі»

Марыся Тульжанкова праз пераслед з боку праваахоўных органаў так і не паспела забраць дыплому аб сканчэнні ВНУ. Не можа зрабіць гэтага і цяпер, бо застаецца пад падпіскай пра нявыезд. Мастачка кажа, што пакуль сканцэнтраваная на ўласным эмацыйным стане і захаванні спакою. І хоць мае шмат планаў у прасоўванні беларушчыны, але рэалізоўваць іх не бярэцца. Кажа, не надышоў час.

– Вельмі цяжка казаць пра нейкія ідэі самарэалізацыі ды нейкія новыя пачынанні, бо ў Беларусі складаная сітуацыя, пэўны пераломны момант. Таму цяжка штосьці планаваць, калі ўсё можа абрынуцца. Тым больш у такім статусе, калі такая ўвага з боку адпаведных органаў.

І другі момант: любыя формы змагання, супрацьстаяння, салідарнасці, дапамогі іншым, непадпарадкавання – гэта ўсё першаснае. Я цвяроза гляджу на сітуацыю і не веру ў тое, што ўсё гэта адкаціцца назад, як лічаць нашыя ідэолагі. Не, гэта немагчыма. Пытанне толькі ў часе, колькі гэта будзе цягнуцца. Таму любая форма супрацьстаяння – гэта выказванне сваёй нязгоды, сваёй пазіцыі, цяпер актуальная.

Гісторыі
Неймаверная Марыя Калеснікава: «Я іду да канца і я заўсёды буду ў Беларусі»
2021.02.12 10:43

Ганна Вашчанка «Белсат»

Стужка навінаў