Жыхара Лепельскага раёну асудзілі на 14 гадоў за замах на жыццё ўласнай жонкі - падклаў выбухоўку


Віцебскі абласны суд 11 студзеня асудзіў жыхара Лепельскага раёну на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за замах на наўмыснае пазбаўленне жыцця іншага чалавека – сваёй жонкі. Паводле следства, ён падклаў пад машыну сужэнцы выбуховае прыстасаванне, але яно не спрацавала.

Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду Беларусі, абвінавачаны Ш. у траўні 2021 году незаконна набыў дэтанатар і вырабіў выбуховае прыстасаванне. Пасля гэтага замацаваў яго на днішчы аўтамабіля сваёй жонкі. Зрабіў гэта, як паведамляецца, «на падставе непрыязных асабістых стасункаў з жонкай і маючы намер на яе забойства». Сцвярджаецца, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

«Забойства пацярпелай не было даведзенае да канца з незалежных ад яго абставінаў, бо самаробнае выбуховае прыстасаванне не было прыведзенае ў дзеянне праз памылковае падлучэнне правадоў», – паведамляецца.

Мужчыну прызналі вінаватым у набыцці і захоўванні выбуховых рэчываў (ч.2 арт. 295 КК), незаконным вырабе выбуховага прыстасавання (ч.3 арт. 295 КК) і ў замаху на наўмыснае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (ч. 2 арт. 139 КК). Канчаткова ён пакараны судом на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 150 базавых велічыняў.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Артыкулы
На «хіміі» ў Мазыры масава хварэюць зняволеныя, але адміністрацыя не дае іх шпіталізаваць
2022.01.10 22:43

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў