Жонкі, маці, палітвязні. 21 гісторыя герояў 2021 года


Стары Новы год – нагода яшчэ раз вярнуцца да падзеяў ужо мінулага 2021-га. Было там шмат болю і горычы, але не менш надзеі і салідарнасці. У гэтым фотападборы мы згадваем 21 гісторыю асобаў, чый лёс змяніўся пасля падзеяў беларускай рэвалюцыі. Мы, журналісты і фатографы «Белсату», удзячныя ўсім нашым былым і будучым героям публікацыяў за адвагу ды шчырасць.

Яну Арабейку, студэнтку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка затрымалі ў «чорны чацвер» 12 лістапада. Дзяўчыну абвінавацілі ў арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Суддзя Марына Фёдарава прызнала дзяўчыну вінаватай і пакарала 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. На здымку сябра Яны, Валер, збірае перадачу з патрэбных рэчаў і харчоў. На гэтым тыдні маладзён збірае асаблівую перадачу: у нядзелю 17 студзеня ў Яны дзень народзінаў. Глядзець артыкул. Менск, Беларусь. 15 студзеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Пяць гераінь з фотасерыі «Сястрычкі» – дзяўчаты, якіх затрымалі на жаночым маршы 26 верасня 2020 года і адправілі на содні ў адну турэмную камеру. Усе яны перажылі страшную падзею, якая не зламала, а, наадварот узбагаціла іх і дадала веры ў людзей. За кратамі дзяўчаты сталіся сям’ёй, дзе кожная падтрымлівае і дапамагае як можа. Дзякуючы такім жанчынам у Беларусі нарадзілася новая грамадская супольнасць – сястрынства. На здымку – Святлана, якая за кратамі сустрэла свой дзень народзінаў. Фота з праекту Belsat.PHOTODOC.
Фота: Сяргей Лескець
Дар’я і Андрэй Новікі працавалі ў дзяржаўных тэатрах і адначасова займаліся некалькімі незалежнымі тэатральнымі праектамі. 26 кастрычніка 2021 года Андрэй далучыўся да ўсеагульнай забастоўкі і звольніўся з улюбёнага РТБД. Дар’я, салістка хору Вялікага тэатру оперы і балету, цяпер у дэкрэце, але не ўпэўненая, што пасля яго заканчэння зможа працаваць побач з калегамі, якія пагражалі ёй высяленнем з кватэры. Андрэй пайшоў працаваць у таксі. У сям’і ўрэшце з’явіліся думкі пра пераезд у іншую краіну. Глядзець артыкул.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
У жніўні 2020-га ў адным з менскіх двароў з’явілася культавае месца – плошча Пераменаў. За час існавання гэты куток спазнаў розныя эмоцыі: ад радасці знаёмстваў і еднасці да жаху праз смерць Рамана Бандарэнкі і брутальнага разгону тых, хто хацеў ушанаваць ягоную памяць. Фатограф Яўген Атцецкі – жыхар плошчы Пераменаў – распавёў «Белсату», з чаго пачыналася плошча, як жыла і чым жыве цяпер. Глядзець артыкул.
Фота: Белсат
Наталья Теребиленко, мать журналистки «Белсата» Дарьи Чульцовой
Нашая калега, журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова ўжо амаль год у зняволенні. Пасля затрымання 15 лістапада 2020 года разам з Кацярынай Андрэевай падчас асвятлення акцыі на плошчы Пераменаў 24-гадовая дзяўчына прайшла праз СІЗА на Валадарскага і турму ў Жодзіне. Цяпер яна адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі. 26 кастрычніка Дар’і ўпершыню дазволілі працяглае спатканне на содні з роднымі – да яе прыехалі маці са старэйшаю сястрою. Пасля спаткання мы паразмаўлялі са спадарыняю Наталляй, маці Дар’і. Глядзець артыкул.
Фота: ПБ / Белсат
У 2020 годзе Святлана Ціханоўская сталася кандыдаткаю на прэзідэнцтва. Гэтая падзея змяніла жыццё не толькі тысяч беларусаў і Святланы, але і ейных дзяцей, блізкіх. Каманда «Белсату», журналістка Саша Альтэр і фатографка Аліса Ганчар, якая здымала Ціханоўскую падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, пагутарыла са Святланаю пра жыццё і працу ў эміграцыі, а таксама паназірала за дзейнасцю штабу ў Вільні. Здымак з адмысловага рэпартажу «Я перадаю ўвесь боль беларусаў свету».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Марина Адамович, жена Николая Статкевича
Палітык Мікалай Статкевіч – адзін з 220 беларускіх палітычных вязняў, якія апынуліся ў турме падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Лідара партыі «Народная грамада» зняволілі паводле крымінальнай справы аб арганізацыі масавых закалотаў. За гады прэзідэнцтва Лукашэнкі Мікалай Статкевіч мае ўжо чацвёртую крымінальную справу і з рознымі перапынкамі адбыў каля 8 гадоў турмы. Як і мінулымі гадамі, удома палітыка чакае жонка Марына Адамовіч. Глядзець артыкул.
Фота: Белсат
Вяселлі ў берасцейскім СІЗА № 7, на жаль, робяцца новаю традыцыяй. Свае сем’і ствараюць беларускія палітычныя вязні. У кастрычніку 2020 года распісаліся Ганна і Раман Гваздзелкі, у сакавіку 2021-га – Святаслаў і Таццяна Герасімукі, а ў красавіку створаная сям’я Яўгеніі ды Віктара Панцялеевых. На іхным вяселлі пабывалі і журналісты «Белсату». Глядзець артыкул.
Фота: МХ / Белсат
Палітычны вязень Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра кіравання незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі, ужо тры месяцы застаецца за кратамі праз гэтак званую справу палякаў. Яму прапанавалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу, аднак ён адмовіўся. Цяпер умовы ягонага ўтрымання значна пагоршыліся, журналіст захварэў на ковід, а родныя не могуць дабіцца хоць нейкіх звестак пра ягоны стан здароўя. Журналісты «Белсату» паразмаўлялі з бацькамі палітычнага вязня. Глядзець артыкул.
Фота: МК / Белсат
Ігар Лосік двойчы галадаваў за кратамі. Першы раз пратрымаўся без ежы, толькі на вадзе і электралітных напоях, 42 дні. Другі раз наважыўся галадаваць насуха, пра што абвесціў 11 сакавіка. Спыніў галадаванне праз чатыры дні. Да адчайнага кроку Ігара падштурхнула новае абвінавачанне, пра якое дасюль нічога не вядома нават жонцы палітвязня Дар’і. «Белсат» паразмаўляў з Дар’яй пасля таго, як яна з адвакатам з’ездзіла да Ігара. Глядзець артыкул.
Фота: Белсат
Вікторыя Паўлюшчык – жонка палітычнага вязня Максіма Паўлюшчыка. Яны пабраліся шлюбам 3 лютага 2021 года ў СІЗА. Максіму прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму за надпіс на асфальце «Не забудзем» каля станцыі метро «Пушкінская»: ён і Марыя Бабовіч напісалі гэта ў гонар Аляксандра Тарайкоўскага, якога сілавікі застрэлілі 10 жніўня (Марыі далі 1,5 года хатняй «хіміі»). Адмыслова да 14 лютага 2021 года «Белсат» папрасіў Вікторыю распавесці пра іхную з Максімам гісторыю кахання. Глядзець артыкул.
Фота: ТК / Белсат
У красавіку 1991 года ў Беларусі адбыўся страйк, які ўвайшоў у гісторыю як самы масавы выступ рабочых у змаганні за свае палітычныя правы. Ён пачаўся з рэгіёнаў і ахапіў дзясяткі працоўных калектываў у розных гарадах Беларусі. Як гарадзенскія працоўныя хісталі рэжым у 90-х і чаму не ўдалася забастоўка цяпер, «Белсату» распавёў мэтр працоўнага руху Горадні Анатоль Хацько. Глядзець артыкул.
Фота: Белсат
Сергей Крупенич и Анастасия Крупенич-Кондратьева провели на Окрестино 224 дня на двоих за репосты в личной переписке из «экстремистских телеграм-каналов»
Менчукі Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева правялі на Акрэсціна 3,5 месяца за перасыланне адно аднаму ў Telegram навінаў з каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі. 5 лістапада сужэнцаў судзілі дзявяты раз. Сяргей настройваўся, што на волю яны выйдуць толькі ў лютым. Аднак іх з Настаю нечакана адпусцілі ў дзень апошняга суда. Цягам двух дзён менчукі з’ехалі з Беларусі. Цяпер наладжваюць новае жыццё ў Варшаве, адкуль і распавялі нам сваю гісторыю.
Фота: Белсат
«За што мяне затрымліваць? Я нічога кепскага не зрабіла», – так казала родным на свой дзень народзінаў Ірэна Бярнацкая, кіраўніца лідскага аддзялення незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі. 24 сакавіка ёй споўнілася 55 гадоў, а на наступны дзень, 25 сакавіка, да яе дадому прыйшлі сілавікі. Пасля ператрусу Ірэну прывезлі ў Менск, на допыт у Следчы камітэт, і пакінулі пад вартай у СІЗА № 1. Як і іншых чальцоў Рады СПБ, яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Дачка Ірэны, Вераніка Півута, распавяла «Белсату», што адбывалася ў сям’і падчас перабывання маці ў СІЗА. Глядзець артыкул.
Фота: Белсат
Праект «Аблічча жаночага пратэсту» ўзнік стыхійна ў адной з кіеўскіх кватэраў для беларускіх уцекачоў. Так склалася, што ў адным месцы сустрэліся жанчыны, якія ўмеюць шыць, маляваць і разбіраюцца ў модзе. Мы распыталі іх пра асабістыя гісторыі і тое, чаму яны пастанавілі ўзяцца за прыгожыя сукенкі, калі ім выпала перажыць столькі складанасцяў. Глядзець артыкул.
Фота: ЯА / Белсат
На момант гэтай публікацыі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі ўжо 423 дні. Кацярыну Андрэеву этапавалі ў жодзінскую турму 17 сакавіка 2021 года. Этап трываў цэлую ноч і завершыўся толькі раніцаю: спачатку яе ды іншых вязняў давезлі аўтазакам да чыгуначнай станцыі, адтуль у «сталыпінскіх» вагонах адправілі ў Жодзіна, а з жодзінскага вакзалу да турмы зноў везлі ў аўтазаках. На наступны дзень пасля этапавання муж журналісткі Ігар Ільяш завёз ёй у турму перадачу. Глядзець артыкул. На гэты момент нашыя каляжанкі застаюцца ў гомельскай калоніі.
Фота: Белсат
З пачатку жніўня шмат якія сусветныя медыі публікуюць гісторыі пацярпелых людзей з Беларусі, падымаючы тэмы фізічнага і сексуальнага гвалту, але практычна не гавораць, як рэпрэсіі рэжыму паўплывалі на эмацыйны стан людзей. Аўтаркі праекту «Нябачная траўма» правялі серыю інтэрв’ю з людзьмі, якія пацярпелі ад псіхічнага гвалту. Іхныя гісторыі, дапоўненыя фотаматэрыяламі, можна прачытаць тут. На здымку – Глеб, фатограф і дзеяч мастацтва. Маладзён цяжка перажываў сітуацыю ў краіне яшчэ з пачатку крызісу праз ковід, а пасля выбараў уцягнуўся ў актыўную пратэставую дзейнасць. Цяпер Глеб жыве ў Польшчы.
Фота: Леся Пчолка / Белсат
«Прывітанне, мяне завуць Ісус», – на беларускай вечарыне ў Варшаве да аўтаркі «Белсату» падышоў хлопец з даўгімі валасамі і рудою барадою. Спачатку яна падумала, што гэта проста эпатажны дзівак, але калі ён распавёў сваю гісторыю, журналістка зразумела, чаму ён называе сябе Ісусам. Глядзець артыкул.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Бывший политзаключенный Дмитрий Фурманов
Дзмітрый Фурманаў стаiць на гаўбцы кіеўскай кватэры. Ён былы палітычны вязень, якога асудзілі ў «справе Ціханоўскага». Дзмітрыя затрымалі 29 траўня 2020 года на пікеце ў Горадні і абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Маладзёну далі 2 гады калоніі, у кастрычніку 2021-га ён выйшаў на волю і пакінуў Беларусь. Мы паразмаўлялі з ім у Kieве.
Фота: ЯА / Белсат
Напярэдадні 15-й гадавіны разгону Плошчы-2006 «Белсат» паразмаўляў з удзельнікамі акцыяў 2010 і 2020-га гадоў, каб зразумець, як выбары змушалі беларусаў з’язджаць з краіны. На здымку – Міхась Хасіневіч, актывіст БДМУ, адзін з адміністратараў тэлеграм-каналу «Рупар БДМУ», які пакінуў Беларусь. Глядзець артыкул.
Фота: Анастасія Уласава/ Белсат
Максім Знак – самы круты палітычны вязень: ён можа бачыцца з жонкаю ледзь не штодня. Надзея – адна з ягоных адвакатаў, таму справы, побыт і стан мужа «вядзе» асабіста: «Мая галоўная роля – падтрымліваць ягоны добры настрой і бадзёры дух, а потым, ясна, рабіць тое, што робяць адвакаты». У касцюмах і на абцасах яна носіць перадачы ды ходзіць на сустрэчы са зняволеным мужам, а пасля едзе да сваіх кліентаў. Мы пагаварылі з Надзеяй Знак, як яна перажывае апошнія месяцы, дзе Максім знайшоў сабе ўжытак у турме ды які падарунак іхны сын папрасіў на дзень народзінаў. Глядзець артыкул.
Фота: ТК / Белсат

СА, belsat.eu

Стужка навінаў