Польшча не плануе адкрываць пункт пропуску «Кузніца» з-за рызыкі павелічэння плыні мігрантаў


Польскія памежнікі не лічаць, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы стабілізавалася. Штодня мігранты працягваюць спробы трапіць на тэрыторыю Польшчы, хоць і ў меншай колькасці. У сувязі з тым, што захоўваецца рызыка павелічэння міграцыйнай плыні ўвесну, «Кузніцу» пакуль адкрываць не плануецца. Пра гэта распавёў камандзір Падляшскага памежнага аддзелу Анджэй Якубашэк у інтэрв’ю «Polskie Radio Bialystok».

Паводле польскага памежніка, каб аднавіць рух праз «Кузніцу», трэба, каб адначасова былі выкананыя дзве ўмовы: спакойная абстаноўка на дадзеным участку мяжы і адсутнасць рызыкі, што мігранты будуць масава штурмаваць мяжу.

«Мы не можам упэўнена сказаць, што сітуацыя стабілізавалася. Так, лічбы спробаў нелегальнага пераходу мяжы меншыя, аднак пашыралася геаграфія месцаў, у якіх здзяйсняюцца гэтыя спробы», – распавёў Анджэй Якубашэк пра абстаноўку на мяжы.

Hавiны
Frontex: летась мяжу Беларусі з Еўразвязам незаконна пераходзілі амаль 8 тысяч разоў
2022.01.12 09:02

Крыху змяніўся «партрэт мігранта», кажа Якубашэк. Цяпер гэта мужчыны, і ўсё часцей не толькі сірыйцы і іракцы – іх усё менш, але і палестынцы, грамадзяне Егіпту і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Hавiны
Караеў заявіў, што мігранты не адмаўляюцца ад планаў перайсці мяжу
2022.01.07 13:58

Акрамя таго, у памежнай аховы Польшчы ёсць звесткі, што на тэрыторыі Беларусі ўсцяж знаходзіцца значная лічба мігрантаў з Усходу.

«У нас ёсць інфармацыя, што ў лагістычным цэнтры на беларускім баку знаходзяцца мігранты, у Горадні знаходзяцца мігранты, недалёка ад памежнага пераходу «Кузніца» знаходзяцца мігранты. Таксама, па нашым меркаванні, не адбылося значных зменаў з таго моманту, калі памежны пераход у Кузніцы быў закрыты», – кажа Анджэй Якубашэк.

Інтэрв’ю
«Лукашэнка штучна стварыў праблему, ён яе штучна можа і вырашыць». Былыя дыпламаты пра міграцыйны крызіс
2022.01.04 07:40

Польскія памежнікі непакояцца, што існуе рызыка, што ўчастак у раёне Кузніцы можа стаць адным з традыцыйных шляхоў нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз.

Польшча закрыла рух праз прапускны пункт «Кузніца» 9 лістапада, калі пераход спрабавалі штурмаваць тысячы мігрантаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў