«Атака на Украіну павялічвае рызыку для Польшчы, краінаў Балтыі і Малдовы»


Улады ў Кіеве ўважліва сочаць за хадою перамоваў паміж прадстаўнікамі Захаду і Расеі. Пры гэтым яны спадзяюцца, што прынцып «нічога пра нас без нас» захаваецца. З Кіева для «Белсату» піша Пётр Пагажэльскі.

Аб’ектыў
Ці будуць беларусы ваяваць з Украінай?
2021.12.31 21:35

Зімовы Кіеў зусім не нагадвае сталіцу краіны, якая рыхтуецца да вайны. У горадзе надалей працягваюцца навагоднія кірмашы, а снег, які ідзе ўжо некалькі дзён, насцярожвае больш, чым магчымая эскалацыя на ўсходзе краіны. Аднак калі заходзіць у дзяржаўныя кабінеты, то вайна і палітыка Масквы – самыя важныя тэмы. Увесь час працягваюцца кансультацыі Уладзіміра Зяленскага, або прадстаўнікоў МЗС з заходнімі партнёрамі. У неафіцыйных размовах чыноўнікі згадваюць дэкларацыі намесніка кіраўніка Дзярждэпартаменту ЗША Ўэндзі Шэрмэн. Яна запэўніла, што прынцып «нічога пра Украіну без Украіны» і «нічога пра NATO без NATO» захаваецца.

Ці будзе вайна?

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак, які лічыцца другім чалавекам у краіне пасля свайго кіраўніка, прымае журналістаў з Польшчы, Нямеччыны і Францыі ў кабінеце, які больш нагадвае пакой кіраўніка камп’ютарнай карпарацыі, чым чыноўніка ў дзяржаве былога СССР. Размаўляе ён па чарзе на ўкраінскай, расейскай і англійскай мовах.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
Фота: president.gov.ua

Аднак ні на адной з гэтых моваў ён не хоча адказаць на пытанне, будзе вайна ці не.

«Гэта вядома толькі галовам тых людзей, якія могуць прыняць такое вар’яцкае і абсалютна безадказнае рашэнне», – кажа ён.

Прадстаўнік Украіны запэўнівае, што Украіна гатовая да магчымай эскалацыі.

«Больш за восем гадоў мы жывем у стане вайны. На нашай зямлі няма міру, нашыя тэрыторыі акупаваныя. Нашыя грамадства і армія застаюцца гатовымі да правакацыяў. Магчыма, што нашая краіна ніколі не дазволіць сабе не думаць пра войска і не мець суперпрафесійнай арміі», – дадае ён.

Андрэй Ярмак звяртае ўвагу на тое, што магчымая атака на Украіну будзе мець наступствы для ўсёй Еўропы і ўсіх краінаў NATO.

«Толькі мы, краіны былога СССР, разумеем, што калі нешта здарыцца з Украінай, то рызыка для Польшчы, краінаў Балтыі і Малдовы ўзрасце. Гэтыя краіны і сёння не пачуваюцца бяспечна», – падкрэслівае ён.

Ярмак таксама адзначае, што ў Кіева вельмі добрыя стасункі з Варшавай, Вільняй, а таксама з заходнімі партнёрамі. На думку кіраўніка Офісу прэзідэнта, саміт у нармандскім фармаце (лідараў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі) павінен адбыцца як мага хутчэй, але ці адбудзецца ён, залежыць ад сустрэчы палітычных дарадцаў, якая можа адбыцца яшчэ ў гэтым месяцы.

Калі вайна, то якая?

Сяргей Гармаш, журналіст і сябра трохбаковай менскай групы (ён абмяркоўвае з прадстаўнікамі Расеі, АБСЕ і сепаратыстаў практычныя пытанні, якія неабходна вырашыць у сувязі з канфліктам на Данбасе) не прагназуе маштабнага канфлікту на ўсходзе.

«Я баюся, што Пуцін з помсты за дрэнныя вынікі перамоваў у Жэневе і Бруселі пачне захады супраць Украіны, асабліва ў Данецкай вобласці. Ён зробіць гэта рукамі сепаратыстаў, спадзеючыся, што такім чынам пазбегне магчымых санкцыяў», – кажа ён «Белсату».

Але пакуль, на думку Сяргея Гармаша, Пуцін можа быць задаволеным.

«Захад цешыць Пуціна самім фактам, што з ім селі за стол перамоваў. Дзякуючы ім ён адчувае сябе моцным, роўным ЗША. Ён дасягнуў уласнай мэты, быў прызнаны супердзяржавай», – звяртае ўвагу эксперт.

У Кіеве таксама ёсць страх дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі. Прадстаўнікі ўладаў кажуць тут найперш пра энергетычны рынак, энергія таксама даражэе ва Украіне. Як наступства, можа ўспыхнуць сацыяльная незадаволенасць.

Hавiны
Байдэн паабяцаў Зяленскаму рашучы адказ у выпадку ўварвання Расеі ва Украіну
2022.01.03 09:54

Сваю ролю ў гэтым могуць адыграць і алігархі, напрыклад, самы багаты з іх Рынат Ахметаў, з якім Уладзімір Зяленскі пэўны час вядзе ўласную вайну.

Мікалай Сямёна, крымскі журналіст радыё «Свабода», які вымушаны быў пакінуць паўвыспу з-за пераследу незалежных медыяў з боку Крамля, лічыць, што Уладзімір Пуцін зрабіў памылку, патрабуючы ад Захаду вярнуцца ў зоны ўплыву, вядомыя яшчэ з савецкага часу.

«Пуцін сваім ультыматумам стрэліў сам сабе ў нагу, бо ён атрымае рэальны адказ, і пачнецца канец пуцінізму на сусветнай арэне», – падкрэслівае журналіст у інтэрв’ю «Белсату».

Але перш чым скончыцца «пуцінізм», Украіна вучыцца жыць з расейскай пагрозай. На думку многіх суразмоўцаў, нарастанне вайсковай напружанасці на яе межах не хутка скончыцца, а ўзмацненне вайсковай прысутнасці зробіцца элементам, які Расея будзе пастаянна выкарыстоўваць для ціску не толькі на Украіну, але таксама і на NATO.

З Кіева Пётр Пагажэльскі, belsat.eu

Стужка навінаў