Адукацыя стала даражэйшая


У некаторых універсітэтах студэнты будуць плаціць за вучобу нават на 20–30% больш.

Гэтак, у Акадэміі кіравання пры прэзідэнту РБ у сярэднім за год навучання цяпер давядзецца заплаціць 5,17 млн руб. “Аплата ўзрасла на 20% з-за таго, што павысілася стаўка першага разраду, адбыўся рост тарыфаў на цяпларэсурсы і ваду. Таксама нельга забывацца на інфляцыю. Мы былі вымушаныя адрэагаваць на такія фінансавыя выклікі, таму павысілі кошт за навучанне”, – адзначылі ў рэктараце ВНУ.

Павышэнні таксама закранулі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі ды радыёэлектронікі. Студэнт 5-га курсу Руслан Багін у інтэрв’ю “Белсату” паведаміў, што павышэнне аплаты было раптоўным. “За той час, што я навучаюся, гэта ўжо пятае павышэнне. Паводле першапачатковай дамовы я мусіў штогод плаціць каля 3 млн руб. Зараз сума павялічылася да 4,3 млн руб.”.

Галоўны аргумент кіраўніцтва ўніверсітэтаў – павышэнне тарыфнай стаўкі.

Нагадаем, што тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы працаўнікоў бюджэтнай сферы ў 2010 годзе павышалася тройчы. Эканамісты называлі такія павышэнні папулісцкімі, разлічанымі на давер электарату падчас выбараў прэзідэнта.

Паводле абяцанняў ураду, да 2015 года сярэдні заробак мае дасягнуць у эквіваленце $1000. Таму наўрад ці варта чакаць зніжэння аплаты за навучанне.

belsat.eu

Стужка навінаў